Да Рымлянаў 7 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

Хіба́ вы не ведаеце, браты, — бо я кажу тым, хто ведае закон, — што закон ма́е ўладу над чалавекам, пакуль ён жывы́?
 

Замужняя жанчына да жывога мужа прывя́зана законам; калі ж памрэ муж, яна вызваля́ецца ад закону заму́жжа.
 

Таму пры жывым мужу яна будзе называцца пралюбадзейкаю, калі выйдзе замуж за другога; калі ж памрэ муж, яна свабодная ад закону і не будзе пралюбадзейкаю, выйшаўшы замуж за другога.
 

Так і вы, браты мае́, памерлі для закону Целам Хрыстовым, каб нале́жаць другому, Уваскрэсламу з мёртвых, каб мы прыносілі плод Богу.
 

Бо калі мы жылí паводле плоці, тады стра́сці грахоўныя, якія выяўля́е закон, дзейнічалі ў членах нашых, каб плод прыно́сіць смерці;
 

але цяпер, памёршы для закону, якім былí звя́заны, мы вы́зваліліся ад яго, каб нам служы́ць Богу ў новым духу, а не паводле старой літары.
 

Дык што скажам? што закон — грэх? Ні ў якім разе; але я пазнаў грэх не інакш, як праз закон, бо я не разумеў бы і пажа́днасці, калі б закон не казаў: «не пажада́й».
 

Але грэх, знайшоўшы падставу ў запаведзі, вы́клікаў ува мне ўсякую пажа́днасць; бо без закону грэх мёртвы.
 

Я жыў не́калі без закону; але калі прыйшла запаведзь, то грэх ажыў,
 

а я памёр; такім чынам, запаведзь, да́дзеная для жыцця, прывяла мяне да смерці,
 

бо грэх, знайшоўшы падставу ў запаведзі, увёў мяне ў зман і праз яе ўмярцвіў.
 

Так што закон святы́ і запаведзь святая, і праведная, і добрая.
 

Дык няўжо добрае стала для мяне смерцю? Ні ў якім разе; але стаў ёю грэх, каб быць вы́яўленым як грэх, які праз добрае нясе мне смерць, каб грэх стаў непамерна грэшным праз запаведзь.
 

Мы ж ведаем, што закон — духоўны, а я — цялесны, перада́дзены граху.
 

Бо не разумею, што раблю: паколькі не тое раблю, што хачу, а што ненавіджу, тое раблю.
 

Калі ж я раблю тое, чаго не хачу, то пагаджа́юся з законам, што ён добры,
 

і таму ўжо не я раблю гэта, а грэх, які жыве ўва мне.
 

Бо я ведаю, што не жыве ўва мне, гэта значыць у плоці маёй, добрае; таму што жаданне дабра ёсць ува мне, але каб зрабіць дабро — таго няма.
 

Дабра, якога хачу, я не раблю, а зло, якога не хачу, раблю.
 

Калі ж раблю тое, чаго не хачу, то ўжо не я раблю гэта, а грэх, які жыве ўва мне.
 

Дык вось, я знаходжу закон: калі хачу рабіць добрае, то ўва мне прысутнічае злое.
 

Бо паводле ўнутранага чалавека я ма́ю асалоду ў законе Божым;
 

але ў членах маіх бачу іншы закон, які змагаецца су́праць закону розуму майго і бярэ мяне ў палон закону грахоўнага, які знаходзіцца ў членах маіх.
 

Няшчасны я чалавек! хто збавіць мяне ад гэтага цела смерці?
 

Дзякую Богу праз Іісуса Хрыста, Госпада нашага. Дык вось, сам я розумам служу закону Божаму, а плоццю — закону грахоўнаму.