Псалтыр 66 псалом
Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2002
Кіраўніку хору. Песьня. Псальм. Гукай да Бога, уся зямля!
Сьпявайце (і іграйце) славе Імя Ягонага. Дайце Яму слаўную хвалу.
Кажыце Богу: «Якія вартыя багавейнасьці (аж да страху) Учынкі Твае! Дзеля велічы сілы Тваёй будуць падлыгваць Табе ворагі Твае.
Уся зямля паклоніцца Табе, будзе сьпяваць Табе, будзе сьпяваць Імю Твайму. Зэля.
Прыйдзіце і паглядзіце на Ўчынкі Бога! Варты багавейнасьці (да страху) ёсьць Ён у Сваёй Дзеі да сыноў чалавечых.
Ён ператварыў мора ў су́шу. Яны перайшлі раку пехатою. Там мы радаваліся ў Ім.
Ён валадарыць у магутнасьці Сваёй вечна. Вочы Ягоныя глядзяць на народы. Бунтаўнікі хай ня ўзвышаюцца самі ў сабе. Зэля.
Багаславіце, народы, Бога нашага, і хай будзе чу́тны гук славы Ягонай,
Які душу́ нашую ўтрымаў у жыцьці, і нагам нашым ня даў пахіснуцца.
Бо Ты нас выпрабаваў, Божа, пераплавіў нас, як пераплаўляюць срэбра.
Ты ўвёў нас у сетку, усклаў цяжа́р на паясьніцу нашую.
Ты даў людзям езьдзіць па галовах нашых; мы прайшлі праз агонь і ваду́, але Ты вывеў нас да збытку.
Я ўвайду ў Дом Твой з цэласпаленьнямі і споўню Табе абяцаньні мае,
якія вымавілі вусны мае, і якія гукаў рот мой ва ўціску маім.
Тлу́стыя цэласпале́ньні прынясу́ я Табе з ускурэньнем ад бараноў; прынясу Табе быкоў з казламі. Зэля.
Прыйдзіце і паслухайце, усе, хто баіцца Бога, і я распавяду, што Ён учыніў для душы маёй.
Я паклікаў Яго вуснамі маімі і ўзьвялічыў Яго языком маім.
Калі б я бачыў у сэрцы маім бяззаконьне, дык Госпад ня выслухаў бы (мяне).
Але, сапраўды Бог выслухаў і зва́жыў на голас малітвы маёй.
Хай будзе багаславёны Бог, Які ня адхінуў малітвы маёй і Багадаці Сваёй ад мяне.