Псалтыр 145 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Хвалебная песьня Давідавая. Я буду Цябе ўзвышаць, Божа мой, Каро́лю (мой), Імя Тваё буду славіць у вяках вякоў.
 

Багаслаўляць Цябе буду што-дня і ўсхваляць Імя Тваё ў вяках вякоў.
 

Вялікі ёсьць Ягова і надзвычай варты ўсхваленьня, і Веліч Ягоная нядасяжная.
 

Пакаленьне пакаленьню будзе ўхваляць творы Твае, і яны будуць апавяшчаць магутныя Дзеяньні Твае.
 

Я буду разважаць і гаварыць пра пышную славу Велічы Тваёй і пра словы аб цудоўных Дзеях Тваіх.
 

Хай яны гавораць пра сілу страшашчых Дзеяў Тваіх, а я буду расказваць пра Веліч Тваю.
 

Яны будуць абвяшчаць памяць пра вялікую Дабрыню Тваю і ўрачыста славіць Справядлівасьць Тваю.
 

Міласэрны і спагадны ёсьць Ягова, няскоры да гневу і вялікі на добраспагадлівасьць.
 

Добры ёсьць Ягова да ўсіх, і Спагаднасьць Ягоная над усімі творамі Ягонымі.
 

Цябе, Ягова, хай хваляць усе Твае творы. Хай багаслаўляюць Цябе сьвятыя Твае.
 

Хай апавядаюць яны аб Славе Валадарства Твайго і распавядаюць пра Магутнасьць Тваю,
 

каб сынам чалавечым даць пазнаць пра магутныя Дзеі Ягоныя і пра слаўную Веліч Валадарства Ягонага.
 

Валадарства Тваё ёсьць Валадарства ўсіх вякоў, і Валадараньне Тваё трывае праз усе пакаленьні.
 

Ягова падтрымлівае ўсіх, хто па́дае, і выпрастоўвае ўсіх прыгну́тых.
 

Вочы ўсіх углядаюцца на Цябе, і Ты даеш ім ежу ўпару.
 

Ты раскрываеш Руку Тваю і насычаеш усё жывое паводля жаданьня.
 

Справядлівы Ягова на ўсіх шляхах Сваіх, і Сьвяты ў усіх Сваіх Дзеях.
 

Блíзкі Ягова да ўсіх, хто Яго прыклікае, да ўсіх, хто Яго прыклікае ў праўдзе.
 

Ён ставіцца прыймальна да тых, хто баіцца Яго, Ён чуе іхны стогн пра дапамогу, і Ён ратуе іх.
 

Ягова асланяе ўсіх, хто любіць Яго, а ўсіх бязбожнікаў Ён вынішчыць.
 

Хай рот мой вымаўляе хвалу Ягове. І хай усякае цела багаслаўляе Ягонае Сьвятое Імя ў вяках вякоў.