Да Эфэсянаў 1 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 1999
Павал, Апостал Ісуса Хрыста па волі Бога — сьвятым, што ў Эхвесе, і верным у Хрысьце Ісусе:
Павал, апостал Езуса Хрыста з волі Божай, сьвятым, якія ў Эфэзе, і верным у Хрысьце Езусе:
Багадаць вам і мір ад Бога Ба́цькі нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада нашага Езуса Хрыста.
Багаслаўлёны Бог і Бацька Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які багаславіў нас усякім духовым багаславеньнем у Нябёсах Хрыстом,
Багаслаўлены Бог і Айцец Госпада нашага Езуса Хрыста, які багаславіў нас з неба ўсякім багаславенствам духоўным у Хрысьце,
згодна таму, як Ён выбраў нас у Ім перш стварэньня сьвету, каб быць нам сьвятымі і бяззаганнымі перад Ім у любові,
які выбраў нас у Ім перад заснаваньнем сьвету, каб мы сталі сьвятымі і беззаганнымі перад Ім у любові,
наперад прызначыўшы нас на ўсынаўленьне Сабе праз Ісуса Хрыста паводля прыхільнасьці волі Сваёй,
які прызначыў нас на ўсынаўленьне сабе праз Езуса Хрыста з ласкавасьці волі сваёй,
у пахвалу славы Багадаці Сваёй, якой Ён шчодра надарыў нас у Любасным,
на хвалу велічы ласкі сваёй, якой абдарыў нас ва Умілаваным (Сыне),
у Якім мы маем адкупленьне Крывёю Ягонай, дараваньне грахоў паводля багацьця Багадаці Ягонай,
у якім маем адкупленьне праз кроў Ягоную, адпушчэньне грахоў паводле багацьця ласкі Яго,
якую Ён шчодра падараваў нам з усякай мудрасьцю і разуменьнем,
якую выліў Ён на нас шчодра ў-ва ўсякай мудрасьці і ўмеласьці,
адкрыўшы нам тайну волі Сваёй паводля дабразычлівасьці Сваёй, якую Ён раней уклаў у Яго,
каб выявіць нам таямніцу сваёй волі паводле свайго ўпадабаньня, што Ён раней заплянаваў у Ім (Хрысьце),
для ўладкаваньня паўнаты часоў, каб аб’яднаць усё пад адной галавой у Хрысьце: усё, што на Нябёсах і на зямлі, —
каб у поўні часу ўсё, што на небе і на зямлі, аб'яднаць пад галавою Хрыстом.
у Ім, у Якім і сталіся мы нашчадкамі, быўшы наперад прызначанымі паводля задумы Таго, Хто ўсё робіць паводля рашэньня волі Сваёй,
У Ім таксама і мы сталі ўдзельнікамі, прызначанымі рашэньнем Яго, які спраўляе ўсё паводле пастановы волі сваёй,
каб быць нам на пахвалу́ славы Ягонай, якія раней усклалі надзею на Хрыста,
каб былі мы на славу велічы Ягонай, тыя, якія ўжо раней пакладалі надзею ў Хрысьце.
у Якім і вы, пачуўшы слова праўды, Эвангельле выратаваньня вашага, у Якім і паверыўшы, запячатаны Духам абяцаньня Сьвятым,
У Ім таксама і вы, якія пачулі слова праўды, Эвангельле збаўленьня вашага, і ў Яго ўверыўшы, запячатаны абяцаным Духам Сьвятым,
Які ёсьць зарука спадчыны нашай для адкупленьня ўдзелу на пахвалу славы Ягонай.
які ёсьць зарука спадчыны нашае для адкупленьня ўласнасьці і на славу Ягонай велічы.
Таму і я, пачуўшы пра вашу веру ў Госпада Ісуса і любоў да ўсіх сьвятых,
Дзеля таго і я, чуючы пра вашую веру ў Госпада Езуса і пра любоў да ўсіх сьвятых,
ня спыняюся дзякаваць за вас, памятаючы пра вас у малітвах маіх,
не спыняюся дзякаваць Богу за вас, памятаю пра вас у малітвах маіх,
каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Бацька славы, даў вам Духа мудрасьці і адкрыцьця на пазнаньне Яго,
каб Бог Госпада нашага Езуса Хрыста, Айцец хвалы, даў вам Духа мудрасьці і аб'яўленьня, каб пазнаць Яго добра,
прасьвятліў вочы розуму вашага, каб вам уразумець што ёсьць (для нас) надзея прыкліканьня Ягонага, і якое багацьце славы спадчыны Ягонай у сьвятых,
каб Ён прасьвятліў вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, якая ёсьць надзея Ягонага пакліканьня ды якія багацьці славы спадчыны Ягонай для сьвятых,
і якая бязьмерная веліч магутнасьці Ягонай у нас, што вераць па дзеяньню магутнасьці сілы Ягонай,
і якая велічэзная сіла магутнасьці Ягонай у нас, веручых, праз дзеяньне магутнай сілы Яго,
якую Ён выявіў у Хрысьце, уваскрасіўшы Яго зь мёртвых, і пасадзіў праваруч Сябе ў Нябёсах,
якую выявіў Ён у Хрысьце, уваскрасіўшы Яго з памёршых і пасадзіўшы праваруч сябе ў небе
вышэй за ўсякае начальства і ўлады, і сілы, і валадараньня, і ўсялякае імя, якое называецца ня толькі ў гэтым веку, але і ў будучым,
вышэй за ўсякае начальства і ўладу, і сілу, і панаваньне, і над усякае імя, якое называецца ня толькі ў гэтым веку, але таксама і ў будучым;
і ўсё ўпакорыў пад Ногі Ягоныя і прызначыў Яго Галавою над усёй царквой,
і ўсё палажыў пад ногі Яму, і ўчыніў Яго галавой над усёй Царквою,
якая ёсьць цела Ягонае, поўня Таго, Які ўсё ва ўсім напаўняе.
якая ёсьць Цела Ягонае, поўня Таго, які ўсё ўсім напаўняе.