Мацьвея 2 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Калі ж Іісус нарадзíўся ў Віфлее́ме Іудзейскім у дні цара Ірада, вось, мудрацы́ з усходу прыйшлí ў Іерусалім і кажуць:
 

дзе наро́джаны Цар Іудзейскí бо мы бачылі зорку Яго на ўсходзе і прыйшлí пакланíцца Яму.
 

Пачуўшы гэта, цар Ірад занепако́іўся, і ўвесь Іерусалім з ім.
 

І, сабраўшы ўсіх першасвятаро́ў і кніжнікаў народных, пыта́ўся ў іх: дзе ма́е нарадзíцца Хрыстос?
 

Яны ж сказалі яму: у Віфлее́ме Іудзейскім, так бо напíсана прарокам:
 

«І ты, Віфлее́ме, зямля Іу́дава, нічым не ме́ншы сярод ваяво́дстваў Іу́давых; бо з цябе вы́йдзе Правады́р, Які будзе па́свіць народ мой Ізра́іля».
 

Тады Ірад, упо́тай паклíкаўшы мудрацоў, дакла́дна вы́ведаў у іх час з’яўле́ння зоркі.
 

І, паслаўшы іх у Віфлее́м, ён сказаў: ідзіце, дакла́дна даве́дайцеся пра Дзіця́ і, калі зно́йдзеце, паве́даміце мне, каб і я пайшоў і пакланíўся Яму.
 

Яны, вы́слухаўшы цара, пайшлі; і вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не стала над месцам, дзе было́ Дзіця́.
 

Убачыўшы зорку, яны ўзра́даваліся радасцю вельмі вялікаю.
 

І, увайшоўшы ў дом, яны ўбачылі Дзіця́ з Марыяю, Маці Яго, і, па́ўшы, пакланíліся Яму; і, адкры́ўшы ска́рбніцы свае, прыне́слі Яму дары́: золата, ла́дан і смíрну.
 

І папярэ́джаныя ў сне, каб не вярта́ліся да Ірада, яны іншай дарогай адышлí ў краіну сваю.
 

Калі ж яны адышлі, — вось, Ангел Гасподні яўля́ецца ў сне Іосіфу і кажа: устань, вазьмі Дзіця́ і Маці Яго, і ўцяка́й у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад хоча шукаць Дзіця́, каб загубíць Яго.
 

Ён устаў, узяў Дзіця́ і Маці Яго, і адышоў у Егіпет.
 

І быў ён там да смерці Ірада, каб збыло́ся ска́занае Госпадам праз прарока, які кажа: «з Егіпта паклíкаў Я Сына Майго».
 

Тады Ірад, убачыўшы, што ён ашука́ны мудрацамі, разгне́ваўся вельмі і паслаў пазабіва́ць усіх дзяцей у Віфлее́ме і ва ўсіх ме́жах яго, ад двух гадоў і ніжэ́й, паводле часу, які дакладна вы́ведаў у мудрацоў.
 

Тады збыло́ся ска́занае прарокам Іерамíем, які гаворыць:
 

«голас у Раме чу́тны, галашэнне, і плач, і ля́мант вялікі; Рахíль плача па дзе́цях сваіх і не хоча суце́шыцца; бо іх няма».
 

А калі Ірад памёр, — вось, Ангел Гасподні ў сне яўля́ецца Іосіфу ў Егіпце
 

і кажа: устань, вазьмі Дзіця́ і Маці Яго і ідзі ў зямлю́ Ізра́ілеву, бо паме́рлі тыя, што шукалі душы́ Дзіцяці.
 

Ён устаў, узяў Дзіця́ і Маці Яго і прыйшоў у зямлю́ Ізра́ілеву.
 

Але пачуўшы, што Архела́й царствуе ў Іудзеі замест Ірада, ба́цькі свайго, ён пабаяўся туды ісці; і, атрыма́ўшы ў сне наказ, адышоў у ме́жы Галілейскія.
 

І, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэ́т, каб збыло́ся ска́занае прарокамі, што Ён Назарэ́ем назва́ны будзе.