Дзеі 22 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Мужы́ браты́ і айцы́! вы́слухайце цяпер маё апраўда́нне перад вамі.
 

Пачуўшы, што ён загавары́ў з імі на яўрэйскай мове, яны яшчэ больш сцíшыліся. І ён сказаў:
 

я Іудзей, наро́джаны ў Та́рсе Кілікíйскім, а ўзгадава́ны ў гэтым горадзе каля ног Гамаліíла, наву́чаны даскана́ла айцоўскаму закону, шчы́ра адда́ны Богу, як і ўсе вы сёння;
 

паслядо́ўнікаў гэтага вучэ́ння я перасле́даваў аж да смерці, звя́зваючы і кíдаючы ў цямнíцу мужчын і жанчын,
 

што засве́дчыць пра мяне першасвята́р і ўсе старэ́йшыны; ад іх узя́ўшы і лісты́ да братоў, я ішоў у Дама́ск, каб тых, што былí там, звяза́ць і прыве́сці ў Іерусалім для пакара́ння.
 

І ста́лася, калі я быў у дарозе і набліжа́ўся да Дама́ска, не́дзе апоўдні раптам заззя́ла вакол мяне з неба святло вялікае.
 

Я ўпаў на зямлю́ і пачуў голас, які гаварыў мне: Саўл, Саўл, чаму ты Мяне гоніш?
 

Я адказа́ў: хто Ты, Госпадзі? І Ён сказаў мне: Я Іісус Назарэй, Якога ты гоніш.
 

Тыя, што былí са мною, уба́чылі святло і спало́халіся, але го́ласу Таго, Хто гаварыў да мяне́, не чу́лі.
 

А я сказаў: што́ мне рабіць, Госпадзí Гасподзь жа сказаў мне: устань і ідзі ў Дама́ск, і там будзе табе ска́зана пра ўсё, што прызна́чана табе рабіць.
 

І паколькі я стаў невіду́шчым ад сла́вы святла́ гэтага, то павялí мяне за руку́ тыя, што былí са мною, і я прыйшоў у Дама́ск.
 

І нейкі Ана́нія, чалавек набо́жны па закону, што меў добрае све́дчанне ад усіх Іудзеяў, якія жылí ў Дама́ску,
 

прыйшоў да мяне і, стаўшы перада мною, сказаў мне: Саўл, брат, стань віду́шчым! І я ў той жа час уба́чыў яго.
 

Ён жа сказаў мне: Бог айцоў нашых прадвы́браў цябе, каб ты спазна́ў волю Яго, убачыў Пра́ведніка і пачуў голас з ву́снаў Яго;
 

бо ты будзеш све́дкам Яго перад усімі людзьмí пра ўсё, што ты бачыў і чуў;
 

што ж ты цяпер мару́дзіш? устань, ахрысцíся і змый грахí свае, прызва́ўшы імя́ Госпада Іісуса.
 

І ста́лася, калі я вярну́ўся ў Іерусалім і маліўся ў храме, найшло́ на мяне захапле́нне,
 

і я ўба́чыў Яго, і Ён сказаў мне: паспяша́йся і вы́йдзі хутчэ́й з Іерусаліма, бо тут не пры́муць твайго све́дчання пра Мяне.
 

І я сказаў: Госпадзі! яны ведаюць, што я саджа́ў у цямніцу і біў у сінагогах тых, якія ве́руюць у Цябе́,
 

і калі праліва́лася кроў Сцяфа́на, све́дкі Твайго, я сам стаяў побач, і згаджа́ўся з забойствам яго, і сцярог адзе́нне тых, што забіва́лі яго.
 

І Ён сказаў мне: ідзі, бо Я пашлю́ цябе далёка да язы́чнікаў.
 

Да гэтага сло́ва слу́халі яго, а потым узнялí крык, ка́жучы: прэч з зямлі такога! бо ён не павíнен жыць.
 

Тым часам як яны крычалі, і рва́лі адзе́нне, і ўздыма́лі пыл у паветра,
 

тысячанача́льнік загада́ў уве́сці яго ў крэпасць і наказа́ў бічава́ць яго, дазна́цца з якой прычы́ны так крычалі на яго.
 

Калі ж расцягну́лі яго рамяня́мі, Павел сказаў сотніку, які стаяў побач: хіба дазво́лена вам бічава́ць Ры́мскага грамадзя́ніна, прычы́м не асу́джанага?
 

Пачуўшы гэта, сотнік падышоў і паве́даміў тысячанача́льніку, ка́жучы: глядзі, што ты збіра́ешся рабіць? гэты ж чалавек — Ры́мскі грамадзя́нін.
 

Тады тысячанача́льнік, падышо́ўшы, прамо́віў да яго: скажы мне, ты Ры́мскі грамадзя́нін? Ён сказаў: так.
 

Тысячанача́льнік адказаў: я за вялікія грошы набы́ў гэтае грамадзя́нства. Павел жа сказаў: а я і нарадзíўся з ім.
 

Тады адразу адступíлі ад яго тыя, што збіра́ліся катава́ць яго, а тысячанача́льнік, даве́даўшыся, што ён Ры́мскі грамадзя́нін, спало́хаўся, што звяза́ў яго.
 

На другі дзень, жада́ючы даве́дацца дакладна, у чым абвінава́чваюць яго Іудзеі, ён вы́зваліў яго з кайдано́ў і загада́ў сабра́цца першасвятара́м і ўсяму сінедрыёну і, вы́веўшы Паўла, паставіў яго перад імі.