Да Габрэяў 2 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Таму мы павінны быць асабліва ўважлівымі да пачутага, каб не адпа́сці.
 
Таму мы павінны быць асабліва ўважлівыя да чутага, каб не адпасьці,

Бо, калі праз ангелаў прамоўленае слова было́ непару́шным і ўсякае парушэ́нне і непаслушэ́нства вялі да справядлівай адплаты,
 
бо, калі праз анёлаў абвешчанае слова было цьвёрдае, і ўсякі пярэступ і непаслухмянасьць мелі справядлівую адплату,

то як пазбе́гнем яе мы, не дба́ючы пра такую веліч — спасенне, якое, будучы спачатку абве́шчана Госпадам, ў нас было ўмацавана тымі, хто чуў гэта,
 
дык як мы ўнікнем, занядбаўшы такое вялікае выратаваньне, якое, спачатку абвешчанае Госпадам, было ў нас умацавана тымі, якія чулі ад Яго,

а Бог засведчыў гэта і знаме́ннямі, і цудамі, і рознымі сіламі, і раздава́ннем дароў Духа Святога па волі Сваёй?
 
што Бог і засьведчыў азнакамі і цудамі, і рознымі сіламі, і дарамі Духа Сьвятога па волі Ягонай?

Бо не ангелам Бог падпарадкава́ў будучы свет, пра які мы вядзём гаворку;
 
Бо не анёлам Бог упакорыў будучы сьвет, пра які гаворым;

засве́дчыў жа нехта недзе, кажучы: «што́ ёсць чалавек, што Ты па́мятаеш яго? альбо сын чалавечы, што Ты дба́еш пра яго?
 
наадварот, нехта недзе засьведчыў, кажучы: «што ёсьць чалавек, што Ты памятаеш яго? альбо сын чалавечы, што Ты наведваеш яго?

Мала ніжэйшым за ангелаў зрабіў Ты яго; славаю і пашанаю ўвянчаў Ты яго і паставіў яго над справамі рук Тваіх;
 
Ня дужа Ты ўнізіў яго перад анёламі; славаю й гонарам увянчаў яго, і паставіў яго над дзеямі рук Тваіх;

усё пакары́ў пад ногі яго». А калі пакары́ў яму ўсё, то не пакінуў нічога непако́раным яму. Цяпер жа яшчэ не бачым, каб яму ўсё было пако́рана;
 
усё пакарыў пад ногі ягоныя». Калі ж пакарыў яму ўсё, дык не пакінуў нічога непакорным яму. Цяпер жа яшчэ ня бачым, каб яму ўсё было ўпакорана;

але мала ніжэйшым за ангелаў бачым Іісуса, увянча́нага славаю і пашанаю за пакуты смяротныя, каб Ён па благадаці Божай зведаў смерць за ўсіх.
 
але бачым, што за перанясеньне сьмерці ўвянчаны славаю і гонарам Ісус, Які крыху быў прыніжаны перад анёламі, каб Яму, па мілаце Божай, зьведаць сьмерць за ўсіх.

Бо нале́жала, каб Той, дзеля Якога ўсё і праз Якога ўсё, Які многіх сыноў прыводзіць да славы, правадыра́ спасення іх зрабіў даскана́лым праз пакуты.
 
Бо належала, каб Той, дзеля Каго ўсё і праз Каго ўсё, многіх сыноў вядучы да славы, Пачынальніка выратаваньня іх зрабіў празь цярпеньні.

Бо і Той, Хто асвяча́е, і тыя, што асвяча́юцца, усе — ад Адзінага; таму Ён не саромеецца называць іх братамі, кажучы:
 
Бо, і Той, Хто асьвячае, і каго асьвячаюць, усе — ад Адзінага; таму ён не саромеецца называць іх братамі, кажучы:

«абвяшчу́ імя́ Тваё брата́м Маім, пасярод царквы буду апяваць Цябе».
 
«абвяшчу Тваё імя братам Маім, сярод царквы апяю Цябе».

І яшчэ: «Я буду спадзявацца на Яго». І яшчэ: «вось Я і дзеці, якіх даў Мне Бог».
 
І яшчэ: «Я буду спадзявацца на Яго». І яшчэ: «вось, Я і дзеці, якіх даў Мне Бог».

А паколькі гэтыя дзеці адзінай плоці і крыві, то і Ён таксама ўспрыняў плоць і кроў, каб смерцю пазба́віць сілы таго, хто ма́е ўладу смерці, гэта значыць дыявала,
 
А як дзеці былі ўдзельнікамі цела і крыві, дык Ён таксама прыняў іх, каб сьмерцю пазбавіць сілы таго, хто меў уладу сьмерці, гэта значыцца — д’ябла,

і вы́зваліць тых, якія з-за страху смерці ўсё жыццё былі падле́глыя рабству.
 
і выратаваць тых, якія ад страху сьмерці праз усё жыцьцё былі ў рабстве.

Бо не ад ангелаў Ён успрыма́е прыроду, а ўспрымае ад семені Аўраамава.
 
Бо не ад анёлаў прыме Ён, а прыме семя Абрагамавае.

Таму Ён павінен быў ва ўсім стаць падобным да братоў, каб быць мíласцівым і верным Першасвятаром перад Богам для ўміласціўле́ння за грахі народа.
 
Таму Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да братоў, каб быць міласэрным і верным Першасьвятаром прад Богам на ўмілажальваньне за грахі народу.

Бо паколькі Ён прыня́ў пакуты, Сам прайшоўшы праз выпрабава́нні, то можа дапамагчы́ тым, хто ў выпрабава́ннях.
 
Бо, як сам Ён перацярпеў, быў спакушаны, дык можа памагчы і тым, каго спакушаюць.