2 да Цімафея 2 разьдзел

Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Ты ж, сыне мой, умацоўвайся ў благадаці, якая ў Хрысце Іісусе,
 

і што́ чуў ад мяне пры многіх сведках, тое перадай верным людзям, якія здольныя будуць і іншых навучы́ць.
 

Ты ж перанось цяжкасці, як добры воін Іісуса Хрыста.
 

Ніякі воін не звязвае сябе жыццёвымі справамі, каб дагадзíць военачальніку.
 

Калі ж хто і змагаецца, то не будзе увянча́ны, калі ён незаконна будзе змагацца.
 

Земляроб, які працуе, першым павінен атрыма́ць сваю частку пладоў.
 

Абдумай тое, што я кажу. Няхай дасць табе Гасподзь разуме́нне ва ўсім.
 

Па́мятай уваскрэслага з мёртвых Госпада Іісуса Хрыста, ад семені Давідавага, паводле дабравесця майго,
 

за якое я пакутую аж да кайданоў, як злачынец; але на слова Божае няма кайданоў.
 

Таму я ўсё цярплю дзеля абраных, каб і яны атрымалі спасенне ў Хрысце Іісусе са славаю вечнаю.
 

Вартае веры слова: калі мы з Ім памерлі, то з Ім і ажывём;
 

калі церпім, то з Ім і царстваваць будзем; калі адрачомся, то і Ён адрачэцца ад нас;
 

калі мы няверныя, то Ён застаецца верным, бо ад Сябе адрачы́ся не можа.
 

Гэта нагадвай, перад Госпадам заклінаючы не ўступаць у сваркі, ад якіх няма ніякай карысці, а толькі згу́ба слухача́м.
 

Старайся праявíць сябе перад Богам годна, як працаўнік бездакорны, які правільна выклада́е сло́ва ісціны.
 

А нягоднага пустаслоўя пазбягай; бо хто займаецца ім, тыя яшчэ больш будуць памнажаць бязбожнасць,
 

і слова іх, як гангрэна, будзе раз’яда́ць усё. Да іх нале́жаць Імяне́й і Філíт,
 

якія ўхіліліся ад ісціны, кажучы, што ўваскрасенне ўжо было, і разбура́юць у некаторых веру.
 

Аднак трывалы падму́рак Божы стаіць, маючы пячаць гэтую: «спазнаў Гасподзь Сваіх» і «няхай адсту́піць ад няпраўды кожны, хто вызнае́ імя́ Гасподняе».
 

А ў вялікім доме ёсць посуд не толькі залаты і сярэбраны, але і драўляны і гліняны; і адзін у пачэсным, а другі ў нізкім ужы́тку.
 

Дык вось, хто ачы́сціць сябе ад гэтага, той будзе пасудзінай пачэснай, асвячонай і патрэбнай Гаспадару́, гатовай да ўсякай добрай справы.
 

А юнацкіх пажа́днасцяў пазбяга́й, імкніся ж да праўды, веры, любові, міру з усімі, хто закліка́е Госпада ад чыстага сэрца.
 

Ад неразумных і бязглуздых спрэчак ухіляйся, ведаючы, што яны спараджа́юць сваркі;
 

рабу ж Гасподняму нельга свары́цца, а трэба быць прыя́зным да ўсіх, здольным навуча́ць, цярплівым,
 

з лагоднасцю настаўляць праціўнікаў, — ці не дасць ім Бог пакаяння для спазна́ння ісціны,
 

каб яны вы́зваліліся з пасткі дыявала, які паланíў іх для выкана́ння яго волі.