2 да Карынфянаў 13 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Гэта (ужо) трэйці раз (я) іду да вас. Пры вуснах двух ці трох сьведкаў будзе лічыцца правільнасьць рашэньня ўсякай справы.
 

Я папярэдзіў (вас) раней, як прысутнічаў (у вас) другі раз, і папярэджваю цяпер (у вас) адсутнічаючы, пішу тым, што раней зграшылі, і ўсім астатнім, што, калі прыйду ізноў, ня пашкадую,
 

таму што вы шукаеце доказу: ці гаворыць ува мне Хрыстос, Які (у адносінах) да вас ня слабы, але моцны ў вас.
 

Бо хоць Ён і быў укрыжаваны ў не́мачы, але жывы сілаю Бога; ды і мы немачныя ў Ім, але будзем жыць зь Ім сілаю Бога ў вас.
 

Саміх сябе выпрабоўвайце, ці ў веры вы; саміх сябе дасьледуйце. Ці вы ня ведаеце саміх сябе, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба што вы ў чым-небудзь нягодныя.
 

Але спадзяюся, што вы даведаецеся, што мы ня нягодныя.
 

Малюся ж да Бога, каб ня зрабіць вам ніякага зла, ня для таго, каб мы паказаліся (вам) годнымі, але каб вы рабілі дабро, а мы, каб былі, быццам бы (мы) нягодныя.
 

Бо мы ня моцныя ў чым-небудзь су́праць праўды, але (моцныя) за праўду.
 

Бо мы радуемся, калі мы не́мачныя, а вы — моцныя; аб гэтым вось і молімся, аб вашым удасканаленьні.
 

Таму я пішу гэтае ў адсутнасьці, каб у прысутнасьці ня давялося мне ўжыць суровасьць улады, якую даў мне Госпад для збудаваньня, а ня для разбурэньня.
 

Урэшце, браты, радуйцеся, удасканальвайцеся, суцяшайцеся, будзьце аднадумнымі, жывіце ў міры, — і Бог любві і міру будзе з вамі.
 

Вітайце адзін аднаго сьвятым пацалункам.
 

Вітаюць вас усе сьвятыя.
 

Багадаць Госпада Ісуса Хрыста і любоў Бога, і лучнасьць Сьвятога Духа са ўсімі вамі. Амін.