Да Эфэсянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І вас, якія былі мёртвымі праз злачынствы і грахі (вашыя),
 
І вы былі памёршымі праз праступкі і грахі вашы,

у якіх вы не́калі жылí, паводля звычая сьвету гэтага, па волі князя ўлады (што ў) паветры, духа, які цяпер дзейнічае ў сынах супраціву,
 
у якіх калісьці хадзілі звычаем гэтага сьвету, па волі князя, які валодае паветрам, духа, які дзейнічае цяпер у сынах бунту.

паміж якімі і ўсе мы не́калі жылí ў пажадлівасьцях плоці нашай, выконваючы хаценьні плоці і думак, і былі па прыродзе дзе́цьмі гне́ву, як і астатнія,
 
Між імі і мы калісьці жылі ўсе ў пажаданьнях цела нашага, выпаўняючы волю цела і думак, і былі мы па прыродзе дзецьмі гневу, як і іншыя.

Бог, багаты міласэрнасьцю, праз вялікую любоў Сваю, якою ўзьлюбіў нас,
 
Але Бог, багаты міласэрдзем, праз бязьмежную любоў сваю, якою ўзьлюбіў нас,

і нас, мёртвых па злачынствах, ажывіў з Хрыстом, — Багадацьцю вы ўратаваны, —
 
і хоць былі мы памёршымі праз грахі, ажывіў нас з Хрыстом, — ласкаю вы збаўлены, —

і ўваскрасіў (зь Ім), і пасадзіў (зь Ім) у Нябёсах у Хрысьце Ісусе,
 
і ўваскрасіў разам з Ім, і пасадзіў у небе ў Хрысьце Езусе,

каб зьявіць у надыходзячых вяках найвялікшае багацьце Багадаці Сваёй у дабрыні да нас у Хрысьце Ісусе.
 
каб у наступных вяках выявіць нам незвычайныя багацьці ласкі сваёй у ласкавасьці да нас у Хрысьце Езусе.

Бо Багадацьцю вы ўратаваны празь веру, і гэта ня ад вас, Божы дар:
 
Ласкаю бо вы збаўлены праз веру, і гэта не ад вас, але Божы дар;

ня ад дзеяў, каб ніхто ня хваліўся.
 
не праз учынкі, каб ніхто не хваліўся.

Бо мы Ягонае стварэньне, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя ўчынкі, якія Бог загадзя прызначыў, каб нам іх выканаць.
 
Бо мы — Ягонае стварэньне, створанае ў Хрысьце Езусе для добрых учынкаў, якія Бог загадзя прыгатаваў, каб мы іх выпаўнялі.

Таму памята́йце, што вы, не́калі пагане па целу, якіх называлі няабрэзанымі, гэтак званыя абрэзаныя абразаньнем па целу, якое рабілася рукамі,
 
Дзеля таго памятайце, што вы, калісьці пагане целам, якіх завуць неабразаньнем тыя, што называюцца абразаньнем, якое зробленае рукою на целе,

таму што вы былі ў той час бяз Хрыста, будучы адчу́жанымі ад грамадзянства Ізраэля і чужымі Запаветам абяцаньня, якія ня мелі надзеі і (былі) бязбожнымі ў гэтым сьвеце.
 
у той час былі без Хрыста, выключанымі ад супольнасьці з Ізраэлем і ад удзелу ў абяцаньнях запавету, ня маючы надзеі і бяз Бога ў сьвеце.

А цяпер у Хрысьце Ісусе вы, якія не́калі былі далёка, сталіся блізкімі Крывёю Хрыстоваю.
 
Цяпер жа ў Хрысьце Езусе вы, што калісьці былі далёка, сталіся блізкімі праз кроў Хрыстову.

Бо Ён ёсьць мір наш, Які зрабіў тое і другое адзіным, і разбурыў стаячую паміж імі сьцяну, якая разьдзяляла іх і адасабляла,
 
Бо Ён — супакой наш, які злучыў абодвух у адно і зруйнаваў мур разьдзяляючы, сваім целам зьнішчыўшы варожасьць,

скасаваўшы варожасьць Целам Сваім, а Закон прыказаньняў — Вучэньнем, каб із двух стварыць у Сабе аднаго новага чалавека, прыносячы мір,
 
скасаваў закон прыказаньняў з яго пастановамі, каб з двух у сабе стварыць аднаго новага чалавека, творачы мір,

і прымірыць з Богам абодвух у адным целе праз крыж, забіўшы варожасьць на ім.
 
і прымірыць з Богам абодвух у адным целе праз крыж, самім сабою касуючы варожасьць.

І прыйшоўшы Ён абвясьціў мір вам, далёкім і блізкім,
 
І, прыйшоўшы, Ён абвяшчаў мір вам, якія былі далёка, ды мір тым, што былі блізка.

таму што празь Яго мы, адны і другія, маем доступ у адным Духу да Бацькі.
 
Бо праз Яго адны і другія маем доступ да Айца ў адным Духу.

Таму вы ўжо ня чужынцы альбо прыхадні, але суграмадзяне сьвятым і свае Богу,
 
Дык таму вы ўжо не чужынцы і прыхадні, але суграмадзяне сьвятых і члены сям'і Божай,

угрунтаваныя на падваліне Апосталаў і прарокаў, дзе вуглавым Каменем ёсьць Сам Ісус Хрыстос,
 
угрунтаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе вуглавым камнем ёсьць сам Хрыстос Езус,

на Якім уся будыніна шчыльна змацоўваючыся, узрастае ў Сьвятыню ў Госпадзе,
 
на якім уся пабудова зладжана расьце ў сьвятую сьвятыню ў Госпадзе,

на Якім і вы разам будуецеся ў жытло Бога Духам.
 
у якую і вы разам будуецеся, творачы Скінію Божую ў Духу.