Псалтыр 30 псалом
Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2002
Псальм Давідавы. Песьня пры пасьвячэньні дому.
Буду ўзьвялічаць Цябе, Ягова, бо Ты выцягнуў мяне, і ня даў ворагам маім пацяшацца зь мяне.
Ягова, Божа мой! я крычаў да Цябе, і Ты аздаравіў мяне.
Ягова! Ты вывеў зь пекла душу́ маю, Ты пакінуў мяне жыць у адрозьненьне ад тых, што сыходзяць у магілу.
Сьпявайце і іграйце Ягове, (вы) сьвятыя Ягоныя, і хваліце Ягонае Сьвятое Імя,
бо гнеў Ягоны трывае адно імгненьне, а зычлівасьць Ягоная трывае ўсё жыцьцё: увечары — плач, а нараніцы — радасьць.
А я казаў у маёй бясьпечнасьці: «я ня пахіснуся вавек».
Ягова, у Тваёй зычлівасьці Ты ўмацаваў гару маю. А як Ты схаваў Аблічча Тваё, і я стаўся, як адштурхнуты.
Тады я гукаў Цябе, Ягова, і маліў я Госпада майго.
Што за карысьць у крыві маёй, у тым, што я зыйду ў магілу? Ці стане хваліць Цябе пыл? Ці стане ён абвяшчаць Тваю Праўду?
Пачуй, Ягова, і будзь да мяне літасьцівым! Ягова! будзь мне ўспамогай.
Мой лямант Ты абярнуў у скокі, Ты ськінуў зь мяне рызьзё і падперазаў мяне радасьцяй,
каб слава Табе сьпявала і ня маўчала. Ягова, Божа мой, буду славіць Цябе вечна.