Мацьвея 19 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І сталася, калі Ісус скончыў словы гэтыя, то выйшаў з Галілеі і прыйшоў далей Ярдана ў межы Юдэі.
 

І ўсьлед за Ім пайшлі многа людзей, і Ён аздаравіў іх там.
 

І прыступіліся да Яго хварысэі, спакушаючы Яго і кажучы Яму: дык ці дазволена чалавеку адпускаць жонку сваю па ўсякай прычыне?
 

Ён жа, адказаўшы, сказаў ім: ці ня прачыталі вы, што Творца ад (самага) пачатку сатварыў іх мужчынаю і жанчынаю?
 

І сказаў: таму пакіне чалавек бацьку і матку і стане прылеплены да жонкі сваёй, і будуць двое (аб’яднаны) у цела адно.
 

Дык яны ўжо ня двое, але адно цела. Пагэтаму, што Бог злучыў (шлюбам), чалавеку ня разлучаць!
 

Кажуць Яму: як жа Масей загадаў даць разводны ліст і адпусьціць яе?
 

Кажа ім: Масей дзеля жорсткасьці сэрца вашага дазволіў вам адпускаць жонак вашых; а спачатку ня было гэтак.
 

Але (Я) кажу вам: хто адпусьціць жонку сваю акрамя (прычыны) пералюбства, і ажэніцца з другою, той чыніць пералюб; і хто ажэніцца з разьведзенаю, той чыніць пералюб.
 

Кажуць Яму вучні Ягоныя: калі такое патрабаваньне да чалавека перад жонкай — лепш ня жаніцца.
 

Ён жа сказаў ім: ня ўсе разумеюць слова гэтае, але каму дадзена.
 

Бо ёсьць скапцы, якія з жывата маткі народжаны гэткімі; і ёсьць скапцы, якіх выпакладалі людзі; і ёсьць скапцы, якія выпакладалі самі сябе дзеля Валадарства Нябёсаў. Хто можа разумець, хай разумее.
 

Тады прыведзены былі да Яго дзеці, каб (Ён) усклаў на іх Ру́кі і памаліўся, вучні ж забаранілі ім.
 

Але Ісус сказаў: пусьціце дзяцей і ня перашкаджайце ім прыйсьці да Мяне, бо гэткіх ёсьць Валадарства Нябёсаў.
 

І, усклаўшы на іх Ру́кі, пайшоў адтуль.
 

І вось нехта, падыйшоўшы, сказаў Яму: Настаўнік добры! што зрабіць мне добрае, каб мець жыцьцё вечнае?
 

Ён жа сказаў яму: чаму (ты) называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, акрамя толькі Бога. Калі ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, выпаўняй прыказаньні.
 

Кажа Яму: якія? Ісус жа сказаў: ня забівай, ня чыні пералюбу, ня крадзі, ня сьведчы ілжыва;
 

шануй бацьку твайго і матку і любі бліжняга твайго як самога сябе. (Вых. 20:12,13−16; Ляв. 19:18; Другазак. 5:16,17−20)
 

Юнак кажа Яму: усё гэтае я выконваў з юнацтва майго: чаго яшчэ (мне) ня хапае?
 

Ісус яму сказаў: калі хочаш быць дасканалым пайдзі прадай маёмасьць сваю і раздай убогім і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь (ды) ідзі ўсьлед за Мною.
 

Пачуўшы ж гэтае слова, юнак адыйшоў замаркочаны, бо ў яго было многа маёнткаў.
 

Ісус жа сказаў вучням Сваім: праўду кажу вам: цяжка багатаму ўвайсьці ў Валадарства Нябёсаў.
 

І яшчэ кажу вам: лягчэй вярблюду́ прайсьці праз іголчына вуха, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Бога.
 

Пачуўшы ж (гэтае), вучні Ягоныя былі вельмі зьдзіўлены, кажучы: хто ж можа быць збаўленым?
 

Але паглядзеўшы Ісус сказаў ім: людзям гэта нямагчыма, а Богу ўсё магчыма.
 

Тады адказаўшы Пётр сказаў Яму: вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўсьлед за Табою; што ж будзе нам?
 

А Ісус сказаў ім: праўду кажу вам, што ў новым жыцьці вы, што пайшлі ўсьлед за Мною, калі Сын Чалавечы сядзе на пасадзе Славы Сваёй, сядзеце і вы на дванаццаці пасадах судзячы дванаццаць родаў Ізраэля.
 

І кожны хто пакінуў дамы альбо братоў, альбо сёстраў, альбо бацьку, альбо матку, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо землі дзеля Імені Майго, атрымае ў сто разоў больш і ўспадкуе жыцьцё вечнае.
 

А многія першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі.