1 да Карынфянаў 4 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Такім чынам хай (кожны) чалавек уважае нас за служак Хрыстовых і аканомаў тайнаў Бога.
 
Хай уважаюць нас людзі за слугаў Хрыстовых і за аканомаў тайнаў Божых.

Ад аканомаў, да таго ж, патрабуецца, каб кожны (зь іх) быў верным.
 
Ад аканомаў жа вымагаецца, каб кожны быў знойдзены верным.

Для мяне вельмі мала што дае, як судзіце аба мне вы ці людзі; я і сябе самога ня ацэньваю.
 
Мяне мала турбуе, што вы ці суд людзкі вырашыць аба мне. Але і я сам сябе не суджу.

Хоць я нічога (благога) пра сябе ня ведаю, але я апраўданы ня гэтым; бо судзьдзя мне — Госпад.
 
Бо хоць я не пачуваюся ні ў чым вінаватым, гэтым яшчэ не апраўданы. Госпад — Той, хто судзіць мяне.

Так што дачасна ні аб кім ня судзіце, пакуль ня прыйдзе Госпад, Каторы і прасьвеціць тайны ў цемры, і выявіць намеры сэрцаў, вось тады пахвала будзе кожнаму ад Бога.
 
Дык не судзіце заўчасна, пакуль ня прыйдзе Госпад, каторы асьвеціць тое, што ў цемры скрыта, ды выявіць намеры сэрцаў. Тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.

Гэта ж, браты, я прыклаў да сябе і Апалёса дзеля вас, каб вы навучыліся ад нас ня думаць больш за тое, што напісана, каб вы ня вывышшаліся адзін перад другім.
 
Гэта вось, браты, аднёс я да сябе і да Апалёса дзеля вас, каб вы навучыліся ад нас не выносіцца вышэй таго, што напісана; ды каб ніхто ў сваёй пыхлівасьці не падымаўся адзін над другім.

Бо хто цябе адзначае? Што ты маеш, чаго (б) ня атрымаў? Калі ж і атрымаў, чаго хвалішся, як бы ня атрымаў?
 
Хто бо цябе адзначае? Ды што ты маеш, чаго б не атрымаў? Калі ж ты атрымаў, дык нашто хвалішся, як быццам не атрымаў?

Вы ўжо перанасычаны, ужо разбагацелі, вы (ужо) бяз нас запанавалі. О, каб жа вы (і сапраўды) запанавалі, каб і мы разам з вамі запанавалі.
 
Вы ўжо насыціліся і сталіся ўжо багатымі, без нас ужо каралюеце. О каб вы на самай справе каралявалі, ды каб і мы з вамі разам маглі караляваць!

Бо думаю, што Бог нас, Апосталаў, выставіў як апошніх (вартых ганьбы людзей) як бы прысуджаных на сьмерць, таму што мы сталіся відовішчам для гэтага сьвету і Ангелаў, і людзей.
 
Вось я думаю, што Бог нас, апосталаў, паставіў як апошніх, быццам на сьмерць асуджаных. Сталіся мы відовішчам для сьвету, для анёлаў і для людзей.

Мы няразумныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце; мы немачныя, а вы моцныя; вы ў пашане, а мы ў ганьбе.
 
Мы дурныя дзеля Хрыста, а вы разумныя ў Хрысьце; мы кволыя, а вы дужыя; вас шануюць, а намі грэбуюць.

Нават да цяперашняга часу мы церпім і голад, і смагу, і галечу, і б’юць нас, і бадзяемся,
 
Аж да гэтай пары мы галадаем, смагнем, у нагаце ходзім, бітыя і выгнаныя,

і працуем, робячы сваімі рукамі; ліхасловяць нас, (мы) багаслаўляем, (мы) перасьледаваны, (але) трываем;
 
і працуем, робячы рукамі нашымі; праклінаныя, мы багаславім; перасьледаваныя, церпім;

(мы) зганьбаваныя, (але мы) угаворваем; мы (сталіся) як сьмецьце для (усяго) сьвету, мы сталіся для ўсіх адкідамі аж дагэтуль.
 
зьневажаныя, з любоўю адказваем; мы сталіся быццам сьмецьце гэтага сьвету, агідай для ўсіх аж дасюль.

Пішу гэта ня (для таго), каб пасароміць вас, але як маіх любасных дзяцей настаўляю вас на розум.
 
Не пішу гэтага, каб вас засароміць, але каб вам, як найдаражэйшым маім дзеткам, даць напамін.

Бо хаця б вы настаўнікаў у Хрысьце мелі тысячы, але ня многа ба́цькаў; а я нарадзіў вас у Хрысьце Ісусе Добрай весткай.
 
Бо хоць бы вы мелі ў Хрысьце тысячу выхавацеляў, але ня шмат бацькоў, бо я ў Хрысьце Езусе праз Эвангельле нарадзіў вас.

Таму вельмі прашу вас: будзьце маімі пераймальнікамі.
 
Дык прашу вас, будзьце маімі пераймальнікамі.

Дзеля гэтага я паслаў да вас Цімахвея, які ёсьць сын мой любасны і верны ў Госпадзе, каторы напомніць вам пра мае шляхі ў Хрысьце, як я вучу ўсюды ўва ўсякай царкве.
 
Дзеля гэтага пасылаю да вас Цімафея, які ёсьць сын мой найдаражэйшы і верны ў Госпадзе, ён вам прыгадае шляхі мае ў Хрысьце ды тое, аб чым я навучаю ўсюды ў кожнай царкве.

А як я ня прыходжу да вас, нікаторыя ўзганарыліся;
 
Некаторыя заганарыліся, быццам я ня маю намеру наведаць вас.

але я хутка прыйду да вас, калі Госпад захоча, і распазнаю ня слова тых, што ўзганарыліся, але сілу,
 
Але я прыйду неўзабаве да вас, калі Госпад дазволіць, і спазнаю ня словы ганарыстых, але чыны,

таму што Валадарства Бога ня ў слове, але ў сіле.
 
бо Каралеўства Божае не ў словах, але ў чыне.

Чаго вы хочаце? (Каб) я са ськіпетрам прыйшоў да вас, ці з любоўю і духам лагоднасьці?
 
Што хочаце? Ці каб з дубцом да вас я прыйшоў, ці з любоўю і духам лагоднасьці?