Адкрыцьцё 15 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І іншы знак убачыў я на небе, вялікі і дзіўны: сем Ангелаў, якія маюць сем апошніх плягаў, бо імі завершаны гнеў Бога.
 

І я ўбачыў быццам мора шкляное, зьмешанае з агнём, і тых, што перамаглі зьвера і абраз ягоны, і кляймо ягонае, і лік імені ягонага, якія стаялі на моры шкляным, маючы гарпы Бога.
 

І яны пяюць песьню Масея, раба Бога, і песьню Ягняка́, кажучы: вялікія і дзіўныя ўчынкі Твае, Госпадзе, Божа Ўседзяржыцель! Справядлівыя і праўдзівыя шляхі Твае, Валадар сьвятых!
 

Хто ня збаіцца Цябе, Госпадзе, і ня праславіць Імя Твайго? Бо (Ты) адзін Сьвяты. Усе народы прыйдуць і паклоняцца перад Табою, бо справядлівыя суды Твае выяўлены.
 

І пасьля гэтага я глянуў, і вось на Небе адчынена Сьвятыня Скініі сьведчаньня.
 

І выйшлі са Сьвятыні сем Ангелаў, маючы сем плягаў, апранутыя ў льняную вопратку, чыстую і сьветлую, і падпераза́ныя (кожны) па грудзях залатымі паясамі.
 

І адна із чатырох жывёлаў дала́ сямі ангелам сем чараў залатых, поўных гневу Бога, Які жыве ў вяках вякоў.
 

І напоўнілася Сьвятыня дымам ад славы Бога і ад сілы Ягонай, і ніхто ня мог увайсьці ў Сьвятыню, пакуль ня былі споўнены сем плягаў сямі Ангелаў.