Да Каласянаў 1 разьдзел
Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2002
Павал, Апостал Ісуса Хрыста паводля волі Бога, і Цімахвей, брат
тым, што ў Калоссах, сьвятым і верным братам у Хрысьце: Багадаць вам і мір ад Бога Бацькі нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Заўсёды дзякуем Богу і Бацьку Госпада нашага Ісуса Хрыста молячыся аб вас,
пачуўшы пра веру вашую ў Хрыста Ісуса і любоў да ўсіх сьвятых,
дзеля надзеі на прыгатаванае вам у Нябёсах, пра што вы раней пачулі ў слове праўды Эвангельля,
якое ёсьць у вас, як і ва ўсім сьвеце, і прыносіць плод, як і паміж вамі, з таго дня, як вы пачулі і пазналі Багадаць Бога ў праўдзе,
як і навучыліся ад Эпатраса, любаснага супрацоўніка нашага, які ёсьць верны для вас служка Хрыста,
які і паведаміў нам пра вашую любоў у Духу.
Таму і мы з таго дня, як пачулі (пра гэта), ня перастаём маліцца за вас і прасіць, каб вы былí напоўнены пазнаньнем волі Ягонай ва ўсякай мудрасьці і разуменьні духовым,
каб паступаць вам годна Госпаду: ва ўсім дагаджаючы (Яму і) прыносячы плод у кожнай добрай справе, і ўзрастаючы ў пазнаньні Бога.
Ва ўсім узмацняючыся ў сіле паводля магутнасьці славы Ягонай, дзеля ўсялякай вытрываласьці і доўгацярплівасьці з радасьцю,
дзякуючы Ба́цьку, Які зрабіў нас годнымі да ўдзелу ў спадчыне сьвятых у Сьвятле,
Які збавіў нас ад улады цемры і перанёс у Валадарства Сына любові Сваёй,
у Якім мы маем адкупленьне праз Кроў Ягоную, і дараваньне грахоў,
Які ёсьць Абраз Бога нябачнага, Які народжаны (перш за) усякае стварэньне,
таму што Ім створана ўсё, што на Нябёсах і што на зямлі, бачнае і нябачнае, ці то пасады ці валадараньні, ці то начальствы ці ўлады — усё празь Яго і для Яго створана;
і Ён ёсьць перад усім, і ўсё Ім стаіць.
І Ён ёсьць Галава цела — царквы, Ён ёсьць Пачатак, Першынец зь мёртвых, каб ува ўсім Ён трымаў пяршынство,
таму што заўгодна было (Богу), каб у Ім споўнілася ўся паўната,
і каб празь Яго поўнасьцю прымірыць усё з Сабой, уціхамірыўшы празь Яго, праз Кроў крыжа Ягонага, і тое, што на зямлі, і тое, што на Нябёсах.
І вас, якія некалі былі адчу́жанымі і ворагамі праз схільнасьць у розуме да ліхіх учынкаў, дык цяпер Ён поўнасьцю прымірыў
у Целе (Сваім). Каб цераз сьмерць Цела Свайго паставіць вас перад Сабой сьвятымі і бяззаганнымі і бяздакорнымі,
калі трываеце ў веры цьвёрда і няпарушна і ня адступаеце ад надзеі Эвангельля, якое вы пачулі і якое было апавяшчона ўсяму стварэньню пад небам, якога я, Павал, стаўся служкай.
Цяпер я радуюся ў маіх пакутах за вас і дапаўняю нястачу му́каў Хрыстовых у целе маім за цела Ягонае, якое ёсьць царква,
якой я стаўся служкай у домакіраваньні Бога, што даручана мне дзеля вас, каб выканаць Слова Бога,
тайну, укрытую ад народаў у вяках, але цяпер адкрытую сьвятым Ягоным,
якім Бог захацеў паказаць, якое багацьце славы тайны гэтай для паганаў, якая ёсьць Хрыстос у вас, надзея славы,
Якога мы абвяшчаем, абразумляючы ўсякага чалавека і вучачы ўсякага чалавека ўсякай мудрасьці, каб прадставіць усякага чалавека дасканалым у Хрысьце Ісусе;
дзеля таго я і працую, змагаючыся Ягонай сілай, якая дзейнічае ўва мне магутна.