Псалтыр 20 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Кіраўніку хору. Псальм Давідавы.
 

Хай адкажа Табе Ягова ў дзень скру́хі. Хай абароніць Цябе Імя Бога Якубавага.
 

Хай пашле Ён Табе дапамогу са Сьвятыні, і зь Сыёну хай Ён абароніць Цябе.
 

Хай успомніць усе Твае прынашэньні ахвяраў, і цэласпаленьне Твае хай прыйме, як поўназадавальняючае. Зэля.
 

Хай дасьць Табе паводля Сэрца Твайго, і ўсе задумы Твае хай Ён выканае.
 

Будзьма ўрачыста радавацца выратаваньню Твайму і ўздымем Сьцяг у Імя Бога нашага. Хай Ягова выканае ўсе Твае просьбы.
 

Цяпер ведаю я, што Ягова ратуе Свайго Памазанца. І Ён адкажа Яму са Сваіх Сьвятых Нябёсаў выратавальнай магутнасьцю Правіцы Сваёй.
 

Адны спадзяюцца на калясьніцы, другія спадзяюцца на коні, а мы помнім Імя Яговы, Бога нашага.
 

Тыя спатыкаюцца і падаюць, а мы стаім, і стаім проста.
 

Ягова, ратуй! Хай адкажа нам Кароль у дзень, калі мы Яго гукаем.