Мацьвея 11 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

І ста́лася, калі закончыў Іісус настаўле́нні двана́ццаці вучням Сваім, Ён перайшоў адтуль вучы́ць і прапаве́даваць у гарадах іх.
 
І сталася, як скончыў Езус загадываць дванаццацём сваім вучням, пайшоў аддуль, каб вучыць і абвяшчаць у іншых гарадох.

А Іаан, пачуўшы ў цямнíцы пра дзе́і Хрыстовы, паслаў двух вучняў сваіх
 
А Ян, калі пачуў у вязьніцы аб чынах Хрыстовых, паслаўшы двух з вучняў сваіх,

сказаць Яму: ці Той Ты, Які ма́е прыйсцí, ці чакаць нам другога?
 
сказаў яму: Ці ты той, хто мае прыйсьці, ці чакаць нам другога?

І сказаў ім Іісус у адказ: ідзіце, скажы́це Іаану, што́ вы чу́еце і ба́чыце:
 
І адказваючы Езус сказаў ім: Пайшоўшы, раскажэце Яну, што вы чулі і бачылі:

сляпыя робяцца віду́шчымі і кульга́выя ходзяць, пракажо́ныя ачышча́юцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскраса́юць, і ўбогія дабраве́сцяць;
 
Сьляпыя відзяць, кульгавыя ходзяць, пракажаныя робяцца чыстымі, глухія чуюць, умерлыя ўскрасаюць, убогім абвяшчаецца эванэлія.

і блажэнны, хто не ўсумнíцца ўва Мне.
 
І багаслаўлены, хто ня будзе горшыца з мяне.

Калі ж пайшлі яны, Іісус пачаў гаварыць народу пра Іаана: што́ глядзець хадзілі вы ў пусты́ню? ці не трысцíну, ве́трам калыха́ную?
 
Калі-ж яны адыйшлі, пачаў Езус гаварыць да грамадаў аб Яне: Што вы выйшлі ў пустыню ўбачыць? Трысьціну, што хістаецца ад ветру?

Што́ ж глядзець хадзілі вы́ чалавека, убра́нага ў мяккае адзе́нне? Але тыя, што носяць мяккае адзе́нне, жывуць у харо́мах царскіх.
 
Што-ж вы выйшлі ўбачыць? Чалавека адзетага ў мяккае адзеньне? Вось тыя, што адзяюцца ў мяккае адзеньне, прабываюць у каралеўскіх дамох.

Што́ ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, і больш, чым прарока.
 
Што-ж вы выйшлі ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і болей чым прарока.

Бо ён той, пра каго напíсана: «вось, Я пасылаю Ангела Майго перад аблíччам Тваім, які падрыхту́е шлях Твой перад Табою».
 
Бо гэта той, аб каторым напісана: «Вось я пасылаю анёла майго перад воблікам тваім, які прыгатуе шлях твой перад табою» (Мал. 3:1).

Праўду кажу вам: сярод наро́джаных жанчынамі не паўстава́ў бо́льшы за Іаана Хрысцíцеля; але меншы ў Царстве Нябесным бо́льшы за яго.
 
Сапраўды кажу вам: паміж роджаных жанчынамі не паўстаў большы за Яна Хрысьціцеля; але найменшы ў каралеўстве нябесным ёсьць большым за яго.

Ад дзён жа Іаана Хрысцíцеля да сёння Царства Нябеснае дасяга́ецца сілаю, і тыя, што сілу ўжыва́юць, здабыва́юць яго.
 
Ад дзён-ж Яна Хрысьціцеля аж да цяпер каралеўства нябеснае гвалт церпіць і гвалтаўнікі вырываюць яго.

Бо ўсе прарокі і закон да Іаана прарочылі.
 
Бо ўсе прарокі і закон прарочылі ад да Яна;

І калі хочаце прыня́ць, ён ёсць Ілія́, які ма́е прыйсцí.
 
і калі хочаце прыняць, ён ёсьць Гальяш, каторы мае прыйсьці.

Хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе.
 
Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

З кім жа параўна́ю род гэты? Падобны ён да дзяцей, якія сядзяць на рынку і, звярта́ючыся да тава́рышаў сваіх,
 
Да каго-ж я прыраўную гэты род? Ён падобны да хлапчанят, што седзячы на рынку, крычаць да сваіх равесьнікаў,

кажуць: «мы ігралі вам на ду́дцы, а вы не танцава́лі; мы спявалі вам жало́бнае, а вы не рыда́лі».
 
кажучы: «Мы ігралі вам, а вы не скакалі; мы галасілі, а вы не плакалі».

Бо прыйшоў Іаан, не есць, не п’е; і кажуць: «у ім дэман».
 
Бо прыйшоў Ян, каторы ня еў і ня піў, а яны кажуць: «Д’ябла мае».

Прыйшоў Сын Чалавечы, есць і п’е; і кажуць: «вось, чалавек, які лю́біць есці і віно піць, пры́яцель мы́тнікам і грэшнікам». І апра́ўдана мудрасць дзе́цьмі яе.
 
Прыйшоў Сын чалавечы, як есьць і п’е, а яны кажуць: «Вось чалавек, які любіць есьці і піць віно, друг мытнікаў і грэшнікаў». І апраўдана мудрасьць сынамі яе.

Тады пачаў Іісус дакара́ць гарады, у якіх найбольш праявíліся сілы Яго, за тое, што яны не пака́яліся.
 
Тады пачаў дакараць гарадом, у якіх сталася найболей ягоных цудаў, за тое, што не пакутавалі.

Гора табе, Харазíне! гора табе, Віфсаíда! бо калі б у Ты́ры і Сідо́не явíліся сілы, я́ўленыя ў вас, то даўно б яны ў валасянíцы і ў по́пеле пака́яліся.
 
Гора табе, Корозаім, гора табе, Бэтсайда! Бо калі-б у Тыры і Сыдоне дзеяліся цуды, якія ў вас дзеяліся, то даўно ў зрэбніцы і попеле пакутавалі б.

Але кажу вам: Ты́ру і Сідону лягчэй будзе ў дзень су́дны, чым вам.
 
Аднак-жа кажу вам: Тыру і Сыдону лягчэй будзе ў судны дзень, як вам.

І ты, Капернау́ме, што да неба ўзвы́сіўся, да пе́кла будзеш нізры́нуты; бо калі б у Садоме явíліся сілы, я́ўленыя ў табе, то ён бы застаўся па сённяшні дзень.
 
І ты Капарнауме, ці-ж ты ад да неба ўзьнясесься? Ажно да пекла ўпадзеш; бо калі-б у Садоме дзеяліся цуды, якія ў табе дзеяліся, то можэ-б яна асталася аж па гэты дзень.

Але кажу вам, што зямлі Садо́мскай лягчэ́й будзе ў дзень су́дны, чым табе.
 
Але кажу вам, што зямлі Садомскай будзе лягчэй у судны дзень, як табе.

Тым часам, далей прамаўля́ючы, Іісус сказаў: сла́ўлю Цябе, Ойча, Госпадзі неба і зямлі, што Ты ўтаíў гэта ад мудрых і разумных і адкры́ў гэта дзе́цям.
 
У гэты час Езус адазваўшыся прамовіў: Слаўлю цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што ты скрыў гэтае ад мудрых і разумных, а аб’явіў гэтае малым.

Так, Ойча! бо такою было́ Твая добрая воля.
 
Так, Ойча, бо гэтак спадабалася табе.

Усё Мне перада́дзена Айцом Маім, і ніхто не знае Сына, акрамя Айца; і Айца не знае ніхто, акрамя Сына, і каму Сын хоча адкрыць.
 
Усё мне перадана Айцом маім. І ніхто ня знае Сына, апрача Айца, і Айца ніхто ня знае, апрача Сына, і каму Сын захоча аб’явіць.

Прыйдзíце да Мяне, усе стру́джаныя і абцяжа́раныя, і Я супакою вас.
 
Прыйдзеце да мяне ўсе працуючыя і абцяжаныя і я вас узмацую.

Вазьмíце ярмо́ Маё на сябе і навучы́цеся ад Мяне, бо Я лагодны і пако́рлівы сэ́рцам; і зно́йдзеце спакой ду́шам вашым.
 
Вазьмеце ярмо маё на сябе і навучэцеся ад мяне, што я ціхі і пакорны сэрцам і знойдзеце спакой душам вашым.

Бо ярмо́ Маё прые́мнае, і цяжа́р Мой лёгкі.
 
Бо ярмо маё прыемнае, а цяжар мой лёгкі.