Мацьвея 25 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад В. Гадлеўскага
Тады падобна будзе Царства Нябеснае да дзесяці дзеў, якія, узя́ўшы свяцíльнікі свае, выйшлі насу́страч жаніху.
Тады падобнае будзе каралеўства нябеснае да дзесяці дзяўчат, якія, узяўшы свае сьветачы, выйшлі насустрэч маладому і маладой.
Пяць з іх было мудрых і пяць неразумных.
Пяць-жа з іх было неарзумных, а пяць разумных.
Неразумныя, узя́ўшы свяцíльнікі свае, не ўзялí з сабою алею;
Але пяць неарзумных, узяўшы сьветачы, не ўзялі з сабою алівы,
а мудрыя ўзялí алею ў пасу́дзінах разам са свяцíльнікамі сваімі.
а разумныя ўзялі алівы ў пасудзіны свае з сьветачамі.
І паколькі жаніх затрымаўся, то задрама́лі ўсе і паснулі.
Калі-ж малады замарудзіў, задрамалі ўсе і паснулі.
Але апо́ўначы крык пачуўся: «вось, жаніх ідзе, выходзьце насу́страч яму».
Але ўпоўнач узьняўся крык: вось малады ідзе, выходзьце насустрач яму!
Тады ўсталі ўсе дзевы тыя і паправілі свяцíльнікі свае.
Тады ўсталі гэныя ўсе дзўчаты і наладзілі свае сьветачы.
А неразумныя мудрым сказалі: «дайце нам алею вашага, бо свяцíльнікі нашы га́снуць».
Неразумныя-ж сказалі мудрым: Дайце нам вашай алівы, бо сьветачы нашыя гаснуць.
Мудрыя ж сказалі ў адказ: «каб не зда́рылася, што не хопіць і ў нас, і ў вас, ідзіце лепш да прадаўцоў і купíце сабе».
Адказалі разумныя, кажучы: Каб часам не хваціла нам і вам, ідзеце лепш да прадаўцоў і купеце сабе.
Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і тыя, што былí гатовы, увайшлі з ім на вяселле, і зачы́нены былí дзверы.
Калі-ж яны пайшлі купляць, прыйшоў малады, і каторыя былі гатовыя, увайшлі з ім на вясельле і былі зачынены дзьверы.
Пасля прыходзяць і астатнія дзевы і кажуць: «гаспадар! гаспадар! адчыні нам».
Уканцы-ж прыйшлі і другія дзяўчаты, кажучы: Пане, Пане, адчыні нам!
Ён жа сказаў ім у адказ: «праўду кажу вам: не ведаю вас».
Але ён, адказваючы, сказаў: Сапраўды кажу вам, я ня знаю вас.
Дык вось, будзьце пíльныя; бо не ведаеце ні дня, ні гадзíны, калі пры́йдзе Сын Чалавечы.
Дык чуйце, бо ня ведаеце дня ані гадзіны.
Гэтак і чалавек нейкі, адыхо́дзячы, паклíкаў рабоў сваіх і даручы́ў ім маёмасць сваю:
Бо так як чалавек, ад’язджаючы, паклікаў сваіх слуг і перадаў ім сваё дабро.
і аднаму даў пяць тала́нтаў, другому два, іншаму адзін, кожнаму па сіле яго; і адразу адышоў.
І даў аднаму пяць талентаў, другому-ж два, а іншаму адзін, кожнаму паводле яго сілы, і зараз ад’ехаў.
Той, хто атрымаў пяць тала́нтаў, пайшоў, уклаў іх у справу і набыў другія пяць тала́нтаў.
Той-жа, што дастаў пяць талентаў, пайшоў, зарабляў на іх і здабыў яшчэ пяць.
Таксама і той, з двума, набыў другія два.
Таксама і той, што дастаў два, здабыў другія два.
А той, хто атрымаў адзін тала́нт, пайшоў і закапа́ў яго ў зямлю́ і схаваў серабро гаспадара́ свайго.
А той, што дастаў адзін, пайшоўшы, закапаў у зямлю і схаваў грошы пана свайго.
Па доўгім часе прыхо́дзіць гаспадар рабоў тых і право́дзіць з імі разлíкі.
Пасьля-ж доўгага часу вярнуўся пан гэных слуг і зрабіў з імі разрахунак.
І той, хто атрымаў пяць талантаў, падышоўшы, прынёс другія пяць талантаў і кажа: «Гаспадар! пяць тала́нтаў ты даў мне; вось, другія пяць тала́нтаў я набыў на іх».
І прыступіўшы, каторы быў дастаў пяць талентаў, прынёс другія пяць талентаў, кажучы: Пане, ты мне даў пяць талентаў, вось я здабыў другія пяць.
Сказаў жа яму гаспадар яго: «добра, раб добры і верны! у малы́м ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасць гаспадара́ твайго».
Сказаў яму пан ягоны: Добра, слуга добры і верны, таму што ты быў верны над малым, над многім цябе пастаўлю, увайдзі ў радасьць пана твайго.
Падышоў таксама і той, што атрымаў два тала́нты, і сказаў: «гаспадар! два тала́нты ты даў мне; вось, другія два тала́нты я набыў на іх».
Прыступіў-жа і той, што дастаў два таленты і сказаў: Пане, ты мне даў два таленты, вось я здабыў яшчэ два.
Сказаў жа яму гаспадар яго: «добра, раб добры і верны! у малы́м ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасць гаспадара́ твайго».
Сказаў яму пан ягоны: Добра, слуга добры і верны, таму што ты быў верны над малым, над многім цябе пастаўлю, увайдзі ў радасьць пана твайго.
Падышоў і той, што атрымаў адзін тала́нт, і сказаў: «гаспадар! я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі: жнеш, дзе не сеяў, і збіраеш, дзе не рассыпа́ў;
А прыступіўшы і той, што дастаў адзін талент, сказаў: Пане, я ведаю, что ты чалавек срогі: жнеш, дзе не пасеяў і зьбіраеш, дзе не разсыпаў.
і, пабая́ўшыся, я пайшоў і схаваў тала́нт твой у зямлí; вось табе тваё».
І я, баючыся, пайшоў і схаваў талент твой у зямлю, вось маеш, што тваё.
Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: «ліхí раб і лянівы! ты ведаў, што я жну, дзе не сеяў, і збіраю, дзе не рассыпа́ў;
Адказваючы-ж пан ягоны сказаў яму: Слуга благі і лянівы! Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не разсыпаў.
таму трэба было табе аддаць серабро маё мяня́лам, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы маё з прыбыткам.
Дык трэба было табе аддаць мае грошы банкірам і я, вярнуўшыся, узяў-бы што маё з прыбыткам.
Дык вось, вазьміце ў яго тала́нт і дайце таму, хто ма́е дзесяць тала́нтаў,
Дык вазьмеце ад яго талент і дайце таму, што мае дзесяць талентаў.
бо кожнаму, хто ма́е, будзе да́дзена і памно́жыцца, а ў таго, хто не ма́е, ады́мецца і тое, што ма́е.
Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і будзе мець дастатак, а ў таго, хто ня мае, будзе аднята ў яго і тое, што ён, здаецца, мае.
А нягоднага раба вы́кіньце ў це́мру знешнюю; там будзе плач і скры́гат зубоў». (Сказаўшы гэта, усклікнуў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!)
А некарыснага слугу выкіньце ў вонкавую цемру, там будзе плач і скрыгот зубоў.
Калі ж пры́йдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе святыя Ангелы з Ім, тады сядзе на прастоле славы Сваёй,
Калі-ж прыйдзе Сын чалавечы ў славе сваей і ўсе анёлы з ім, тады сядзе на пасадзе славы сваей,
і збяруцца перад Ім усе народы; і Ён аддзе́ліць адных ад другіх, як пастух аддзяля́е авечак ад казлоў;
і зьбяруцца перад ім усе народы, і аддзеліць іх адных ад другіх, як пастыр аддзяляе авец ад казлоў,
і паставіць авечак па правы бок ад Сябе, а казлоў — па левы.
і паставіць авец-то па правай руцэ сваей, а казлоў па левай.
Тады скажа Цар тым, якія па правы бок ад Яго: «Прыйдзíце, благаславёныя Айца Майго, прымíце ў спа́дчыну Царства, угатава́нае вам ад стварэ́ння свету:
Тады скажа Кароль тым, што направа ад яго будуць: Прыйдзеце, багаслаўленыя Айца майго, атрымаеце каралеўства, прыгатаванае вам ад закладзін сьвету.
бо быў галодны Я, і вы далí Мне есці; быў сасмя́глы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялí Мяне;
Бо я быў галодны і вы далі мне есьці; быў засьмягшы і вы далі мне піць; быў гасьцём і вы прынялі мяне;
быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адве́далі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне.
нагім і вы прыадзелі мяне; хворым і вы адведалі мяне; быў у вастрозе і вы прыйшлі да мяне.
Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: «Госпадзі! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілí альбо сасмя́глага і напаілі?
Тады адкажуць яму справядлівыя, кажучы: Пане, калі мы бачылі цябе галодным і накармілі цябе, засьмягшы і далі табе піць?
Калі ж мы бачылі Цябе пры́шлага і прынялí? альбо голага і адзелі?
Калі-ж мы бачылі цябе гасьцём і прынялі цябе, нагім і прыадзелі цябе?
Калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да Цябе?»
Або калі мы бачылі цябе хворым, або ў вастрозе і прыйшлі да цябе?
І Цар скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: тое, што зрабілі вы аднаму з братоў Маіх ме́ншых, Мне зрабілі».
І адказваючы Кароль скажа ім: Сапраўды кажу вам, сколькі вы зрабілі аднаму з гэтых братоў маіх найменшых, мне зрабілі.
Тады скажа і тым, якія па левы бок: «ідзіце ад Мяне, пракля́тыя, у агонь вечны, угатава́ны дыявалу і ангелам яго:
Тады скажа і тым, што налева будуць: Ідзеце ад мяне праклятыя ў вагонь вечны, каторы ёсьць прыгатаваны д’яблу і анёлам яго.
бо быў галодны Я, і вы не далí Мне есці; быў сасмя́глы, і вы не напаілі Мяне;
Бо я быў галодны і вы не далі мне есьці, быў засьмягшы і вы не далі мне піць,
быў прышлы, і не прынялí Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; быў хворы і быў у цямніцы, і вы не адве́далі Мяне».
быў гасьцём і вы не прынялі мяне, хворым і ў вастрозе і вы не адведалі мяне.
Тады і яны скажуць Яму ў адказ: «Госпадзі, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасмя́глага, альбо пры́шлага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і не паслужылі Табе?»
Тады адкажуць яму і тыя, кажучы: Пане, калі мы цябе бачылі галодным, або засьмягшым, або гасьцём, або нагім, або хворым, або ў вастрозе і не паслухалі цябе?
Тады скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: таго, што вы не зрабілі аднаму з гэтых ме́ншых, Мне не зрабілі».
Тады адкажа ім, кажучы: Сапраўды кажу вам, сколькі разоў вы ня ўчынілі аднаму з гэтых найменшых, вы і мне ня ўчынілі.
І пойдуць гэтыя на му́ку вечную, а праведнікі ў жыццё вечнае.
І пойдуць гэтыя на муку вечную, а справядлівыя ў жыцьцё вечнае.