Да Габрэяў 1 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Бог, Які шмат разоў і многімі спосабамі здаўна гаварыў да ба́цькаў (нашых) праз прарокаў,
 
Бог, Які шмат разоў і шматлікімі спосабамі здаўна гаварыў да бацькоў праз прарокаў,

у апошнія гэтыя дні Ён прамовіў да нас у Сыне, Якога паставіў спадкаемцам усяго, празь Якога і вякі стварыў.
 
у апошнія гэтыя дні прамовіў да нас праз Сына, Якога паставіў за спадкаемцу ўсяго, праз Якога і вякі ўчыніў.

Ён, будучы зьзяньнем Славы і адзінствам прыроды Ягонай, творачы ўсё Словам Сілы Сваёй, зьдзейсьніўшы Сабою ачышчэньне нашых грахоў, сеў праваруч Ве́лічы на вышынях.
 
Ён, будучы зьзяньнем славы і выразам існасьці Ягонай і ўсё словам моцы Сваёй трымаючы, учыніўшы праз Сябе ачышчэньне грахоў нашых, сеў праваруч велічы на вышынях,

Наколькі Ягоная прырода была пераўзыходзячай над прыродай Ангелаў, настолькі пераўзыходзячае перад імі Імя Ён успадкаваў.
 
стаўшыся лепшым за анёлаў нагэтулькі, наколькі слаўнейшае за іх успадкаеміў імя.

Бо каму з Ангелаў Ён калі-небудзь сказаў?: «Ты Сын Мой, Я сягоньня спарадзіў Цябе». І яшчэ: «Я буду Яму Ба́цькам, а Ён будзе Мне Сынам».
 
Бо каму з анёлаў сказаў Ён калі: «Ты — Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе»? І яшчэ: «Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сынам»?

І ізноў: калі Ён уводзіць Першароднага ў сусьвет, кажа: «І хай паклоняцца Яму ўсе Ангелы Бога».
 
А калі ізноў уводзіць Першароднага ў сусьвет, кажа: «І няхай паклоняцца Яму ўсе анёлы Божыя».

А пра Ангелаў (аўтар Псальма 104) кажа: «Які (Ягова) робіць духаў Ангеламі Сваімі, і служак — Сваім агнявым полымям».
 
А наконт анёлаў кажа: «Ён робіць анёламі Сваімі духаў і служыцелямі Сваімі — полымя агню».

А пра Самога Сына: «Пасад Твой, Бог, навек вечнасьці; жазло Валадарства Твайго — жазло праўды».
 
А наконт Сына: «Пасад Твой, Божа, на век вечны; кій правасьці — кій валадарства Твайго.

«Ты ўзьлюбіў праведнасьць і зьнянавідзіў бяззаконьне; таму памазаў Цябе, Бог, Бог Твой алеем радасьці больш за супольнікаў Тваіх».
 
Ты палюбіў праведнасьць і зьненавідзеў беззаконьне. Дзеля гэтага памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем весялосьці больш за таварышаў Тваіх».

І: «Ты напачатку, о Госпадзе, заснаваў зямлю, і Нябёсы ёсьць справа Рук Тваіх;
 
І: «Ты напачатку, Госпадзе, умацаваў зямлю, і неба — справа рук Тваіх;

яны загінуць, а Ты прабываеш (у вяках вякоў); і ўсе яны, як вопратка састарэюць,
 
яны загінуць, а Ты застаешся; і ўсе, як шаты, састарэюць,

і, як вопратку, Ты скруціш іх, і будуць пераме́нены; а Ты Той Самы, і гады Твае ня скончацца».
 
і, як адзеньне, Ты скруціш іх, і яны зьменяцца; а Ты — Той Самы, і гады Твае ня скончацца».

І да каго з Ангелаў Ён калі-небудзь сказаў?: «сядзі праваруч Мяне, пакуль ні пакладу ворагаў Тваіх падножжам Ног Тваіх».
 
А наконт каго з анёлаў сказаў Ён калі: «Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх»?

Ці ня ўсе яны службовыя духі, пасыланыя на служэньне дзеля тых, якія маюць спадкаваць збаўленьне?
 
Ці ня ўсе яны — паслугавальныя духі, якія пасланыя на служэньне дзеля тых, якія маюць успадкаеміць збаўленьне?