Мацьвея 10 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І, паклíкаўшы двана́ццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі ду́хамі, каб выганя́ць іх, і ацаля́ць усякую хваробу і ўсякую не́мач.
Паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, Ён даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач.
А імёны двана́ццаці Апосталаў такія: першы Сíман, якога называюць Пятром, і Андрэй, брат яго, Іакаў Зевядзе́еў і Іаан, брат яго,
Імёны ж дванаццаці Апосталаў такія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якуб Зэбэдэеў і Ян, брат ягоны,
Філіп і Варфаламей, Фама і Матфей мы́тнік, Іакаў Алфееў і Леўве́й, празва́ны Фадзе́ем,
Філіп і Барталамей, Тамаш і мытнік Мацвей, Якуб Алфееў і Тадэвуш,
Сíман Кананíт і Іуда Іскарыёт, які і здра́дзіў Яму.
Сымон Кананэец і Юда Іскарыёт, які і выдаў Яго.
Гэтых двана́ццаць паслаў Іісус і наказа́ў ім, гаворачы: на шлях язычнікаў не ідзіце і ў горад Самара́нскі не ўваходзьце;
Гэтых Дванаццаць паслаў Езус, наказваючы ім: «На шлях язычнікаў не ўзыходзьце і ў гарады самарыйскія не ўваходзьце.
А ідзіце найперш да загíнуўшых авечак дому Ізра́ілевага.
Але перадусім ідзіце да загубленых авечак з дому Ізраэля.
І ходзячы, прапаведуйце, што наблíзілася Царства Нябеснае.
Ідзіце і абвяшчайце, кажучы: “Наблізілася Валадарства Нябеснае”.
Хворых ацаля́йце, пракажоных ачышча́йце, мёртвых уваскраша́йце, дэманаў выганя́йце. Да́рам атрыма́лі, да́рам дава́йце.
Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Задарма атрымалі, задарма давайце.
Не бярыце з сабою ні золата, ні срэ́бра, ні медзі ў паясы́ свае,
Не бярыце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае,
ні торбы ў дарогу, ні дзвюх адзежын, ні абутку, ні посаха. Бо працаўнíк ва́рты мець на пражы́так сабе.
ні торбы ў дарогу, ні дзвюх вопратак, ні сандаляў, ні кія. Бо варты працаўнік сваёй стравы.
У які б горад ці пасе́лішча вы ні ўвайшлі, даве́дайцеся, хто ў ім дастойны, і там застава́йцеся, пакуль не вы́йдзеце.
У які б горад ці вёску вы ні ўвайшлі, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце.
А ўваходзячы ў дом, віта́йце яго, ка́жучы: мір дому гэтаму.
А ўваходзячы ў дом, прывітайце яго.
І калі дом будзе дастойны, то сы́дзе мір ваш на яго; калі ж не будзе дастойны, то мір ваш да вас ве́рнецца.
Калі дом будзе годны, то няхай сыдзе спакой ваш на яго. Калі ж не будзе годны, то спакой ваш вернецца да вас.
А калі хто не пры́ме вас і не паслухаецца слоў вашых, то, выходзячы з дому, альбо з горада таго, абтрасíце пыл з ног вашых.
А калі хто не прыме вас і не паслухаецца словаў вашых, то, выходзячы з дому або з горада таго, атрасіце пыл з ног вашых.
Праўду кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садо́мскай і Гамо́рскай у дзень су́дны, чым гораду таму.
Сапраўды кажу вам, лягчэй будзе зямлі Садомы і Гаморы ў дзень суда, чым гэтаму гораду.
Вось, я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў: дык вось, будзьце му́дрыя, як зме́і, і простыя, як галубы́.
Вось Я пасылаю вас, як авечак паміж ваўкоў. Таму будзьце разважлівыя, як змеі, і простыя, як галубы.
Сцеражы́цеся ж людзей: бо яны будуць аддаваць вас на судзíлішчы і ў сінагогах сваіх будуць біць вас,
Асцерагайцеся людзей, бо вас будуць аддаваць у суды і ў сінагогах сваіх будуць біць вас.
і павядуць вас да правíцеляў і да цароў за Мяне, на све́дчанне перад імі і язычнікамі.
Павядуць вас да намеснікаў і да каралёў за Мяне дзеля сведчання перад імі і язычнікамі.
Калі ж будуць выдава́ць вас, не турбу́йцеся, я́к ці што́ сказаць; бо да́дзена будзе вам у той час, што́ сказаць.
Калі ж будуць выдаваць вас, не турбуйцеся, як або што сказаць, бо дадзена будзе вам у тую гадзіну, што сказаць.
Бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.
Бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.
І вы́дасць брат брата на смерць, і бацька — дзіця; і паўста́нуць дзеці на бацькоў і заб’юць іх.
Брат выдасць брата на смерць, і бацька дзіця; і паўстануць дзеці супраць бацькоў, і заб’юць іх.
І будзеце зненавíджаныя ўсімі за імя́ Маё; але хто вы́трывае да канца, той спасёны будзе.
Усе будуць ненавідзець вас за імя Маё. Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
Калі ж будуць вас гнаць у адным горадзе, уцяка́йце ў другі. Бо праўду кажу вам: не паспееце абысцí гарадоў Ізра́ілевых, як пры́йдзе Сын Чалавечы.
Калі вас будуць пераследаваць у гэтым горадзе, пераходзьце ў другі. Сапраўды кажу вам, што не пройдзеце гарадоў Ізраэля, як прыйдзе Сын Чалавечы.
Вучань не вышэйшы за настаўніка, і слуга не вышэйшы за гаспадара свайго.
Вучань не вышэйшы за настаўніка, і слуга не вышэйшы за гаспадара свайго.
Даволі вучню, каб ён быў, як настаўнік яго, і слузе — як гаспадар яго. Калі гаспадара дома назвалі веельзеву́лам, ці не тым больш дамашніх яго?
Вучню дастаткова быць як настаўнік ягоны, а слугу — як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дому назвалі Бэльзэбулам, то тым больш так назавуць хатніх яго.
Дык вось, не бойцеся іх: бо няма нічога схава́нага, што не адкрылася б, і тае́мнага, што не стала б вядомым.
Не бойцеся іх, бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і патаемнага, што б не стала вядомым.
Што́ кажу вам у цемры, кажы́це пры святле́; і што́ на ву́ха чу́еце, прапаве́дуйце з дахаў.
Што кажу вам у цемры, гаварыце пры святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах.
І не бойцеся тых, што забіваюць це́ла, але ж душы́ забіць не могуць; бойцеся ж болей таго, хто можа і душу́, і це́ла загубíць у гее́не.
Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а больш бойцеся таго, хто можа душу і цела загубіць у геене.
Ці ж не два вераб’і прадаюцца за аса́рый? І ніводны з іх не ўпадзе́ на зямлю́ без волі Айца вашага.
Ці ж не два вераб’і прадаюцца за ас? І ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага.
А ў вас і валасы́ на галаве ўсе палíчаны.
У вас жа і валасы на галаве палічаны.
Таму не бойцеся: вы больш ва́ртыя, чым мноства вераб’ёў.
Таму не бойцеся: вы вартыя больш за мноства вераб’ёў.
Дык вось, кожнага, хто вы́знае Мяне перад людзьмí, таго вы́знаю і Я перад Айцом Маім, Які на нябёсах.
Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах.
А хто адрачэ́цца ад Мяне перад людзьмí, ад таго адраку́ся і Я перад Айцом Маім, Які на нябёсах.
А хто адрокся б ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах.
Не думайце, што Я прыйшоў прыне́сці мір на зямлю; не мір прыйшоў Я прыне́сці, а меч.
Не думайце, што Я прыйшоў прынесці спакой на зямлю. Не спакой прыйшоў Я прынесці, а меч.
Бо Я прыйшоў аддзялíць чалавека ад ба́цькі яго, і дачку́ ад маці яе, і нявестку ад свекрывí яе.
Бо Я прыйшоў паставіцьчалавека супраць бацькі ягонага,і дачку супраць маці яе,і нявестку супраць свекрыві яе;
І ворагі чалавеку — дамашнія яго.
і будуць ворагамі чалавеку хатнія ягоныя.
Хто лю́біць бацьку ці маці больш за Мяне, той не ва́рты Мяне; і хто лю́біць сы́на ці дачку́ больш за Мяне, той не ва́рты Мяне.
Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, не варты Мяне. І хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, не варты Мяне.
І хто не бярэ крыжа́ свайго і не ідзе следам за Мною, той не ва́рты Мяне.
І хто не бярэ крыжа свайго, а ідзе за Мною, той не варты Мяне.
Хто зберагае душу́ сваю, той загу́біць яе; а хто загубíў душу́ сваю дзе́ля Мяне, той зберажэ́ яе.
Хто знайшоў жыццё сваё, страціць яго. А хто страціў жыццё сваё дзеля Мяне, знойдзе яго.
Хто прыма́е вас, той Мяне прыма́е; а хто прыма́е Мяне, прыма́е Таго, Хто паслаў Мяне.
Хто прымае вас, Мяне прымае. А хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне.
Хто прыма́е прарока ў імя́ прарока, той узнагароду прарокаву атрыма́е; і хто прыма́е праведніка ў імя́ праведніка, той узнагароду праведнікаву атрыма́е.
Хто прымае прарока ў імя прарока, атрымае ўзнагароду прарока. І хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, атрымае ўзнагароду справядлівага.
І хто напо́іць аднаго з малы́х гэтых толькі чашай халоднай вады ў імя́ вучня, праўду кажу вам, той не стра́ціць узнагароды сваёй.
І хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады як вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй».