Лукаша 14 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад В. Гадлеўскага
І ста́лася: калі Ён у суботу ўвайшоў у дом аднаго з начальнікаў фарысейскіх паесці хле́ба, і яны сачы́лі за Ім;
І сталася, калі Езус увайшоў у дом нейкага старшага фарызэя ў суботу есьці хлеб, а яны наглядалі за ім.
і вось, нейкі чалавек, хворы на вадзянку, быў перад Ім.
І вось нейкі апухлы чалавек быў перад ім:
І, азваўшыся, Іісус прамовіў да законнікаў і фарысеяў, ка́жучы: ці дазваля́ецца ў суботу ацаля́ць?
І адказваючы Езус сказаў да вучоных у законе і фарызэяў, кажучы: Ці дазволена аздараўляць у суботу?
Яны ж прамаўча́лі. І, дакрану́ўшыся, Ён ацалíў яго і адпусціў.
А яны маўчалі. Ён-жа ўзяўшы аздаравіў яго і адправіў.
А звярну́ўшыся да іх, сказаў: калі ў каго з вас асёл або вол упадзе́ ў калодзеж, ці не адразу той вы́цягне яго ў дзень суботні?
І адказваючы сказаў да іх: У каго з вас асёл або вол уваліцца ў студню, то ці ня зараз-жа выцягне яго ў дзень суботні?
І яны не змаглі адказа́ць Яму на гэта.
І не маглі яму на гэтае адказаць.
Казаў жа запро́шаным прытчу, убачыўшы, як яны выбіра́юць сабе першыя месцы, гаворачы да іх:
Казаў-жа прыповесьць і да запрошаных, угледаючыся, як яны выбіралі першыя мясцы, кажучы да іх:
калі ты будзеш паклíканы кім-небудзь на вяселле, не ўзляга́й на першае месца, каб не аказаўся хто пачэ́снейшы за цябе запро́шаны ім,
Калі ты будзеш запрошаны на вясельле, не садзіся на першым месцы, каб часам ня быў запрошаны ім паважнейшы за цябе,
і той, хто паклíкаў цябе і яго, каб не падышоў ды не сказаў табе: «дай яму месца», і тады з со́рамам пачне́ш займа́ць апошняе месца.
і каб прыйшоўшы той, каторы цябе і яго паклікаў, сказаў табе: Дай гэтаму месца, і тады са стыдам пачаў-бы ты займаць апошняе месца.
Але калі будзеш паклíканы, прыйшоўшы, узляга́й на апошняе месца, каб той, хто паклíкаў цябе, падышоўшы, сказаў табе: «дру́жа, перайдзí вышэ́й», тады будзе табе гонар перад тымі, хто ўзляжы́ць з табою;
Але калі ты будзеш пакліканы, ідзі, сядзь на апошнім месцы, каб прыйшоўшы той, каторы паклікаў цябе, сказаў табе: Дружа, узыйдзі вышэй. Тады будзе табе слава перад разам сядзячымі.
бо кожны, хто ўзвыша́е сябе, будзе прынíжаны, а хто прыніжа́е сябе, будзе узвы́шаны.
Бо кожны, хто сябе павышае, будзе паніжаны; а хто сябе паніжае, будзе павышаны.
Казаў жа і таму, хто Яго запрасíў: калі ты будзеш даваць абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні тваіх сваякоў, ні суседзяў багатых дзе́ля таго, каб і яны цябе таксама паклíкалі і была́ табе адпла́та.
Казаў і да таго, хто яго паклікаў: Калі ты даеш абед або вячэру, ня кліч прыяцеляў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў, ані багатых суседзяў, каб часам і яны цябе не паклікалі, і каб ня было для цябе нагароды.
Але калі робіш гасцíну, кліч убо́гіх, кале́к, кульга́вых, сляпы́х,
Але калі робіш пачастунак, пакліч убогіх, калекіх, кульгавых і сьляпых,
і блажэнны будзеш, бо яны не ма́юць, чым адплацíць табе, адпла́чана ж табе будзе пры ўваскрасе́нні праведных.
і будзеў багаслаўлены затым што ня могуць нагарадзіць табе. Бо будзе нагароджана табе ва ўскрашэньні справядлівых.
Пачуўшы гэта, нехта з тых, што ўзляжа́лі з Ім, сказаў Яму: блажэ́нны, хто будзе есці абед у Царстве Божым!
Калі пачуў гэтае нехта з тых, што разам сядзелі, сказаў яму: Багаслаўлены, хто будзе есьці хлеб у каралеўстве Божым.
Ён жа сказаў яму: адзін чалавек рабіў вялікую вячэру і паклíкаў многіх;
А ён сказаў яму: Адзін чалавек справіў вялікую вячэру і паклікаў многіх.
і паслаў раба́ свайго ў час вячэры сказаць паклíканым: прыхо́дзьце, бо ўжо гатова ўсё.
І паслаў слугу свайго ў гадзіну вячэры сказаць запрошаным, каб прыходзілі, бо ўсё ўжо гатова.
І пачалí ўсе, як адзін, прасіць прабачэ́ння. Першы сказаў яму: я купіў поле, і мне трэба пайсці паглядзе́ць яго; прашу цябе, праба́ч мне.
І пачалі ўсе разам апраўдывацца. Першы сказаў яму: Я купіў сялібу і трэба мне пайсьці і паглядзець яе, прашу цябе, мей мяне за апраўданага.
І другі сказаў: я купіў пяць пар валоў, і іду выпрабо́ўваць іх; прашу цябе, праба́ч мне.
А другі сказаў: Я купіў пяць пар валоў і іду пробаваць іх, прашу цябе, мей мяне за апраўданага.
І іншы сказаў: я ажаніўся і таму не магу прыйсцí.
А іншы сказаў: Я жонку ўзяў, і дзеля гэтага не магу прыйсьці.
І, прыйшоўшы, раб той паве́даміў гаспадару́ свайму гэта. Тады, разгне́ваўшыся, гаспадар дома сказаў рабу свайму: вы́йдзі хутчэй на вуліцы і заву́лкі горада і прывядзí сюды і ўбо́гіх, і кале́к, і сляпы́х, і кульга́вых.
І вярнуўшыся слуга паведаміў аб гэтым пана свайго. Тады пан, загневаўшыся, сказаў слузе свайму: Выйдзі скора на вуліцы і вулачкі гораду, і прывядзі сюды ўбогіх і калекіх і сьляпых і кульгавых.
І сказаў раб: гаспадар! зроблена, як ты загадаў, і яшчэ месца ёсць.
І сказаў слуга: Пане, сталася, як ты загадаў, але яшчэ ёсьць месца.
І сказаў гаспадар рабу: вы́йдзі да дарог і за́гарадзяў і ўгавары́ прыйсцí, каб напо́ўніўся дом мой.
І сказаў пан слузе: Выйдзі на дарогі і засьценкі і прымусь увайсьці, каб дом мой быў поўны.
Бо кажу вам, што ніхто з тых людзей паклíканых не пакашту́е маёй вячэ́ры, бо многа паклíканых, але мала вы́браных.
А кажу вам, што ніводзен з тых мужоў, якія былі пакліканы, не пакаштуе вячэры маей.
Ішло з Ім мноства людзей, і Ён, абярну́ўшыся, сказаў ім:
І ішлі вялікія грамады. І абярнуўшыся, сказаў ім:
калі хто прыходзіць да Мяне, і не зненавíдзіць ба́цьку свайго і маці, і жонку і дзяцей, і братоў і сясцёр, а яшчэ і жыццё сваё, той не можа быць Маім ву́чнем;
Калі хто ідзе да мяне і ня мае ў ненавісьці бацькі свайго, і маткі, і жонкі, і дзяцей, і братоў, і сясьцёр, а яшчэ і жыцьця свайго, ня можа быць маім вучнем.
і хто не нясе́ крыжа́ свайго і ідзе за Мною, не можа быць Маім ву́чнем.
І хто не нясе крыжа свайго і ня ідзе за мною, ня можа быць маім вучнем.
Бо хто з вас, жада́ючы пабудава́ць ве́жу, перш не сядзе і не палíчыць выда́ткі, ці ма́е ён патрэ́бнае для завяршэ́ння,
Бо хто з вас, хочучы збудаваць вежу, ці-ж уперад сеўшы не аблічыць коштаў, якіх патрэба, ці мае, каб скончыць?
каб, калі пакладзе́ падму́рак і не здо́лее дако́нчыць, усе, хто паба́чыць, не пачалí смяя́цца з яго,
Каб пасьля, як залажыў фундамэнт і ня мог скончыць, усе гледзячы не пачалі сьмяяцца з яго,
ка́жучы: гэты чалавек пачаў будаваць і не здо́леў дако́нчыць?
кажучы: Што гэты чалавек пачаў будуваць і ня мог скончыць?
Або які цар, ідучы́, каб з другім царом уступíць у вайну, не сядзе перш пара́іцца, ці зможа ён з дзесяццю́ ты́сячамі сустрэ́ць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю́ тысячамі?
Або які кароль, каторы мае ісьці проціў другога караля, сеўшы ўперад не падумае, ці зможа з дзесяцьма тысячамі пераняць таго, каторы ідзе на яго з дваццацьма тысячамі?
Бо калі не, то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле́ пасо́льства да яго прасíць міру.
Бо інакш, пакуль той яшчэ далёка, вышле пасольства, просячы адносна міру.
Гэтак і кожны з вас, хто не адрачэ́цца ад усяго, што ма́е, не можа быць Маім вучнем.
Так-то кожны з вас, хто не адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць маім вучнем.
Добрая рэч — соль, але калі соль стра́ціць сілу, чым папра́віць яе?
соль добрая, але калі соль зьвятрэе, то чым яе прыправіць?
Ні ў зямлю, ні ў гной яна непрыда́тная: вон выкіда́юць яе. Хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
Яна не надаецца ані ў зямлю, ані ў гной, але вон будзе выкінута. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае!