Да Рымлянаў 9 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

Ісціну кажу ў Хрысце, не лгу, све́дчыць мне сумле́нне маё ў Духу Святым,
 

што вялікі сму́так у мяне і няспы́нны боль у сэ́рцы маім:
 

бо я хацеў бы сам быць адлу́чаным ад Хрыста́ дзе́ля братоў маіх, ро́дных мне па плоці;
 

яны Ізраільця́не, ім нале́жаць усынаўле́нне, і слава, і запаве́ты, і законаўстанаўле́нне, і богаслужэ́нне, і абяца́нні;
 

іхнія і айцы, з іх і Хрыстос па плоці, Ён — над усімі Бог, благаславёны на векі, амінь.
 

Гэта не значыць, што слова Божае не здзе́йснілася. Бо не ўсе, хто пахо́дзіць ад Ізраіля, — Ізраільця́не,
 

і не ўсе, хто з пато́мства Аўраама, — дзеці яго; але ска́зана: «У Ісааку будзе назва́на тваё пато́мства».
 

Гэта значыць, што не дзеці па плоці з’яўляюцца дзе́цьмі Божымі, а дзеці абяца́ння лíчацца пато́мствам.
 

А сло́ва абяца́ння такое: «у гэты самы час Я прыду́, і будзе ў Са́рры сын».
 

І не толькі гэта, а падобнае было́ і з Рэвекаю, якая зачала́ адначасова двух сыноў ад Ісаака, айца нашага,
 

бо калі яны яшчэ не нарадзíліся і не зрабілі нічога добрага ці дрэ́ннага, — каб прадустанаўле́нне Божае ў абра́нні зале́жала
 

не ад спраў, а ад Таго, Хто паклíкаў, — ска́зана было́ ёй: «бо́льшы будзе служы́ць меншаму»,
 

як і напíсана: «Іакава Я ўзлюбíў, а Ісава ўзненавідзеў».
 

Дык што скажам? Няўжо няпраўда ў Бога? — Ні ў якім разе.
 

Бо Ён кажа Маісею: «каго памíлаваць — памíлую; каго пашкадава́ць — пашкаду́ю».
 

Дык вось, гэта зале́жыць не ад таго, хто хоча ці імкнецца, але ад Бога, Які мíлуе.
 

Бо ў Пісанні Бог кажа фараону: «дзе́ля таго Я і ўзвы́сіў цябе, каб паказа́ць на табе сілу Маю́ і каб прапаве́дана было́ імя́ Маё па ўсёй зямлі».
 

Дык вось, Ён каго хоча — мíлуе, а каго хоча — робіць жорсткім.
 

Ты скажаш мне: «за што ж яшчэ і дакара́е? бо хто супрацьста́не волі Яго?»
 

А ты, чалавек, хто такі, што спрача́ешся з Богам? Хіба́ гліняны вы́раб скажа таму, хто зляпіў яго: «чаму ты мяне зрабіў такім?»
 

Хіба́ ж ганчар не ма́е ўлады над глінаю, каб з таго самага ме́сіва зрабіць адну пасудзіну для пачэ́снага ўжы́тку, а другую для непачэ́снага?
 

Што ж, калі Бог, жада́ючы паказаць гнеў і явíць магутнасць Сваю, трываў з вялікай доўгацярплівасцю сасу́ды гневу, прызна́чаныя на пагібель,
 

каб явíць багацце славы Сваёй над сасу́дамі міласэ́рнасці, якія Ён за́гадзя прыгатава́ў да славы, —
 

над намі, якіх Ён паклíкаў не толькі з Іудзеяў, але і з язы́чнікаў?
 

як і ў кнізе Асíі Ён кажа: «не Мой народ назаву Маім народам, і не ўзлю́бленую — узлю́бленай;
 

і на тым месцы, дзе было́ ска́зана ім: «вы не Мой народ», — там яны будуць назва́ны сына́мі Бога жывога».
 

А Ісаія абвяшча́е пра Ізра́іль: «хоць і будзе колькасць сыноў Ізра́іля, як пясок марскі, толькі аста́так спасе́цца;
 

бо слова Сваё заве́ршыць і хутка здзе́йсніць у пра́веднасці, слова Сваё рашуча здзе́йсніць Гасподзь на зямлі».
 

І як прадказа́ў Ісаія: «калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам се́мені, то мы б сталі як Садом і былі б падобныя да Гаморы».
 

Дык што скажам? Язычнікі, якія не імкну́ліся да пра́веднасці, атрыма́лі пра́веднасць — пра́веднасць праз веру;
 

а Ізра́іль, які імкну́ўся да закону пра́веднасці, не дасягну́ў закону пра́веднасці.
 

Чаму́ Таму што яны шука́лі не ў веры, а ў справах закону; бо яны спатыкнуліся аб ка́мень спатыкне́ння,
 

як напíсана: «вось, кладу ў Сіёне ка́мень спатыкне́ння і скалу́ спаку́сы; і кожны, хто веруе ў Яго, пасаро́млены не будзе».