Мацьвея 16 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад В. Гадлеўскага
І прыступíлі фарысеі і садукеі, і, спакуша́ючы, прасілі Яго паказаць ім знаме́нне з неба.
І прыступілі да яго фарызэі і садукеі і, спакушаючы, прасілі яго, каб паказаў ім знак з неба.
А Ён сказаў ім у адказ: вечарам вы кажаце: будзе паго́да, бо неба агнíстае;
Але ён, адказаўшы, сказаў ім: Калі настане вечар, вы кажаце: «Пагода будзе, бо неба чырвонае».
і раніцай: сёння няго́да, бо неба агнíста-хмарнае. Крываду́шнікі! аблíчча неба вы ўме́еце адро́зніваць, а знаме́нняў часу не можаце распазнава́ць?
Дык воблік неба вы ўмееце пазнаваць, а знакаў часу пазнаць ня можаце?
Род ліхí і пралюбадзе́йны знаме́ння шукае, ды знаме́нне не будзе да́дзена яму, акрамя знаме́ння Іоны прарока. І, пакінуўшы іх, Ён адышоў.
Род нягодны і чужаложны знаку шукае, а знак яму ня будзе дадзены, апрача знаку Ёны прарока. І пакінуўшы іх, адыйшоў.
І, перапра́віўшыся на другі бок, вучні Яго забы́ліся ўзяць хлябо́ў.
Калі-ж вучні ягоны пераплылі на той бок мора, забыліся ўзяць хлеба.
Іісус сказаў ім: глядзіце і сцеражы́цеся заква́скі фарысейскай і садукейскай.
Ён сказаў ім: Глядзеце, сьцеражэцеся кісьлі фарызэяў і садукеяў.
Яны ж разважа́лі самі сабе, ка́жучы: гэта значыць, што хлябо́ў мы не ўзялí.
Яны-ж разважалі ў сабе, кажучы: Гэта таму, што мы ня ўзялі хлеба.
Ведаючы гэта, Іісус сказаў ім: чаму разважа́еце самі сабе, малаве́рныя, што вы хлябо́ў не ўзялí?
А Езус, ведаючы, сказаў: Чаму-ж вы разважаеце ў сабе, малаверныя, што ня маеце хлеба?
Няўжо яшчэ не разуме́еце і не па́мятаеце пра пяць хлябо́ў для пяці тысяч, і колькі кашоў вы набра́лі?
Ці яшчэ не разумееце і ня помніце аб пяці хлябох на пяць тысяч чалавек і колькі кашоў вы набралі?
Ні пра сем хлябо́ў для чатырох тысяч, і колькі кошыкаў вы набра́лі?
Ані аб сямі хлябох на чатыры тысячы чалавек і колькі кашоў вы набралі?
Як вы не разумееце, што не пра хлябы́ Я казаў вам: «сцеражы́цеся заква́скі фарысейскай і садукейскай»?
Як-жа ж вы не разумееце, што не аб хлебе я вам казаў: Сьцеражэцеся кісьлі фарызэяў і садукеяў?
Тады яны зразумелі, што Ён сказаў асцерага́цца не заква́скі хлебнай, а вучэння фарысейскага і садукейскага.
Тады зразумелі, што ён гаварыў сьцерагчыся ня кісьлі хлебнае, але навукі фарызэяў і садукеяў.
Прыйшоўшы ў межы Кесары́і Філіпавай, Іісус пытаўся ў вучняў Сваіх, ка́жучы: за каго людзі прыма́юць Мяне, Сына Чалавечага?
Езус-жа прыйшоў у староны Цэзарэі Філіпавай і пытаўся ў сваіх вучняў, кажучы: За каго людзі маюць Сына чалавечага?
Яны сказалі: адны за Іаана Хрысцíцеля, а другія за Ілію́, а іншыя за Іерамíю або за аднаго з прарокаў.
А яны сказалі: Адны за Яна Хрысьціцеля, другія за Гальяша, іншыя-ж за Ярэмія або за аднаго з прарокаў.
Ён кажа ім: а вы за каго прыма́еце Мяне?
Сказаў ім Езус: А вы за каго мяне маеце?
І Сíман Пётр сказаў у адказ: Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога.
Адказваючы Сымон Пётр сказаў: Ты ёсьць Хрыстус, Сын Бога жывога.
І ў адказ Іісус сказаў яму: блажэ́нны ты, Сíмане, сы́не Іонаў, бо не плоць і кроў адкрылі табе гэта, а Айцец Мой, Які на нябёсах.
А Езус адказваючы, сказаў яму: Багаслаўлены ты, Сымоне, сыне Ёны, бо цела і кроў не аб’явіла табе, але Айцец мой, каторы ёсьць у небе.
І Я кажу табе: ты Пётр, і на гэтай скале́ Я збуду́ю Царкву Маю, і вароты пяке́льныя не адо́леюць яе.
І я табе кажу, што ты ёсьць Пётр (скала), і на гэтай скале збудую касьцёл мой і брамы пекла не перамогуць яго.
І дам табе ключы́ Царства Нябеснага: і што́ звя́жаш на зямлі, тое будзе звя́зана на нябёсах; і што́ развя́жаш на зямлі, тое будзе развя́зана на нябёсах.
І табе дам ключы каралеўства небеснага, і што толькі звяжаш на зямлі, будзе звязана і ў небе, і што толькі развяжаш на зямлі, будзе развязана і ў небе.
Тады Іісус загадаў вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсць Іісус Хрыстос.
Тады загадаў сваім вучням, каб нікому не казалі, што ён ёсьць Езус Хрыстус.
З таго часу Іісус пачаў адкрыва́ць ву́чням Сваім, што Яму нале́жыць ісці ў Іерусалім і шмат адпаку́таваць ад старэйшын і першасвятароў і кніжнікаў, і быць забíтым, і на трэці дзень уваскрэ́снуць.
Ад таго часу пачаў Езус адкрываць сваім вучням, што трэба яму ісьці ў Ерузалім і многа цярпець ад старшых, і кніжнікаў, і старшых сьвятараў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.
І, адвёўшы Яго, Пётр пачаў пярэ́чыць Яму, ка́жучы: Бог міласцівы да Цябе, Госпадзі! няхай не будзе гэтага з Табою!
А Пётр, узяўшы яго, пачаў дакараць яму, кажучы: Пашкадуй сябе, Пане, ня будзе з табой гэтага!
А Ён, абярнуўшыся, сказаў Пятру: адыдзí ад Мяне, сатана! ты Мне спаку́са, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае.
Ён-жа, абярнуўшыся, сказаў Пятру: Адыйдзі ад мяне, шатане! Ты для мяне пакуса, бо не разумееш таго, што Божае, але што чалавечае.
Тады Іісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэ́цца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе ўслед за Мною.
Тады Езус сказаў сваім вучням: Калі хто хоча ісьці за мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, і возьме крыж свой, і ідзе за мною.
Бо хто хоча душу́ сваю ўратаваць, той загу́біць яе; а хто загу́біць душу́ сваю дзе́ля Мяне, той знойдзе яе.
Бо хто-б хацеў зьберагчы жыцьцё сваё, загубіць яго, а хто-б загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне, знойдзе яго.
Бо якая карысць чалавеку, калі ён увесь свет здабу́дзе, а душы́ сваёй пашкодзіць? альбо які вы́куп дасць чалавек за душу́ сваю?
Бо якая карысьць чалавеку, калі-б ён увесь сьвет здабыў, а душы сваей пашкодзіў? Або якую замену дасьць чалавек за душу сваю?
Бо пры́йдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з Ангеламі Сваімі, і тады адда́сць кожнаму паводле спраў яго.
Бо Сын чалавечы прыйдзе ў славе Айца свайго з анёламі сваімі і тады аддасьць кожнаму паводле яго чынаў.
Праўду кажу вам: ёсць сярод тых, што стаяць тут, некаторыя, якія не зазна́юць смерці, пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, як Ён прыхо́дзіць ў Царстве Сваім.
Сапраўды кажу вам: Ёсьць некаторыя з стаячых тут, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына чалавечага, прыходзячага ў каралеўстве сваім.