1 Пятра 3 разьдзел
Першае пасланьне Пятра
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Васіля Сёмухі
Таксама і вы, жонкі, падпарадко́ўвайцеся сваім мужа́м, каб тыя з іх, што не скара́юцца перад словам, праз паво́дзіны жо́нак здабы́ты былí без слова,
Гэтак сама і вы, жанчыны, карэцеся сваім мужам, каб тыя зь іх, хто не скараецца слову, праз паводзіны жонак сваіх бяз слова здабываныя былі,
калі ўба́чаць чы́стае, богабая́знае жыццё ваша.
калі ўбачаць вашае чыстае, богабаязнае жыцьцё.
Няхай упрыго́жанне ваша будзе не зне́шняе: заплята́нне валасоў, аздабле́нне ў золата ці нашэ́нне ўбораў,
Хай будзе акрасаю вашай ня зьнешняе пляценьне валасоў, не залатыя ўборы альбо прыгажосьць у строях,
а патае́мны сэ́рца чалавек у нятле́ннасці лаго́днага і маўклíвага ду́ху, што ма́е вялікую ва́ртасць перад Богам.
а чалавек шчырага сэрца ў нятленным харастве лагоднага і маўклівага духу, што каштоўна перад Богам.
Бо так не́калі і святы́я жанчы́ны, якія ўсклада́лі надзе́ю на Бога, упрыго́жвалі сябе, падпарадко́ўваючыся сваім мужа́м;
Так калісьці і сьвятыя жанчыны, якія клалі надзею на Бога, аздаблялі сябе, скараючыся сваім мужам:
гэтак Са́рра слухалася Аўраама, называ́ючы яго спадаро́м; і вы — дзеці яе, калі ро́біце дабро і не паддаяце́ся нія́каму стра́ху.
так Сарра скаралася Абрагаму, называючы яго спадаром; вы — дзеці ейныя, калі робіце дабро і не бянтэжыцеся ні ад якога страху.
Таксама і вы, мужы́, абыхо́дзьцеся разу́мна з жонкамі як са слабе́йшым полам жано́чым, ака́зваючы ім паша́ну як сунасле́дніцам благада́тнага жыцця́, каб не было́ перашко́ды малітвам вашым.
Гэтак сама і вы, мужы, абыходзьцеся разумна з жонкамі, як з самым крохкім посудам, і рабеце ім гонар як супольным спадкаемніцам любадайнага жыцьця, каб ня было вам завады ў малітвах.
Урэ́шце, будзьце ўсе аднаду́мнымі, спага́длівымі, браталю́бнымі, міласэ́рнымі, добразычлíвымі, пакорнаму́дрымі;
Нарэшце, будзьце ўсе аднамысныя, спагадлівыя, браталюбныя, міласэрныя, шкадоблівыя, пакорнамудрыя;
не плацíце злом за зло альбо знява́гай за знява́гу, а наадваро́т, благаслаўля́йце, ве́даючы, што на тое вы паклíканы, каб унасле́даваць благаславе́нне.
не плацеце злом за зло, альбо кленічам за кленіч; наадварот, дабраслоўце, ведаючы, што вы на тое пакліканы, каб успадчыньніць дабраславеньне.
Бо хто лю́біць жыццё і хоча ўба́чыць добрыя дні, той няхай стры́млівае язык свой ад зла і ву́сны свае ад кава́рных слоў,
Бо хто любіць жыцьцё і хоча бачыць добрыя дні, той трымай язык свой ад зла і вусны свае ад ліхіх нагавораў,
няхай ухіля́ецца ад зла і ро́біць дабро, няхай шука́е мíру і імкне́цца да яго,
ухіляйся ад зла і рабі дабро, шукай міру ды імкніся да яго;
бо вочы Госпада зве́рнуты да пра́ведных, і ву́шы Яго — да малітвы іх, аблíчча ж Гасподняе су́праць тых, хто ро́біць зло, каб знíшчыць іх з зямлі.
бо вочы Госпада — да праведных, і вушы Ягоныя — да малітвы іхняе, а аблічча Гасподняе супроць ліхадзеяў, (каб вынішчыць іх зь зямлі).
І хто зро́біць вам зло, калі вы бу́дзеце пабо́рнікамі дабра́?
І хто ўчыніць вам ліха, калі вы будзеце рупіцца пра дабро?
А калі і паку́туеце за праўду, то блажэ́нныя вы; устрашэ́ння ж іхняга не пало́хайцеся і не жаха́йцеся.
Але калі і церпіце за праўду, дык вы дабрашчасныя; а страху іх ня бойцеся і не бянтэжцеся.
Госпада Бога свяцíце ў сэ́рцах вашых; будзьце заўсёды гатовы кожнаму, хто патрабу́е ад вас абгрунтава́ння вашай надзе́і, даць адказ з лаго́днасцю і богабая́знасцю;
Госпада Бога сьвяцеце ў сэрцах вашых; будзьце заўсёды гатовыя кожнаму, хто ў вас папытае адказу за вашу надзею, адказаць лагодна і дабралюбна;
майце сумле́нне добрае, каб тым, за што абгаво́рваюць вас, як злачы́нцаў, былі пасаро́млены тыя, хто зневажа́е ваша добрае жыццё ў Хрысце́.
майце добрае сумленьне, каб гэтым, за што ліхасловяць вас як зладзеяў, былі пасаромлены ўсе, хто асуджае вашае добрае жыцьцё ў Хрысьце.
Бо лепш ро́бячы добро паку́таваць, калі на тое воля Божая, чым ро́бячы зло;
Бо, калі заўгодна волі Божай, лепш пацярпець за добрыя дзеі, чым за благія;
таму што і Хрыстос, каб прыве́сці нас да Бога, адно́йчы прыня́ў паку́ты за грахí нашы, пра́ведны за няпра́ведных, памёршы пло́ццю, але ажы́ўшы ду́хам,
бо і Хрыстос, каб прывесьці нас да Бога, аднаго разу пацярпеў за грахі нашыя, праведны за няправедных, быўшы забіты ў целе, але ажылы духам,
у якім Ён, сышо́ўшы, прапаве́даваў і тым, што былí ў цямнíцы, ду́хам,
якім Ён і духам, што ў цямніцы былі, сышоўшы, прапаведаваў;
якія не скары́ліся не́калі, калі чака́ла іх доўгацярплíвасць Божая, у дні Ноя, пры будаўнíцтве каўчэ́га, у якім нямногія, гэта зна́чыць восем чалавек, былí вы́ратаваны ад вады́.
яны калісьці непакорлівыя былі Божаму доўгацярпеньню, што іх чакала, у дні Ноя, у часы будаваньня каўчэга, у якім нямногія, гэта значыцца, восем душ, уратаваліся ад вады.
Так і нас цяпер падобнае гэтаму вобразу хрышчэ́нне — не цяле́снага бру́ду змыва́нне, а просьба да Бога аб добрым сумле́нні — спаса́е праз уваскрасе́нне Іісуса Хрыста,
Так і нас сёньня падобнае гэтаму вобразу хрышчэньне, не цялеснай нечыстаты абмываньне, а абяцаньне Богу добрага сумленьня, ратуе ўваскрэсеньнем Ісуса Хрыста,
Які, узышо́ўшы на неба, знахо́дзіцца правару́ч Бога, і Яму падпарадкава́ны Ангелы, і ўла́ды, і сілы.
Які, узышоўшы на неба, сядзіць праваруч Бога, і Якому ўпакорыліся анёлы і ўлады і сілы.