Мацьвея 15 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2012
Тады прыходзяць да Ісуса зь Ярузаліму кніжнікі і хварысэі, кажучы:
Потым падышлі да Ісуса кніжнікі і фарысеі з Ерузаліма, кажучы:
чаму вучні Твае парушаюць звычай старэйшынаў? бо ня ўмываюць рук сваіх, калі ядуць хлеб.
«Чаму вучні Твае пераступаюць звычаі старэйшых? Бо яны не мыюць рук сваіх, калі ядуць хлеб».
Ён жа адказаўшы сказаў ім: чаму і вы парушаеце прыказаньне Бога дзеля звычаю вашага?
А Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Чаму і вы пераступаеце прыказанні Божыя дзеля вашай традыцыі? Бо Бог сказаў:
Бо Бог загадаў, кажучы: шануй бацьку твайго і матку; і — хто ліхасловіць бацьку ці матку, няхай памрэ сьмерцяй.
“Шануй бацьку свайго і маці сваю”, і таксама: “Хто зняважыць бацьку або маці — хай будзе смерцю пакараны”.
А вы кажаце: калі хто скажа бацьку альбо матцы: дар (Богу) — тое, чым бы ты ад мяне скарыстаўся,
Вы ж кажаце: “Той, хто скажа бацьку або маці: “Дар [Богу] ёсць тое, у чым табе ад мяне была б карысць”,
той можа і ня ўшанаваць бацьку свайго альбо матку сваю; такім чынам вы скасавалі прыказаньне Бога дзеля звычаю вашага.
той можа не шанаваць бацькі свайго”. Так скасавалі вы слова Божае дзеля вашай традыцыі.
Крывадушнікі! добра прарочыў аб вас Гісая, кажучы:
Крывадушнікі! Добра пра вас праракаваў Ісая, кажучы:
набліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі і шануюць Мяне языком; а сэрца іхняе адлягае далёка ад Мяне.
“Гэты народ [набліжаецца да Мяне вуснамі сваімі і] шануе Мяне языком, але сэрца іх далёка ад Мяне;
Але дарэмна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньням, запаветам чалавечым.
ды дарэмна ўшаноўваюць Мяне, выкладаючы вучэнні і прыказанні людскія”».
І паклікаўшы людзей сказаў ім: слухайце і разумейце:
І, склікаўшы людзей да Сябе, казаў ім: «Слухайце і разумейце:
ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; але (тое), што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека.
не тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека, але тое, што з вуснаў выходзіць, тое апаганьвае чалавека».
Тады вучні Ягоныя, прыступіўшыся, сказалі Яму: ці ведаеш, што хварысэі, пачуўшы Слова гэтае, адступіліся ў супраціў?
Тады падышлі вучні Яго і кажуць Яму: «Ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы гэтае слова, пачалі блюзніць?»
Ён жа адказаўшы сказаў: усякая расьліна, якую ня пасадзіў Ба́цька Мой Нябесны, будзе выкаранена.
А Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Усякая расліна, якой не пасадзіў Айцец Мой, Які ў небе, выкарчавана будзе.
Пакіньце іх; яны — сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы вядзе сьляпога абодва ўваляцца ў яму.
Пакіньце іх: яны сляпыя правадыры сляпых; а калі сляпы сляпога наперадзе вядзе, дык абодва ўваляцца ў яму».
І адказаўшы Пётра сказаў Яму: растлумач нам прыповесьць гэтую.
А Пётра, адказваючы, сказаў Яму: «Растлумач нам гэтую прыпавесць».
Ісус жа сказаў: усё яшчэ і вы няцямлівыя?
А Ён сказаў: «І вы таксама яшчэ без розуму?
Ці яшчэ ня разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, уваходзіць у чэрава, і выкідаецца вон?
Не разумееце, што ўсё, што ў вусны ўваходзіць, ідзе ў чэрава і выкідаецца вонкі?
А што выходзіць з вуснаў — з сэрца выходзіць; і гэтае апаганьвае чалавека:
А што з вуснаў выходзіць, паходзіць ад сэрца, і гэта апаганьвае чалавека.
бо з сэрца выходзяць благія думкі, забойствы, чужаложствы, блудадзействы, крадзяжы, ілжывыя сьведчаньні, блюзьнерствы:
Бо з сэрца паходзяць благія думкі, забойства, чужаложства, распуста, рабункі, фальшывыя сведчанні, блюзненні.
гэта апаганьвае чалавека. А есьці няпамытымі рукамі — ня апаганьвае чалавека.
Гэта тое, што апаганьвае чалавека. А есці нямытымі рукамі не апаганьвае чалавека».
І выйшаўшы адтуль, Ісус адыйшоў у землі Тыра і Сыдона.
І, выйшаўшы адтуль, Ісус накіраваўся ў межы Тыра і Сідона.
І вось жанчына хананэйская, прыйшоўшая з тых ваколіц закрычала Яму, кажучы: зьлітуйся нада мною, Госпадзе, Сын Давіда! Дачку маю жорстка мучыць дэман.
І вось, жанчына хананейка, выйшаўшы з тых мясцін, крычала Ісусу, кажучы: «Злітуйся нада мной, Госпадзе, Сыне Давіда! Дачка мая моцна ад дэмана пакутуе».
Але Ён ня адказаў ёй ні слова. І вучні Ягоныя, прыступіўшыся, упрашвалі Яго: адпусьці яе, бо яна крычыць за намі.
А Ён не адказаў ёй ані слова. А вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго, кажучы: «Адпусці яе, бо яна крычыць нам услед».
Ён жа, адказаўшы, сказаў: Я пасланы толькі да загíнулых авечак дому Ізраэля.
Але Ён, адказваючы, гаворыць: «Пасланы Я толькі да авец, якія пакінулі дом Ізраэля».
А яна, падыйшоўшы, кланялася Яму, кажучы: Госпадзе! памажы мне.
А яна падышла і пакланілася Яму, кажучы: «Госпадзе, дапамажы мне!»
Ён жа адказаўшы, сказаў: ня добра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць сабакам.
Ён, адказваючы, гаворыць: «Не добра забіраць хлеб ад дзяцей і кідаць шчанятам».
Яна ж сказала: так, Госпадзе! але й сабакі ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхных.
А яна сказала: «Так, Госпадзе, але і шчаняты ядуць ад крошак, якія падаюць са стала гаспадароў іх».
Тады адказаўшы, Ісус сказаў ёй: о, жанчына! вялікая вера твая; няхай станецца табе як жадаеш. І аздароўлена была дачка яе з тае гадзíны.
Тады, адказваючы, Ісус гаворыць ёй: «О жанчына! Вялікая вера твая, няхай станецца табе, як ты хочаш». І ў тую ж гадзіну дачка яе была аздароўлена.
І перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілеі і ўзыйшоўшы на гару сеў там.
І, калі выйшаў адтуль Ісус, прыйшоў Ён на бераг мора Галілейскага і, узышоўшы на гару, сядзеў там.
І прыступіліся да Яго мноства людзей, якія мелі з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, калек і многа іншых і паклалі іх да Ног Ісусавых; і (Ён) аздаравіў іх;
І падышлі да Яго шматлікія натоўпы, маючы з сабой кульгавых, сляпых, нямоглых, нямых ды многа іншых, і клалі іх да ног Яго, і Ён аздаравіў іх,
так што людзі зьдзіўляліся, бачучы, нямых гаворачымі, калек здаровымі, кульгавых ходзячымі і сьляпых бачучымі; і праславілі Бога Ізраэля.
так што людзі дзівіліся, бачачы, што нямыя гавораць, нямоглыя аздараўляюцца, і кульгавыя ходзяць, і сляпыя бачаць. І ўслаўлялі Бога Ізраэля.
Ісус жа, прыклікаўшы вучняў Сваіх сказаў: шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні знаходзяцца пры Мне і ня маюць чаго паесьці; а адпусьціць іх галоднымі ня хачу, каб ня аслаблі ў дарозе.
Ісус жа, паклікаўшы вучняў Сваіх, казаў: «Шкада мне людзей, бо ўжо тры дні знаходзяцца пры Мне і не маюць чаго есці. А Я не хачу адправіць іх галодных, каб не аслабелі ў дарозе».
І кажуць Яму вучні Ягоныя: адкуль нам (узяць) у пустэльні столькі хлябоў, каб накарміць столькі людзей?
І кажуць Яму вучні: «Адкуль у нас у пустыні столькі хлеба, каб накарміць гэткі натоўп?»
І кажа ім Ісус: сколькі хлябоў маеце? Яны ж сказалі: сем, і некалькі рыбак.
І гаворыць ім Ісус: «Колькі маеце хлябоў?» Яны ж сказалі: «Сем, і крыху рыбы».
І загадаў людзям узьлегці на зямлю.
І загадаў Ісус людзям узлегчы на зямлі.
І ўзяўшы сем хлябоў і рыбы, учыніў падзяку, паламаў і даў вучням Сваім; а вучні — народу.
І, узяўшы сем хлябоў і рыбу і падзяку складаючы, разламаў і даў вучням Сваім, а вучні людзям.
І паелі ўсе і наеліся; і сабралі рэшты кавалкаў сем кашоў поўных.
І елі ўсе, і наеліся. А таго, што засталося з кавалкаў, назбіралі сем поўных кашоў.
А еўшых было — чатыры тысячы мужчын, акрамя жанчын і дзяцей.
А тых, што елі, было чатыры тысячы чалавек, апрача дзяцей і жанчын.
І адпусьціўшы народ Ён увайшоў у човен і прыбыў у межы Магдалы.
І, адпусціўшы людзей, Ён увайшоў у лодку і прыплыў у край Магеданскі.