1 да Цімафея 4 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Дух жа ясна кажа, што ў апошнія часы адступяцца нікаторыя ад веры, прыслухоўваючыся да духаў абманшчыкаў і да вучэньняў дэманаў,
 

якія (нікаторыя) у крывадушнасьці гавораць ілжу, маючы спаленым сваё сумленьне;
 

якія забараняюць браць шлюб і забараняюць ужываць у ежу тое, што Бог стварыў дзеля спажываньня ў ежу з удзячнасьцю вернымі і тымі, што пазналі праўду.
 

Таму што ўсякае стварэньне Божае ёсьць добрае, і нішто ня ганебнае, што прымаецца з удзячнасьцю;
 

бо асьвячаецца праз Слова Бога і малітву.
 

Тлумачачы гэта братам, будзеш добрым служкай Ісуса Хрыста, кормлены словамі веры і добрым вучэньнем, якому ты насьлядаваў.
 

А нягодных і бабскіх плётак цурайся, але практыкуй сябе ў багабойнасьці.
 

Бо цялеснае практыкаваньне мала карыснае, а багабойнасьць карысная для ўсяго, маючы абяцаньне цяперашняга жыцьця і будучага.
 

Слова гэта вернае і поўнага прыняцьця вартае.
 

Таму мы і працуем і церпім ганьбу, таму што ўсклалі спадзяваньні на Бога Жывога, Які ёсьць Збавіцель усіх людзей, асабліва веручых.
 

Загадвай гэтае і вучы.
 

Няхай ніхто ня пагарджае маладосьцю тваёй, але будзь прыкладам для верных: у слове, у жыцьці, у любові, у духу, у веры, у чысьціні.
 

Пакуль прыду, займайся чытаньнем, суцяшэньнем, вучэньнем.
 

Ня занядбай у сабе дар, які дадзены табе праз прароцтва с ускладаньнем рук сьвятарства.
 

Пра гэта дбай, у гэтым будзь, каб твой посьпех быў відавочны для ўсіх.
 

Углядайся ў сябе і ў вучэньне; трывай у гэтым: бо гэтак робячы, і сябе збавіш, і тых, хто слухае цябе.