2 да Карынфянаў 10 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2002
Сам жа я, Павал, які ў вашай прысутнасьці сьціплы, а ў вашай адсутнасьці строгі да вас, (цяпер) угаворваю вас зь мяккасьцю і лагоднасьцю Хрыстовай,
каб мне прыйшоўшы да вас ня праявіць адвагу зь такой упэўненасьцю, якую я думаю ўжыць у адносінах да нікаторых, што думаюць пра нас, быццам мы паступаем па плоці.
Хаця мы ходзім у целе, (але) змагаемся ня паводля плоці.
Бо зброя нашага змаганьня ня плоцкая, але моцная Богам на зруйнаваньне цьвярдыняў,
руйнуючы замыслы і ўсялякае высакамер’е, якое паўстае супраць пазнаньня Бога, і бяручы ў палон усялякую думку на послух Хрысту,
і (мы) гатовы пакараць усялякую няпаслухмянасьць, калі будзе споўнены ваш послух.
Ці на аблічча глядзіцё? Калі хто ўпэўнены ў сабе, што ён Хрыстовы, той сам у сабе хай разважыць, што як ён Хрыстовы, гэтак і мы Хрыстовыя.
Бо, калі б я і балей стаў хваліцца нашай уладай, якую даў нам Госпад на вашае збудаваньне, а ня на разбурэньне, то я ня буду пасаромлены.
Каб ня здалося вам, што я быццам бы палохаю вас Пасланьнямі.
Бо (нехта) кажа: «Пасланьні ягоныя важкія і моцныя, а ў асабістай прысутнасьці ён слабы, і слова ягонае нязначнае».
Гэтакі хай ведае тое: якія мы словамі ў Пасланьнях адсутнічаючы, такія мы і ў прысутнасьці — справаю.
Бо мы ня адважваемся залічаць сябе да некага альбо параўноўваць сябе зь некім з тых, што самі сябе рэкамендуюць. Але яны ня маюць мудрасьці мераючы сябе самімі сабою і параўноўваючы сябе з сабой.
Але мы будзем хваліцца ня бязь меры, але па меры таго ўдзелу, які прызначыў нам Бог, (паводля той) меры, каб дасягнуць і да вас.
Бо мы ня натужваемся, як ня дасягнуўшыя вас, таму што (мы) і вас дасягнулі Эвангельлем Хрыстовым.
Мы ня бязь меры хвалімся чужымі працамі, але маем надзею, што пры ўзрастаньні веры вашай, і нам быць узьвялічанымі зь лішкам у вас адпаведна ўдзелу нашаму,
каб дабравесьціць тым, што далей за вамі, але ня ў чужым удзеле, каб хваліцца гатовым.
А той, хто хваліцца, хай хваліцца Госпадам.
Таму што ня той варты (пахвалы), хто хваліць сябе, але каго хваліць Госпад.