2 да Карынфянаў 7 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Дык вось, узлю́бленыя, маючы такія абяца́нні, давайце ачысцім сябе ад усялякай нечыстаты́ плоці і духу, удаскана́льваючыся ў святасці са страхам Божым.
 
Дык, любовыя, маючы такую абятніцу, ачысьцімася ад усяе брыды цела й духа, дасканалячы сьвятасьць у боязьні Божай.

Умясціце нас: мы нікога не пакрыўдзілі, нікому не пашкодзілі, ні ад каго не шукалі карысці.
 
Дайце месца нам. Мы нікога ня ўкрыўдзілі, нікому не пашкодзілі, нікога не ашукалі.

Я не ў асуджэнне гавару; бо я раней сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб і памерці разам, і жыць разам.
 
Не кажу на засуджэньне; бо я ўперад сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб разам памерці і разам жыць.

Вялікае ў мяне спадзява́нне на вас, вялікі ў мяне гонар за вас; я напоўнены суцяшэннем, перапоўнены радасцю пры ўсёй горасці нашай.
 
Вялікая мая адвага да вас, шмат вамі хвалюся, я перапоўнены пацехаю ў вусім няшчасьцю нашым.

Бо калі мы прыйшлі ў Македонію, плоць наша не мела ніякага спакою, мы цярпелі ўціск з усіх бакоў: звонку — напа́ды, унутры — стра́хі.
 
Бо запраўды, як мы прышлі да Макядоні, цела нашае ня мела супачынку; але мы былі сьцісьненыя адусюль: звонку бітвы, унутры страхі.

Але Бог, Які суцяшае пакорлівых, суцешыў нас прыбыццём Ціта,
 
Але Тый, што цеша паніжаных, Бог, пацешыў нас прыходам Цітавым,

і не толькі прыбыццём яго, але і суцяшэннем, якім ён быў суце́шаны за вас, расказваючы нам пра вашу тугу́, пра вашы слёзы, пра вашу адданасць мне, так што я яшчэ больш узрадаваўся.
 
І не адно прыходам ягоным, але й пацяшэньням, каторым ён цешыўся з вас, павядаючы нам гарачае жаданьне ваша, вашу жалобу, рупатлівасьць вашу да мяне, ажно я балей цешыўся.

Таму, калі я і засмуціў вас пасланнем, то не шкадую, а калі і шкадаваў, — бо я бачу, што пасланне тое, хоць і часова, засмуціла вас, —
 
Калі я й засмуціў вас лістам, не шкадую, хоць шкадаваў гэтага; бо бачу, што ліст гэты, хоць на малы час, засмуціў вас.

то цяпер радуюся: не таму, што вы былі засму́чаны, а таму, што засму́чаны былі вы для пакая́ння, бо вы былі засму́чаны дзеля Бога, так што вы ні ў чым не зазна́лі шкоды ад нас.
 
Цяпер я цешуся ня з тога, што вы засмуціліся, але што вы засмуціліся да каяты; бо вы засмуціліся подле Бога, што ў нічым ад мяне ня мелі шкоды.

Бо смутак дзеля Бога вядзе да неадме́ннага пакая́ння дзеля спасення, а смутак свету гэтага вядзе да смерці.
 
Бо смутак подле Бога дзее каяту да спасеньня, і ніколі не шкада яго; смутак сьвецкі дзее сьмерць.

Бо якраз тое, што вы былі засму́чаны дзеля Бога, такую ў вас руплівасць абудзіла, а якое апраўданне, а якое абурэнне, а які страх, а якую тугу́, а якую стараннасць, а якое спагна́нне! Ва ўсім вы паказалі сябе чыстымі ў гэтай справе.
 
Бо самае тое, што вы засмуціліся подле Бога, гля якую гэта шчырасьць учыніла ў вас а апраўленьне а абурэньне а страх а гарачае жаданьне а рупатлівасьць а помсту! У ўсім вы паказалі, што вы чыстыя ў гэтай справе.

Дык вось, калі я і напісаў вам, то не дзеля крыўдзіцеля і не дзеля пакрыўджанага, а дзеля таго, каб вам адкрылася наша рупнасць дзеля вас перад Богам.
 
Значыцца, калі я пісаў да вас, дык ня дзеля крыўдніка ані дзеля ўкрыўджанага, але дзеля выяўленьня шчырасьці нашае да вас, каб паказана была вам перад Богам.

Таму мы суце́шыліся суцяшэ́ннем вашым; а яшчэ больш мы ўзрадаваліся радасці Ціта, таму што вы ўсе супакоілі дух яго;
 
Затым мы ўсьцешыліся. І апрача собскага пацяшэньня нашага, мы яшчэ балей цешыліся з радасьці Цітавае, бо вы ўсі супакоілі дух ягоны;

бо калі я ў чым-небудзь перад ім і пахваліўся вамі, то не аказаўся пасаромленым; але як усё ска́занае намі вам было ісцінаю, так і пахвала́ наша перад Цітам аказалася ісцінаю;
 
Дык калі я хваліўся яму ў чым вамі, то не засароміўся; але як мы гукалі вам усю праўду, так і хваленьне наша Ціту было праўдзівае.

і сэрца яго вельмі прыхільнае да вас, калі ён успамінае паслухмянасць усіх вас і тое, як са страхам і трымце́ннем вы прынялí яго.
 
І сэрца ягонае балей прыяе вам, успамінаючы паслухменства вас усіх, як вы із страхам а дрыготаю прынялі яго.

Таму я радуюся, што ва ўсім магу быць упэўненым у вас.
 
Я цешыўся, што ў вусім магу даверыць вам.