2 да Карынфянаў 6 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2002
І мы, як супрацоўнікі (Бога), молім (вас), каб Багадаць Бога была прынята вамі ня ма́рна,
бо Ён кажа: «у час прыдатны Я пачуў цябе і ў дзень збаўленьня дапамог табе». Вось цяпер час прыдатны, вось цяпер дзень збаўленьня.
Мы нікому ні ў чым ня даём спатыканьня, каб ня было паглумленым служэньне,
але ва ўсім выяўляем сябе, як слугі Бога, у вялікай цярплівасьці, у бедах, у нястачах, ва ўцісках,
пад ударамі, у вастрогах, у бу́нтах, у спрацаванасьцях, у чуваньнях, у пастах,
у чысьціні, у мудрасьці, у доўгацярплівасьці, у дабрыні, у Духу Сьвятым, у любові някрывадушнай,
у слове праўды, у сіле Бога, са зброяй праведнасьці ў правай і левай руцэ,
у паша́не і ў га́ньбе, пад паклёпам і (у) добрай славе: як ашуканцы, але мы верныя,
як нявядомыя, але пазнава́ныя; як паміраючыя, але вось мы жывём; як караемыя, ды ня забіваныя;
як засмучаныя, але (мы) заўсёды радуемся; як жабракі, але многіх абагача́ючыя; як нічога ня маючыя, але ўсім валодаючыя.
Вусны нашыя адкрытыя для вас, карыньцяне, сэрца нашае расшырана.
Вам ня цесна ў нас, але ў сэрцах вашых цесна.
Адплаціце тым жа, — кажу як дзецям, — расшырцеся і вы.
Ня ўпрагайцеся зь няверучымі пад чужое ярмо; бо якая лу́чнасьць праведнасьці зь бяззаконьнем? Якая ж лучнасьць сьвятла зь цемраю?
Дык якая згода між Хрыстом і Бяліарам? Ці які саўдзел у вернага зь няверным?
Дык якая супольнасьць Сьвятыні Бога з балвана́мі? Бо вы ёсьць Сьвятыня Бога Жывога, як сказаў Бог: «пасялюся ў іх і буду жыць; і буду іхным Богам, і яны будуць Маім народам».
Таму: «выйдзіце зь асяродку іхнага і адлучыцеся, — кажа Госпад, — і ня дакранайцеся да нячыстага, і Я прыму вас».
«І буду вам Бацькам, і вы будзеце Мне сынамі і дочкамі, — кажа Госпад Уседзяржыцель (Усемагутны)».