2 да Карынфянаў 1 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна
Павал, Апостал Ісуса Хрыста па волі Бога, і Цімахвей брат царкве Бога, якая знаходзіцца ў Карыньце, са ўсімі сьвятымі, што знаходзяцца па ўсёй Ахайі:
Павал, з волі Божай апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат, — царкве Божай, што ў Карыньце, з усімі сьвятымі, якія ў-ва ўсёй Ахаі:
Багадаць вам і мір ад Бога Бацькі нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Багаславёны Бог і Бацька Госпада нашага Ісуса Хрыста, Бацька міласэрнасьці і Бог усякага суцяшэньня,
Дабраслаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец міласэрнасьці і Бог усякага пацяшэньня,
Які суцяшае нас у кожным нашым горы, каб мы маглі суцяшаць тых, што знаходзяцца ва ўсякім горы, тым суцяшэньнем, якім Бог суцяшае нас саміх!
Які пацяшае нас у кожным прыгнёце нашым, каб мы маглі пацяшаць тых, якія ў-ва ўсялякім прыгнёце, пацяшэньнем, якім Бог пацяшае нас!
Бо паколькі памнажаюцца пакуты Хрыста ў нас, пастолькі памнажаецца і суцяшэньне нашае цераз Хрыста.
Бо як памнажаюцца ў нас пакуты Хрыстовыя, гэтак праз Хрыста памнажаецца і пацяшэньне нашае.
Калі ж мы церпім уціск, дык дзеля вашага суцяшэньня і выратаваньня, якое адбываецца цераз ператрываньне тых жа пакутаў, якія і мы трываем. Калі мы суцяшаемы, дык дзеля вашага суцяшэньня і збаўленьня. І надзея нашая на вас цьвёрдая,
А калі мы сьціснутыя, дык дзеля вашага пацяшэньня і збаўленьня, якое зьдзяйсьняецца праз перажываньне тых самых пакутаў, якія і мы церпім. Калі мы пацешаныя, дык дзеля вашага пацяшэньня і збаўленьня.
ведаючы, што вы зьяўляецеся ўдзельнікамі як у пакутах (нашых), так і ў суцяшэньні.
І надзея нашая на вас цьвёрдая, бо мы ведаем, што вы супольнікі як пакутаў, так і пацяшэньня.
Бо ня хочам, каб вы ня ведалі, браты, пра нашае гора, якое здарылася з намі ў Азіі, таму што прыгнечаны мы былí звыш меры (і) звыш сілы, так што мы нават згубілі надзею выжыць.
Бо мы ня хочам, каб вы, браты, ня ведалі пра наш прыгнёт, які стаўся нам у Азіі, бо бязьмерна цяжка было нам і па-над сілу, так што мы згубілі надзею застацца жывымі.
Але (мы) самі ў сабе мелі прысуд сьмерці, каб спадзявацца (нам) ня на сябе, але на Бога, Які ўваскрашае мёртвых,
Але мы мелі самі ў сабе прысуд сьмяротны, каб спадзявацца не на саміх сябе, але на Бога, Які ўваскрашае мёртвых,
Які збавіў нас ад гэткай (жахлівай) сьмерці і (далей) збаўляе, на Якога спадзяёмся, што і яшчэ збавіць
Які і выбавіў нас ад так вялікай сьмерці, і выбаўляе, на Якога спадзяемся, што і яшчэ выбаўляць будзе
і пры спрыяльнай вашай малітве за нас, каб праз (малітвы) многіх аб дару нам, многія атрымалі падставу быць удзячнымі за нас.
пры дапамозе і вашай малітвы за нас, каб за дараванае нам па просьбе многіх дзякавалі за нас многія.
Бо пахвала нашая ёсьць у тым, аб чым сьведчыць (і) сумленьне нашае, што мы жылí ў сьвеце гэтым, асабліва ж у вас, у прастаце і шчырасьці Божай, (кіруючыся) ня мудрасьцяй плоцкай, але Багадацьцю Божай.
Бо пахвала нашая гэткая — сьведчаньне сумленьня нашага, што мы ў прастаце і шчырасьці Божай, не ў цялеснай мудрасьці, але ў ласцы Божай жылі ў сьвеце, а асабліва ў вас.
Таму што мы пішам да вас ня нейкім іншасказаньнем, але тое, што вы чытаеце ці нават разумееце; спадзяюся ж, што і да канца зразумееце,
Бо мы пішам вам ня што іншае, але тое, што вы чытаеце ці пазнаяцё, а спадзяюся, што да канца спазнаеце,
як вы часткова і зразумелі нас, што мы зьяўляемся пахвалой вашай, як і вы — нашай у дзень Госпада Ісуса.
як вы часткова і даведаліся ад нас, што мы — пахвала вашая, як і вы — нашая, у дзень Госпада Ісуса.
З гэткай упэўненасьцяй хацеў я прыйсьці да вас (яшчэ) раней, каб вы ў другі раз атрымалі (гэткую) Багадаць;
І з гэтай пэўнасьцю я хацеў прыйсьці да вас раней, каб вы другі раз мелі ласку,
і праз вас прайсьці ў Македонію, ды ізноў із Македоніі прыйсьці да вас, і ад вас быць праведзеным у Юдэю.
і праз вас прайсьці ў Македонію, і зноў з Македоніі прыйсьці да вас, а вы правялі б мяне ў Юдэю.
Дык прымаючы гэткі намер, няўжо я тады выявіў лёгкадумнасьць? Ці тое, што я рашаю, рашаю па плоці, так што ў мяне бывае (адначасна) то «так, так», то «не, не»?
Маючы гэткую пастанову, ці я лёгкадумна зрабіў? Ці тое, што я пастанаўляю, паводле цела пастанаўляю, каб было ў мяне «Так, так» і «Не, не»?
Верны ж Бог, што слова нашае да вас ня было то «так», то «не».
Верны ж Бог, што слова нашае да вас не было «Так» і «Не»!
Таму што Божы Сын, Ісус Хрыстос, Які быў прапаведаны намі сярод вас, (і) мной і Сілуанам, і Цімахвеям, ня быў то «так», то «не», але ў Ім было (толькі) «так».
Бо Сын Божы, Ісус Хрыстос, Якога мы ў вас абвяшчалі, і я, і Сілуан, і Цімафей, ня быў «Так» і «Не», але было ў Ім «Так».
Бо ўсе абяцаньні Бога ў Ім «так» і ў Ім «амін», — на славу Богу цераз нас.
Бо ўсе абяцаньні Божыя ў Ім «Так» і ў Ім «Амэн», на славу Богу праз нас.
Той жа, Хто ўмацоўвае нас з вамі ў Хрысьце і памазаў нас (ёсьць) Бог,
А Той, Які зацьвердзіў нас з вамі ў Хрысьце і памазаў нас, ёсьць Бог,
Які і паклаў на нас (Сваю) пячатку і даў (нам) задатак Духа ў сэрцы нашыя.
Які і запячатаў нас, і даў заруку Духа ў сэрцы нашыя.
Я ж заклікаю Бога ў сьведкі на маю душу́, што, шкадуючы вас, я дагэтуль ня прыйшоў у Карынт.
Прызываю Бога ў сьведкі на душу маю, што, шкадуючы вас, я дагэтуль не прыйшоў у Карынт;
Ня таму, што мы пануем над верай вашай, але спрыяем вам у радасьці вашай; бо ў веры вы стаіце́ цьвёрда.
не таму, што мы пануем над вераю вашай, але мы супрацоўнікі ў радасьці вашай, бо ў веры вы стаіцё.