Да Габрэяў 3 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Дык вось, браты святыя, супольнікі нябеснага паклíкання, паглядзíце на Пасла́нніка і Першасвятара вызнання нашага, Хрыста Іісуса,
 
Таму, браты сьвятыя, супольнікі нябеснага пакліканьня, уразумейце Пасланца і Першасьвятара вызнаньня нашага, Ісуса Хрыста,

Які верны Таму, Хто паставіў Яго, як і Маісей ва ўсім доме Яго.
 
Які верны Таму, Хто паставіў Яго, як і Майсей ва ўсім доме Ягоным.

Бо Ён удасто́ены настолькі бо́льшай славы, чым Маісей, наколькі большы гонар у параўнанні з домам ма́е той, хто пабудаваў яго;
 
Ён бо варты тым большае славы перад Майсеем, чым большы гонар мае ў параўнаньні з домам той, хто ўладкаваў яго;

таму што ўсякі дом будуецца кім-небудзь; а будаўнік усяго — Бог.
 
бо кожны дом ладкуецца некім; а Хто ўладкаваў усё, ёсьць Бог.

І Маісей верны ва ўсім доме Яго, як служы́цель, дзеля све́дчання таго, што нале́жала абвясціць.
 
І Майсей верны ўва ўсім доме Ягоным, як службіт, на сьведчаньне таго, што трэба было абвясьціць.

А Хрыстос — як Сын у доме Яго; дом жа Яго — мы, калі толькі цвёрда захаваем да канца адвагу і надзею, якою ганарымся.
 
А Хрыстос — як Сын у доме Ягоным; а дом Ягоны — мы, калі толькі адвагу і спадзяваньне, якімі хвалімся, цьвёрда захаваем да канца.

Таму, як кажа Дух Святы, «сёння, калі пачуеце голас Яго,
 
Чаму, як кажа Дух Сьвяты, «сёньня, як пачуеце голас Ягоны,

не зрабіце жорсткімі сэрцы вашы, як падчас бунту, у дзень спакушэння ў пустыні,
 
не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых, як у час смуты, у дзень спакушэньня ў пустыні,

дзе спакушалі Мяне бацькі вашы, выпрабоўвалі Мяне і бачылі справы Мае сорак гадоў.
 
дзе спакушалі мяне бацькі вашы, выпрабоўвалі Мяне і бачылі дзеі Мае сорак гадоў.

Таму разгневаўся Я на той род і сказаў: яны заўсёды блука́юць сэ́рцам і не спазналі яны шляхоў Маіх;
 
Таму Я і ўгневаўся на той род, і сказаў: «няспынна блукаюць сэрцам, ня зьведалі яны пуцявінаў Маіх;

таму пакляўся Я ў гневе Маім, што яны не ўвойдуць у спакой Мой».
 
таму я прысягнуў у гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у спачын Мой».

Глядзіце, браты, каб не было ў кім у вас сэрца злога і бязвернага, каб не адступíцца ад Бога жывога.
 
Глядзеце, браты, каб ня было ў кім у вас сэрца ліхога і нявернага, каб вам не адступіцца ад Бога жывога.

А настаўляйце адзін аднаго кожны дзень, пакуль можна казаць «сёння», каб не стаў жорсткім хто з вас, уведзены ў зман грахом.
 
А настаўляйце адно аднаго кожны дзень, пакуль можна казаць «сёньня», каб хто з вас не зжарсьцьвеў, зьвёўшыся грэхам;

Бо мы сталі супольнікамі Хрыста і застане́мся імі, калі толькі пачатае жыццё цвёрда ўтрымаем да канца,
 
Бо мы зрабіліся супольнікамі Хрысту, калі толькі пачатае жыцьцё цьвёрда ўтрымаем да канца,

пакуль гаворыцца: «сёння, калі пачуеце голас Яго, не зрабіце жорсткімі сэрцы вашы, як падчас бунту».
 
пакуль гаворыцца: «сёньня, як пачуеце голас Ягоны, не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых, як у час смуты».

Бо некаторыя, хто чуў, узбунтава́ліся; але не ўсе, хто выйшаў з Егіпта разам з Маісеем.
 
Бо некаторыя, што чулі, пачалі абурацца; але ня ўсе, што выйшлі зь Егіпта з Майсеем.

На каго ж гневаўся Ён сорак гадоў? Хіба не на тых, што саграшылі, чые косці пале́глі ў пустыні?
 
На каго ж гневаўся Ён сорак гадоў? Хіба не на тых, што зграшылі, чые косьці засталіся ў пустыні?

Пра каго ж кажучы Ён пакляўся, што не ўвойдуць у спакой Яго, калі не пра тых, якія не скарыліся?
 
Супроць каго прысягаў, што ня ўвойдуць у спачын Ягоны, калі ня супроць непакорлівых?

І мы бачым, што яны не змаглі ўвайсці з-за нявер’я.
 
І вось, бачым, што яны не маглі ўвайсьці за няверства.