Дзеі 26 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Агрыппа ж сказаў да Паўлы: дазваляецца табе гаварыць за сябе. Тады Паўла, працягнуўшы руку́, пачаў апраўдвацца.
 

Кароль Агрыппа, (я) лічу сябе шчасьлівым, быць гатовым сягоньня да абароны ад усяго, у чым вінавацяць (мяне) жыды,
 

бо ты найлепш ведаеш усе звы́чаі жыдоўскія і спрэчныя пытаньні. Дык прашу цябе выслухаць мяне цярпліва.
 

Жыцьцё маё ад юна́чых гадоў, якое ад пачатку прайшло сярод народу майго ў Ярузаліме, ведаюць усе жыды,
 

ведаючы мяне здаўна́ — калі б захацелі сьведчыць, — што я як хварысэй жыў паводля найдасканальшае навукі веры нашае.
 

І вось цяпер (я) стаю, як падсудны за надзею на абяцаньне, данае ба́цькам (нашым) ад Бога.
 

Дасягнуць якое спадзяюцца дванаццаць родаў нашых служачы ноччу і ўдзень рупліва. За гэту надзею вінавацяць мяне жыды, (о) кароль Агрыппа!
 

Што? Вам здаецца няверагодным, што Бог ускрашае мёртвых?
 

Дый мне яно здавалася, што мне належыць многа зрабіць супраць Іменьня Ісуса Назарэя,
 

што і зрабіў я ў Ярузаліме: узяўшы ўладу ад архірэяў, я многа сьвятых замкнуў у вастрогах, і як забівалі іх, (я) даваў голас (мой).
 

І па ўсіх сынагогах, часта мучачы іх, прымушаў да блюзьнерства і цераз меру раз’ярыўшыся супраць іх, перасьледаваў (іх) нават і да чужых местаў.
 

І з гэтым ідучы ў Дамаск, маючы ўладу і даручэньне ад архірэяў,
 

у палу́дзень, на дарозе, о каролю, (я) убачыў сьвятло зь неба, ярчэйшае за зьзяньне сонца, (якое) асьвяціла мяне і тых, што ішлі са мною.
 

І, як усе мы паваліліся на зямлю, (я) пачуў Голас, які прамовіў да мяне гаворачы жыдоўскай мовай: Саўла, Саўла, чаму перасьледуеш Мяне? Цяжка табе перці супраць ражна.
 

Я ж сказаў: Хто Ты, Госпадзе? Ён жа сказаў: Я ёсьць Ісус, Якога ты перасьледуеш;
 

але падыйміся і стань на ногі твае, бо Я дзеля таго зьявіўся табе, каб прызначыць цябе слугою і сьведкай таго, што ты ўбачыў і што адкрыю табе,
 

выбіраючы цябе з народу і (для) паганаў, да якіх цяпер пасылаю цябе,
 

каб расчыніць ім вочы, каб зьвярнуцца ім ад цемры да сьвятла і ад улады шата́на да Бога, ды праз веру ў Мяне атрымаць дараваньне грахоў і ўдзел сярод пасьвячоных.
 

Пагэтаму, кароль Агрыппа, я ня супрацівіўся зьяве нябеснай,
 

але абвяшчаў сьпярша жыхарам Дамаску і Ярузаліму, (а потым) і ўсёй зямлі Юдэйскай і паганам, каб пакаяліся і навярнуліся да Бога, робячы ўчынкі вартыя пакаяньня.
 

За гэта жыды, схапіўшы мяне ў Сьвятыні, памыка́ліся забіць (мяне).
 

Але атрымаўшы падмогу ад Бога і да гэтага дня стаю сьведчучы малому і вялікаму, нічога іншага ня кажучы, як што сказалі Прарокі і Масей, што мае стацца:
 

што Хрыстос прызначаны на пакуты і, Першы з ускрасеньня мёртвых мае абвясьціць сьвятло народу і паганам.
 

Калі ён гэтак апраўдываўся сказаў Хвэст громкім голасам: ты шалееш, Паўла, вялікая навука даводзіць цябе да ша́лу.
 

Ён жа кажа: ня шалею, вяльможны Хвэсьце, але кажу словы праўды і мудрасьці,
 

бо ведае аб гэтым кароль, перад якім і гавару сьмела, бо я ўпэўнены, што нішто з гэтага ад яго ня ўтаілася: бо ня ў закуцьці гэта было зроблена.
 

Ці верыш, кароль Агрыппа, Прарокам? ведаю, што верыш.
 

Агрыппа ж сказаў да Паўлы: ты амаль што пераконваеш мяне стацца хрысьціянінам!
 

Паўла ж сказаў: маліў бы я Бога, каб наогул ня толькі ты але і ўсе, што слухаюць мяне сягоньня, сталіся такімі, як і я акрамя гэтых путаў.
 

І, як сказаў ён гэтае, устаў кароль і правіцель і Бэрніка дый тыя, што зь імі сядзелі
 

і, адыйшоўшыся ўбок, гаварылі паміж сабою, кажучы, што чалавек гэты ня робіць нічога вартага сьмерці або путаў.
 

Агрыппа ж сказаў Хвэсту: можна б было звольніць гэтага чалавека, калі б ня паклікаўся на кесара.