Да Каласянаў 3 разьдзел

Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Дык, калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, то шукайце ўзгорнага, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Богу;
 

аб узгорным думайце, а ня аб зямным.
 

Бо вы памерлі і жыцьцё вашае захавана з Хрыстом у Богу.
 

Калі зьявіцца Хрыстос, жыцьцё нашае, тады і вы зьявіцеся разам зь Ім у славе.
 

Дык умярцьвіце чэлясы вашыя, што на зямлі: блудадзейства, нячыстасьць, юр, ліхую пажадлівасьць і сквапнасьць, што ёсьць балванахвальства,
 

за якія прыходзіць гнеў Бога на сыноў супраціву,
 

сярод якіх і вы калісь хадзілі, калі жылі сярод іх.
 

Але цяпер і вы адкладзеце ўсё (гэтае): гнеў, лютасьць, злосьць, лаянку, брыдкаслоўе з вуснаў вашых;
 

ня хлусіце адзін аднаму, зьняўшы зь сябе старога чалавека зь ягонымі ўчынкамі
 

і апрануўшыся ў новага, які абнаўляецца ў пазнаньні на абраз Таго, Хто яго стварыў,
 

у якім няма ні элліна, ні жыда́, абразаньня і няабразаньня, ба́рбара, ськíта, раба, вольнага, але ўсё і ва ўсім Хрыстос.
 

Дык, апранецеся, як выбраныя Бога, сьвятыя і любасныя, у пачуцьці міласэрнасьці, дабрыні, сьціпласьці, ціхасьці, доўгацярпеньня,
 

церпячы адзін воднага і даруючы адзін воднаму, калі хто на каго мае скаргу: як і Хрыстос дараваў вам, гэтак і вы.
 

А панад усім тым апраніцеся ў любоў (Боскую), якая ёсьць сукупнасьць даскана́ласьці.
 

І мір Бога хай пануе ў сэрцах вашых, да якога вы і прыкліканы ў адным целе, і будзьце ўдзячнымі.
 

Слова Хрыста хай у вас жыве і раскашуе; і вы, са ўсякай мудрасьцю навучайце і настаўляйце адзін аднаго псальмамі і гімнамі і богахвалебнымі сьпевамі, з удзячнасьцю Госпаду сьпяваючы ў сэрцы вашым.
 

І ўсё, што ні робіце, словам альбо ўчынкам, усё рабіце ў Імя Госпада Ісуса, дзякуючы Богу І Бацьку празь Яго.
 

Жонкі, будзьце паслухмянымі сваім мужом, як прыстойна ў Госпадзе.
 

Мужы, любіце жонак (сваіх) і ня будзьце суворымі да іх.
 

Дзеці, будзьце паслухмянымі бацька́м (у Госпадзе) ва ўсім; бо гэта заўгодна Госпаду.
 

Ба́цькі, ня раздражняйце дзяцей вашых, каб яны ня панíклі духам.
 

Рабы, будзьце паслухмянымі ва ўсім гаспадарам (вашым) паводля цела ня з угодлівасці, як тыя, што дагаджаюць чалавеку, але ў прастаце сэрца, баючыся Бога.
 

І ўсё, што ні робіце, рабіце ад душы, як Госпаду, а ня людзям,
 

ведаючы, што ад Госпада атрымаеце на ўзнагароду спадчыну, бо вы служыце Госпаду Хрысту.
 

А той, хто паступае няправедна, атрымае (адпаведна) таму, што ўчыніў няправедна, бо ў Яго няма нясправядлівасьці.