Дзеі 6 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Вітаўта Тумаша
У гэ́тыя дні, калі памнажа́лася ко́лькасць ву́чняў, узнíкла нарака́нне Элінíстаў на Яўрэ́яў за тое, што былí занядба́ны ў штодзённым абслуго́ўванні ўдо́вы іх.
Тады двана́ццаць Апосталаў, склíкаўшы мно́ства ву́чняў, сказалі: няго́жа нам, пакíнуўшы сло́ва Бо́жае, абслуго́ўваць сталы́;
таму, браты́, вы́берыце са свайго асяро́ддзя сем мужоў паважа́ных, напо́ўненых Ду́хам Святы́м і му́драсцю, якіх паста́вім на гэ́тую спра́ву,
а мы пастая́нна бу́дзем у малітве і служэ́нні сло́ва.
І спадаба́лася сло́ва гэтае ўсяму сходу; і вы́бралі Сцяфа́на, му́жа, напо́ўненага вераю і Ду́хам Святы́м, і Філіпа, і Про́хара, і Нікано́ра, і Цíмана, і Парме́на, і Мікалая, празелíта з Антыяхíі,
якіх паста́вілі перад Апосталамі, і тыя, памаліўшыся, ускла́лі на іх ру́кі.
І сло́ва Божае ўзраста́ла, і значна памнажа́лася ко́лькасць вучняў у Іерусаліме, і вялікае мноства святаро́ў прыняло́ веру.
Сцяфан жа, напо́ўнены верай і сілай, твары́ў цу́ды і знаме́нні вялікія ў народзе.
І ўсталі некаторыя з сінагогі, называ́най сінагогай Ліберцíнцаў і Кірыне́йцаў і Александры́йцаў, і з тых, што былí з Кілікíі і Асíі, і спрача́ліся са Сцяфанам;
але не здо́лелі супрацьстая́ць му́драсці і Духу, Якім ён прамаўля́ў.
Тады падасла́лі яны людзей, каб тыя казалі: мы чулі, як ён гаварыў блюзне́рскія словы на Маісея і на Бога.
І падбухто́рылі народ, і старэ́йшын, і кніжнікаў, і, напа́ўшы, схапілі яго і прывялі ў сінедрыён,
і вы́ставілі лжы́вых све́дкаў, якія казалі: гэты чалавек не перастае́ гавары́ць блюзне́рскія сло́вы су́праць святога месца гэтага і су́праць закону;
бо мы чулі, як ён каза́ў, што гэты Іісус Назарэй зруйну́е ме́сца гэтае і пераме́ніць звы́чаі, якія перада́ў нам Маісей.
І, угляда́ючыся ў яго, усе, хто сядзе́ў у сінедрыёне, уба́чылі аблічча яго, як аблічча Ангела.