2 да Карынфянаў 12 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Хваліцца мне ня карысна, бо я дайду да відзе́жаў і адкрыцьцяў Госпада.
 

Ведаю такога чалавека ў Хрысьце, які чатырнаццаць гадоў таму назад, ці то ў целе — ня ведаю, ці па-за целам — ня ведаю: Бог ведае, быў узьнесены да Трэйцяга Неба.
 

І ведаю такога чалавека, ці то ў целе, ці то па-за целам — ня ведаю: Бог ведае,
 

што ён быў узьнесены ў рай і пачуў нявымоўныя словы, якія чалавеку нельга пераказаць.
 

Гэткім буду хваліцца, а сабой хваліцца ня буду, хіба толькі немачамі маімі.
 

Бо калі б я захацеў пахваліцца, дык ня буду няразумным, таму што скажу праўду; але я ўстрымліваюся, каб хто ня падумаў аба мне болей, чым ува мне бачыць альбо што ад мяне чуе.
 

І каб я ня ўзвышаўся церазмернай веліччу адкрыцьцяў, дано мне джала ў плоць: ангел шата́на, каб мяне гнясьці; каб я ня ўзвышаўся.
 

Тройчы я маліў Госпада аб тым, каб ён адступіўся ад мяне.
 

Але Ён сказаў мне: «даволі для цябе Багадаці Маёй, таму што сіла Мая ў слабасьці дасягае дасканаласьці». Таму я больш ахвотней буду хваліцца не́мачамі маімі, каб жыла́ ўва мне сіла Хрыста.
 

Таму я задаволены немачамі, зьнявагамі, нястачамі, перасьледаваньнямі, уціскамі за Хрыста: бо калі я немачны, тады я дужы.
 

Я стаўся няразумным хвалючыся: вы мяне прыму́сілі. Вам належала б мяне хваліць; бо я ні ў чым ня маю нястачы перад вышэйшымі Апосталамі, хаця я і нішто.
 

Прыкметы Апостала праяўлены перад вамі ва ўсякім цярпеньні, знакамі, цудамі і сіламі.
 

Дык у чым вы менш вартыя ў параўнаньні з астатнімі цэрквамі? Хіба толькі ў тым, што я сам ня абцяжарыў вас! (Дык) даруйце мне такі грэх!
 

Вось (ужо) трэйці раз я гатоў прыйсьці да вас і ня буду абцяжарваць вас, бо ня шукаю вашага, але вас. Бо ня дзеці павінны зьбіраць скарб для бацькоў, але бацькí — для дзяцей.
 

Я ж (вельмі) ахвотна панясу выдаткі і (буду) зьнямагаць сябе за душы вашыя нават і ў выпадку, што я любячы вас намнога мацней, вамі (ж) любімы менш.
 

Дапу́сьцім, што я (адкрытым чынам) ня абцяжарыў вас, але будучы хітрым, (як небудзь) хітрасьцю вас абабраў.
 

(Але ж) я нікога ня пасылаў да вас, каб цераз яго атрымаць (асабіста для меня нейкую) выгаду ад вас.
 

Я ўпрасіў Ціта і паслаў (але ж ня аднаго яго, а) з братам: (дык скажыце) ці скарыстаўся Ціт хоць чым-небудзь ад вас? Дык ці ня ў адным Духу мы паводзілі сябе? Дык ці ня сьлед у сьлед ходзім мы?
 

Ці ня думаеце вы ізноў, што мы перад вамі (толькі) апраўдваемся? (Ды не), мы гаворым вам перад Богам, у Хрысьце: і ўсё гэта, любасныя, для вашага збудаваньня.
 

Але баюся, каб прыйшоўшы, ня знайсьці вас такімі, якімі ня хачу (вас знайсьці); ды і я каб ня быў вамі знойдзены такім, якім ня жадаеце: каб ня (знайсьці ў вас) спрэчак, зайздрасьці, гневу, сварак, ачарненьняў, нагавораў, пыхлівасьці, звадак;
 

каб ізноў, прыйшоўшы, ня пасароміў мяне Бог мой у вас, і каб ня аплакваць мне многіх, якія раней саграшылі і ня пакаяліся ў нячыстасьці і блудадзействе, і распусьце, якія яны ўчынілі.