Да Каласянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Я хачу, каб вы ведалі, якую вялікую барацьбу я вяду за вас і за тых, што ў Лаадыкíі і ў Іера́палі, і за ўсіх, хто не бачыў аблічча майго ў плоці,
 

каб усце́шыліся сэрцы іх, злучаныя ў любові і дзеля ўсяго багацця паўнаты разумення, дзеля спазна́ння тайны Бога і Айца і Хрыста,
 

у Якім скрыты ўсе скарбы мудрасці і ве́дання.
 

Гэта кажу я, каб хто-небудзь не ўвёў вас у зман праўдападобнымі довадамі;
 

бо я, хоць і адсутнічаю плоццю, але духам з вамі, радуючыся і бачачы ў вас лад і цвёрдасць вашай веры ў Хрыста.
 

Дык вось, як прынялí вы Хрыста Іісуса Госпада, так і хадзіце ў Ім,
 

укаранёныя і ўсталява́ныя ў Ім і ўмацава́ныя ў веры, як вы былі наву́чаны, узбагача́ючыся ў ёй з удзячнасцю.
 

Глядзіце, каб хто-небудзь не захапіў вас філасофіяй і пустым падманам паводле пада́ння чалавечага, паводле стыхій свету, а не паводле Хрыста,
 

бо ў Ім прысутнічае ўся паўната Бажаства цялесна,
 

і вы маеце паўнату ў Ім, Які з’яўляецца галавою ўсякага начальства і ўлады;
 

у Ім вы і абрэзаны былí абрэзаннем нерукатворным, скіда́ннем грахоўнага цела плоці, абрэзаннем Хрыстовым;
 

пахаваныя разам з Ім у хрышчэнні, у Ім вы разам і ўваскрэслі праз веру ў сілу Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,
 

і вас, якія былі мёртвымі ў грахах і ў неабрэзанні плоці вашай, ажывіў разам з Ім, прабачыўшы нам усе грахі,
 

сцёршы прад’яўлены нам спісак даўгоў, што быў супраць нас; Ён скасаваў яго, прыбіўшы цвікамі да крыжа;
 

абяззброіўшы начальствы і ўлады, Ён выставіў іх на ганьбу, перамогшы іх Сабою.
 

Дык вось, няхай ніхто не асуджа́е вас за ежу, ці за пітво, ці за тое, што даты́чыць свята, ці маладзіка́, ці суботы:
 

гэта — цень бу́дучыні, це́ла ж — Хрыстос.
 

Ніхто няхай не ўвядзе вас у зман праз самавольную пакорнаму́драсць і паклане́нне ангелам, удаючы́ся ў тое, чаго не бачыў, марна надзіма́ючыся плоцкім сваім розумам
 

і не трыма́ючыся галавы, ад якой ўсё цела, сувязямі і злучэннямі змацава́нае і з’ядна́нае, расце ўзраста́ннем Божым.
 

Дык вось, калі вы з Хрыстом памерлі для стыхій свету, то чаму вы, як быццам жывучы́ ў свеце, падпарадкоўваецеся ўстанаўленням:
 

«не дакранайся», «не еж», «не чапа́й» —
 

усё гэта знішчаецца пры ўжыванні — паводле запаведзяў і вучэння чалавечага́
 

гэта мае толькі выгляд мудрасці ў самавольным пакланенні, пакорнамудрасці і знясільва́нні цела, у пэўным занядба́нні насычэ́ння плоці.