Дзеі 1 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Першае апавяданьне, о Тэахвіле, (я) напісаў пра ўсё, што Ісус рабіў і чаму навучаў,
 
Перш, Тэафілю, пісаў я аб усім, што Езус рабіў і што навучаў ад пачатку

аж па той дзень (у які) быў узьнесены, даўшы праз Духа Сьвятога наказы Апосталам, якіх (Ён) выбраў,
 
аж да дня, у якім быў узяты ў неба, даўшы даручэньні праз Духа Сьвятога выбраным сабою апосталам.

якім і зьявіў Сябе жывым пасьля пакуты Сваёй са многімі доказамі, на праця́гу сарака дзён зьяўляючыся ім ды кажучы пра Валадарства Бога.
 
Па сваёй сьмерці даў Ён ім многа доказаў, што Ён жыве, на працягу сарака дзён паказваючыся ім ды навучаючы іх пра Каралеўства Божае.

І сабраўшы (іх) загадаў ім: зь Ярузаліму ня выходзіць, але чакаць абяцаньне Ба́цькі, якое (вы) чулі ад Мяне;
 
І пры супольным пасілку загадаў ім не выходзіць з Ерузаліму, але чакаць абяцаньня Айца: "Аб чым вы чулі ад Мяне,

бо Яан хрысьціў у вадзе, а вы будзеце ахрышчаны ў Духу Сьвятым пасьля прашэсьця нямногіх гэтых дзён.
 
што Ян хрысьціў вадою, а вось вы за некалькі дзён будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым".

Дык яны, зыйшоўшыся ра́зам, пыталіся ў Яго, кажучы: Госпадзе! ці ня ў гэтым часе аднаўляеш (Ты) Валадарства Ізраэлю?
 
Пыталіся ў Яго тыя, што былі сабраўшыся: "Госпадзе, ці ня ў гэты час адновіш каралеўства Ізраэля?"

А (Ён) сказаў ім: ня вам ведаць (канкрэтныя) часы ды (канкрэтныя) по́ры, якія Бацька паклаў ва Ўладзе Сваёй.
 
Ён жа сказаў ім: "Ня ваша справа ведаць час і хвіліну, якія ўстанавіў Айцец сваёй уладаю.

Але (вы) прымеце сілу зыйшоўшага на вас Сьвятога Духа, і будзеце Мне сьведкамі ў Ярузаліме і ва ўсёй Юдэі і Самары, і нават да краю зямлі.
 
Але калі атрымаеце моц зыйшоўшага на вас Духа Сьвятога, тады будзеце Мне сьведкамі ў Ерузаліме, і ва ўсёй Юдэі ды Самарыі, і аж па скрай зямлі".

І сказаўшы гэта (Ён) быў узьнесены на вачах у іх, і воблака ўзяло Яго з вачэй іхных.
 
І калі гэта сказаў, на вачах іхніх падняўся ўгору, і воблака ўзяло Яго ад іх вачэй.

І калі (яны) углядаліся на неба падчас ушэсьця Ягонага, і вось два мужчыны станулі перад імі ў белым адзеньні,
 
Калі яны так углядаліся на Яго, падымаючагася ў неба, вось жа два мужы ў белых шатах станулі каля іх,

якія і сказалі: мужчыны галілейцы! што (вы) стаіце і глядзіце на неба? Гэты Ісус, забраны ад вас на Неба, прыйдзе такім жа чынам, як (вы) бачылі Яго ўзыходзячым на Неба.
 
і сказалі яны: "Мужы Галілейскія, чаго стаіцё, углядаючыся ў неба? Гэты Езус, узяты ад вас у неба, так прыйдзе, як бачылі Яго ўзыходзячага ў неба".

Тады (яны) вярнуліся ў Ярузалім з гары называнай Аліваў, што непадалёк ад Ярузаліму ў (адлегласьці) суботняга ходу.
 
Тады вярнуліся яны з гары, званай Аліўнай, каторая каля Ерузаліма, за дзень суботні ходу.

І калі прыйшлі, падняліся ў верхні пакой, дзе і засталіся: Пётра і Якуб і Яан, і Андрэй, Піліп і Хама, Барталамей і Мацьвей, Якуб Алхвеяў і Сымон Зілот, ды Юда, (брат) Якуба.
 
І, прыйшоўшы, сабраліся яны ў сьвятліцу, дзе і прабывалі, Пётар і Ян, Якуб і Андрэй, Філіп і Тамаш, Баўтарамей і Мэтэвуш, Якуб Альфеяў і Сымон Зэлёт ды Юда Якубаў.

Усе яны аднадушна былі ў малітве і маленьні (разам) з жанчынамі ды з Марыляю, маткай Ісусавай ды з братамі Ягонымі.
 
Яны ўсе аднадушна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, Маткаю Езуса, ды братамі Яго.

І ў гэныя дні Пётра, устаўшы пасярод вучняў, сказаў — а была грамада людзей разам каля ста дваццацёх:
 
У тыя дні, стануўшы пасярод братоў, — а там было сабраўшыся каля ста дваццаці чалавек, — Пётар сказаў:

мужчыны браты! належала споўніцца Пісаньню гэтаму, якое прадказаў Дух Сьвяты праз вусны Давідавыя пра Юду, які стаў павадыром тых, што схапілі Ісуса,
 
"Мужы браты, споўнілася тое, што ў Пісаньні прадказаў Дух Сьвяты вуснамі Давіда пра Юду, каторы быў правадыром тых, што ўзялі Езуса.

бо (ён) быў залічаны да нас і атрымаў удзел у служэньні гэтым,
 
Ён быў залічаны да нас і меў удзел у гэтым служэньні.

ён жа атрымаў зямлю як узнагароду за няправеднасьць і раздуўшыся рынуўся, і лопнуў жывот (ягоны), і вываліліся ўсе вантробы ягоныя.
 
Ён вось атрымаў зямлю як заплату за злачынства і, рынуўшыся, разьдзёрся напалам ды вылілася ўсё нутро яго.

І стала вядомым (гэта) усім жыхара́м Ярузаліму, так што зямля тая на іхняй роднай гаворцы завецца Акельдама́, што значыць зямля крыві.
 
І даведаліся пра гэта ўсе жыхары Ерузаліма, так што гэтае поле ў іхняй мове было названа Акельдамах, значыць Поле крыві.

Бо напíсана ў Кнізе Псальмаў: хай двор ягоны стане пустым, і няхай ніхто ня жыве ў ім; і: пасад ягоны хай прыйме іншы.
 
Бо ў кнізе Псальмаў напісана: "Хай яго панадворак будзе пустым, ды хай ніхто на ім не жыве", ды: "Хай урад яго возьме хто іншы".

Дык трэба, каб із тых мужчын, што былі з намі праз увесь час, як прыходзіў і адыходзіў ад нас Госпад Ісус,
 
Дык трэба, каб адзін з гэтых мужоў, што з намі хадзілі ўвесь час, пакуль Госпад Езус быў з намі,

пачаўшы ад хрышчэньня Яанавага ажно да дня, калі (Ён) быў узьнесены ад нас, — які быў разам з намі сьведкай уваскрасе́ньня Ягонага, — (выбраць) аднаго зь іх.
 
пачынаючы ад Янавага хросту аж да дня, у каторым Ён быў узяты ад нас, быў разам з намі сьведкам ўваскрасеньня Ягонага".

І паставілі двух: Язэпа, званага Барсабай, празванага Юстам, і Мацьвія
 
І выставілі двух: Язэпа, называнага Барсабай, па мянушцы Справядлівы, ды Мацея.

і, памаліўшыся, (яны) сказалі: Ты, Госпадзе, Які ведаеш сэрца ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, каго (Ты) выбраў
 
І ў малітве прасілі: "Ты, Госпадзе, што ведаеш сэрцы усіх, пакажы, каторага з гэтых двух выбраў

прыняць удзел у служэньні гэтым і Апо́стальстве, ад якога адступіўся Юда, каб ісьці ў сваё мейсца.
 
заняць месца паслугі і апостальства, ад якога адступіўся Юда, каб заняць належнае сваё месца".

І кінулі жэрабе аб іх, і выпала жэрабе на Мацьвія, і (ён) быў далучаны да адзінаццацёх Апосталаў.
 
І кінулі жэрабя, і жэрабя выпала на Мацея, і ён быў далучаны да адзінаццаці апосталаў.