Да Эфэсянаў 1 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2002
Павал, Апостал Ісуса Хрыста па волі Бога — сьвятым, што ў Эхвесе, і верным у Хрысьце Ісусе:
Багадаць вам і мір ад Бога Ба́цькі нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Багаслаўлёны Бог і Бацька Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які багаславіў нас усякім духовым багаславеньнем у Нябёсах Хрыстом,
згодна таму, як Ён выбраў нас у Ім перш стварэньня сьвету, каб быць нам сьвятымі і бяззаганнымі перад Ім у любові,
наперад прызначыўшы нас на ўсынаўленьне Сабе праз Ісуса Хрыста паводля прыхільнасьці волі Сваёй,
у пахвалу славы Багадаці Сваёй, якой Ён шчодра надарыў нас у Любасным,
у Якім мы маем адкупленьне Крывёю Ягонай, дараваньне грахоў паводля багацьця Багадаці Ягонай,
якую Ён шчодра падараваў нам з усякай мудрасьцю і разуменьнем,
адкрыўшы нам тайну волі Сваёй паводля дабразычлівасьці Сваёй, якую Ён раней уклаў у Яго,
для ўладкаваньня паўнаты часоў, каб аб’яднаць усё пад адной галавой у Хрысьце: усё, што на Нябёсах і на зямлі, —
у Ім, у Якім і сталіся мы нашчадкамі, быўшы наперад прызначанымі паводля задумы Таго, Хто ўсё робіць паводля рашэньня волі Сваёй,
каб быць нам на пахвалу́ славы Ягонай, якія раней усклалі надзею на Хрыста,
у Якім і вы, пачуўшы слова праўды, Эвангельле выратаваньня вашага, у Якім і паверыўшы, запячатаны Духам абяцаньня Сьвятым,
Які ёсьць зарука спадчыны нашай для адкупленьня ўдзелу на пахвалу славы Ягонай.
Таму і я, пачуўшы пра вашу веру ў Госпада Ісуса і любоў да ўсіх сьвятых,
ня спыняюся дзякаваць за вас, памятаючы пра вас у малітвах маіх,
каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Бацька славы, даў вам Духа мудрасьці і адкрыцьця на пазнаньне Яго,
прасьвятліў вочы розуму вашага, каб вам уразумець што ёсьць (для нас) надзея прыкліканьня Ягонага, і якое багацьце славы спадчыны Ягонай у сьвятых,
і якая бязьмерная веліч магутнасьці Ягонай у нас, што вераць па дзеяньню магутнасьці сілы Ягонай,
якую Ён выявіў у Хрысьце, уваскрасіўшы Яго зь мёртвых, і пасадзіў праваруч Сябе ў Нябёсах,
вышэй за ўсякае начальства і ўлады, і сілы, і валадараньня, і ўсялякае імя, якое называецца ня толькі ў гэтым веку, але і ў будучым,
і ўсё ўпакорыў пад Ногі Ягоныя і прызначыў Яго Галавою над усёй царквой,
якая ёсьць цела Ягонае, поўня Таго, Які ўсё ва ўсім напаўняе.