1 да Фесаланікійцаў 1 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Павал і Сілуан, і Цімахвей — царкве тэссалонцаў у Богу Бацьку і Госпадзе Ісусе Хрысьце: Багадаць вам і мір ад Бога Бацькі нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
 
Павал, і Сільван, і Цімафей Тэсалонскай царкве ў Богу Айцу і Госпадзе Езусе Хрысьце: Ласка вам і супакой.

Дзякуем Богу заўсёды за ўсіх вас, успамінаючы пра вас у малітвах нашых,
 
Дзякуем Богу заўсёды за вас усіх, памятаючы пра вас безупынна ў малітвах нашых.

нясупынна ўспамінаючы вашу дзею веры і працу любові, і цярплівасьць надзеі на Госпада нашага Ісуса Хрыста перад Богам і Бацькам нашым,
 
помнячы на дзейнасьць веры вашай, на працу любові і трываласьць надзеі ў Госпадзе нашым Езусе Хрысьце перад Богам і Айцом нашым,

(і) ведаючы, любасныя браты, пра вашае выбраньне Богам.
 
ведаючы, умілаваныя Богам браты, выбраньне вашае,

Бо нашае Дабравесьце было ў вас ня толькі ў слове, але і ў сіле і ў Духу Сьвятым, і з поўным перакананьнем; і вы ведаеце, якімі мы былí паміж вамі дзеля вас.
 
бо эвангелізацыя нашая не была адно толькі ў словах, але ў сіле і ў Духу Сьвятым ды ў намаганьнях многіх, бо ж самі ведаеце, якімі мы былі ў вас для вас.

І вы сталіся насьлядоўнікамі нам і Госпаду, прыняўшы слова пры вялікім уціску, але з радасьцю Духа Сьвятога,
 
І вы сталіся пасьлядоўнікамі нашымі і Госпада, прыняўшы слова ў горы вялікім з радасьцю Духа Сьвятога,

праз што вы сталі прыкладам для ўсіх веручых у Македоніі і Ахайі.
 
і так вы сталіся ўзорам усім верным у Македоніі і Ахаі.

Бо ад вас пранеслася Слова Госпада ня толькі ў Македоніі і Ахайі, але і ва ўсякім мейсцы (чутка) пра вашу веру ў Бога прайшла настолькі моцна, што нам няма патрэбы (яшчэ) што-небудзь расказаваць.
 
Бо ад вас разыйшлося слова Божае ня толькі ў Македоніі і Ахаі, але ва ўсякае месца дайшла вера ваша ў Бога, так што нам няма патрэбы гаварыць пра гэта.

Бо самі (людзі) распавядаюць пра нас, які ўваход мы мелі да вас, і якім чынам вы навярнуліся ад балванаў да Бога, каб служыць Богу жывому і праўдзіваму
 
Бо самі людзі гавораць пра нас, якое прыняцьцё мелі мы ў вас, ды як вы навярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служыць Богу жывому і праўдзіваму

і чакаць Сына Ягонага зь Нябёсаў, Якога Ён уваскрасіў зь мёртвых, — Ісуса, Які збаўляе нас ад гневу, які надыходзіць.
 
і чакаць Сына Ягонага з неба, якога Ён падняў з памёршых, Езуса, каторы ўхаваў нас ад будучага гневу (Божага).