1 Яна 4 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Узлю́бленыя! не кожнаму ду́ху ве́рце, а выпрабо́ўвайце ду́хаў, ці ад Бога яны, таму што многа лжэпраро́каў з’явíлася ў све́це.
Умілаваныя, не кожнаму духу верце, але правярайце духаў, ці яны ад Бога, бо шмат ілжэпрарокаў з’явілася на свеце.
Духа Божага пазнава́йце так: кожны дух, што вызнае́ Іісуса Хрыста, Які прыйшоў у плоці, ёсць ад Бога;
Па гэтым распазнаеце Божага Духа: кожны дух, які вызнае, што Езус Хрыстус прыйшоў у целе, ёсць ад Бога.
а кожны дух, што не вызнае́ Іісуса Хрыста, Які прыйшоў у плоці, не ёсць ад Бога, а гэта дух анты́хрыста, пра якога вы чу́лі, што ён пры́йдзе, і ён цяпер ужо ў све́це.
І кожны дух, які не вызнае Езуса, той не ад Бога; гэта дух антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыйдзе і цяпер ужо ёсць на свеце.
Дзеткі! вы ад Бога, і вы перамаглí іх; бо Той, Хто ў вас, бо́льшы за таго́, хто ў свеце.
Дзеці, вы ад Бога, таму перамаглі іх, бо той, хто ў вас, большы за таго, хто ў свеце.
Яны ад свету, таму і гаво́раць так, як гаворыць свет, і свет слу́хае іх.
Яны са свету, таму і гавораць так, як свет, і свет слухае іх.
Мы ад Бога; хто зна́е Бога, той слу́хае нас; хто не ад Бога, той не слу́хае нас. Па гэтым пазнаём ду́ха íсціны і ду́ха маны́.
Мы ад Бога. Хто ведае Бога, слухае нас, хто не ад Бога, той не слухае нас. Па гэтым і пазнаём духа праўды і духа фальшу.
Узлю́бленыя! дава́йце бу́дзем любíць адзін аднаго́, таму што любоў ад Бога, і кожны, хто лю́біць, той наро́джаны ад Бога і зна́е Бога;
Умілаваныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога.
хто не лю́біць, той не спазна́ў Бога, таму што Бог ёсць любоў.
Хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў.
Любоў Божая да нас адкры́лася ў тым, што Бог пасла́ў у свет Сы́на Свайго Адзінаро́днага, каб мы атрыма́лі жыццё праз Яго.
Любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго.
У тым любоў, што не мы ўзлюбíлі Бога, а Ён узлюбíў нас і пасла́ў Сы́на Свайго як уміласціўле́нне за грахí нашы.
У тым выявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён сам палюбіў нас і паслаў свайго Сына як уміласціўленне за нашыя грахі.
Узлю́бленыя! калі так узлюбíў нас Бог, то і мы павíнны любíць адзін аднаго́.
Калі Бог так палюбіў нас, дык і мы павінны любіць адзін аднаго.
Бога ніхто ніколі не ба́чыў; калі мы лю́бім адзін аднаго́, то Бог знахо́дзіцца ў нас, і любоў Яго ў нас даскана́лая.
Бога ніхто ніколі не бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая.
Мы пазнаём, што знахо́дзімся ў Ім і Ён у нас, па тым, што ад Духа Свайго Ён даў нам.
Па тым пазнаём, што мы жывём у Ім, а Ён у нас, што Ён даў нам ад свайго Духа.
І мы ба́чылі і све́дчым, што Айцец пасла́ў Сы́на Спасíцелем све́ту.
І мы бачылі, і сведчым, што Айцец паслаў Сына, Збаўцу свету.
Хто вызнае́, што Іісус — Сын Божы, у тым знахо́дзіцца Бог, і ён у Богу.
Хто вызнае, што Езус — Сын Божы, у тым жыве Бог, а ён — уБогу.
І мы спазна́лі і вераю прынялí любоў, якую Бог ма́е да нас. Бог — гэта любоў, і хто знахо́дзіцца ў любо́ві, той знахо́зіцца ў Богу, і Бог у ім.
І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог. Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.
Любоў такой даскана́ласці дасяга́е ў нас, што мы будзем мець адва́гу ў дзень суда́, бо які Ён, такія і мы ў све́це гэтым.
У тым любоў дасканалая ў нас, што мы маем адвагуў дзень суда, бо які Ён, такія і мы ў гэтым свеце.
У любо́ві няма стра́ху, а даскана́лая любоў праганя́е страх, бо ў стра́ху ёсць пакара́нне; і хто баіцца, той недаскана́лы ў любо́ві.
У любові няма страху, але дасканалая любоў праганяе страх, бо страх ёсць з-за боязі перад пакараннем; хто баіцца, той недасканалы ў любові.
Мы лю́бім Яго, бо Ён першы ўзлюбíў нас.
Мы любім Бога, бо Ён першы палюбіў нас.
Калі хто кажа: «я люблю Бога», а бра́та свайго ненавíдзіць, то ён ілгу́н; бо хто не лю́біць бра́та свайго, якога ба́чыць, як можа любíць Бога, Якога не ба́чыць?
Калі б хто сказаў: «Я люблю Бога», а брата свайго ненавідзіць, ёнілгун, бо той, хто не любіць свайго брата, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць.
І мы ма́ем ад Яго такую за́паведзь, каб той, хто лю́біць Бога, любíў і бра́та свайго.
І мы маем ад Яго такую запаведзь, каб той, хто любіць Бога, любіў і свайго брата.