Лукаша 14 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2012
І сталася Яму прыйсьці ў суботу ў дом нейкага начальніка хварысэяў паесьці хлеба, і яны сачылі за Ім;
І сталася, калі Ісус у суботу ўвайшоў у дом аднаго з начальнікаў фарысейскіх паесці хлеба, яны сачылі за Ім.
і вось зьявіўся перад Ім нейкі чалавек, хворы на вадзянку.
І вось, нейкі хворы на вадзянку чалавек з’явіўся перад Ім.
І, загаварыўшы да законьнікаў і хварысэяў, Ісус запытаў (іх) кажучы: ці дазваляецца (па Закону) аздараўляць у суботу?
І, адказваючы [яму], запытаў Ісус заканазнаўцаў і фарысеяў, кажучы: «Ці належыць аздараўляць у суботу, ці не?»
Яны ж прамаўчалі. І, дакрануўшыся, аздаравіў яго і адправіў.
Але яны маўчалі. Тады Ён, дакрануўшыся, аздаравіў яго і адпусціў.
І, загаварыўшы да іх, запытаў: калі чый-небудзь із вас асёл ці вол уваліцца ў студню, ці ня адразу выцягнеце яго ў дзень суботы?
І сказаў ім: «Калі ў каго-небудзь з вас асёл або вол уваліцца ў студню, ці не зараз выцягне яго ў дзень суботы?»
І ня змаглі (яны) Яму запярэчыць на гэта.
І не маглі яны на гэта адказаць Яму.
Казаў жа (Ён) запрошаным прыповесьць, убачыўшы як (яны) выбіралі першыя мейсцы, гаворачы ім:
І расказваў Ён запрошаным прыпавесць, прыглядаючыся, як яны выбіралі першыя месцы, кажучы ім:
калі ты запрошаны кім-небудзь на вясельле, ня узьлягай на першае мейсца, каб сярод запрошаных ім ня аказаўся (нехта) больш шаноўны за цябе,
«Калі будзеш запрошаны кім-небудзь на вяселле, не ўзлягай на першым месцы, каб часам не быў запрошаны больш шаноўны за цябе,
і той, хто запрасіў цябе і яго, падыйшоўшы, скажа табе: саступі яму мейсца; і тады (ты) з сорамам зоймеш апошняе мейсца.
бо тады той, хто цябе і яго запрасіў, прыйшоўшы, скажа табе: “Саступі яму месца”, і тады ты з сорамам зоймеш апошняе месца.
Але, калі (ты) запрошаны, прыйшоўшы, узьляж на апошнім мейсцы, каб, калі падыйдзе той, хто цябе запрасіў, сказаў табе: дружа! перайдзі вышэй. Тады будзе табе гонар перад узьляжачымі з табою.
Дык калі ты будзеш пакліканы, ідзі і сядзь на апошнім месцы, каб, калі надыдзе той, хто цябе запрасіў, сказаў табе: “Прыяцель, сядзь вышэй”; тады будзе табе пашана ў банкетуючых.
Бо кожны, хто ўзвышае сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвышаны будзе.
Бо кожны, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны».
Казаў жа (Ён) і запрасіўшаму Яго: калі ты ладзіш абед ці вячэру ня кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні сваякоў тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны цябе ня запрасілі (узаемна) каб ня сталася табе адплата.
Потым гаварыў і таму, хто Яго запрасіў: «Калі спраўляеш абед або вячэру, не запрашай сяброў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў, ані багатых суседзяў, каб яны часам цябе не запрасілі ў адказ і каб не было табе адплаты.
Але, калі ты ладзіш урачысты абед, запрашай убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых,
Але, калі спраўляеш банкет, пакліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых —
і шчасьлівы будзеш, бо яны ня могуць адплаціць табе; бо аддасца табе ў ускрасеньне праведных.
і шчасны будзеш, бо тыя, што запрошаны, не маюць чым адплаціць табе. Адплачана табе будзе пры ўваскрашэнні справядлівых».
Нехта ж з узьляжачых, пачуўшы гэта, сказаў Яму: шчасьлівы той, хто будзе есьці хлеб у Каралеўстве Бога.
І, калі пачуў гэта, адзін з гасцей сказаў Яму: «Шчасны той, хто будзе есці хлеб у Валадарстве Божым!»
Ён жа сказаў яму: нейкі чалавек зладзіў багатую вячэру і запрасіў многіх.
Сказаў яму: «Адзін чалавек справіў вялікую вячэру і паклікаў многа гасцей;
І паслаў раба свайго ў час вячэры сказаць запрошаным: прыходзьце, бо ўжо ўсё гатова.
і паслаў свайго паслугача ў пару вячэры сказаць запрошаным: “Прыходзьце, бо ўжо прыгатавана”.
І пачалí дружна, усе як адзін, прасіць прабачэньня. Першы сказаў яму: (я) купіў зямлю і мне трэба пайсьці паглядзець яе; прашу цябе, прабач мне.
І пачалі ўсе адразу прасіць прабачэння. Першы сказаў яму: “Купіў я поле і маю патрэбу пайсці і агледзець яго; прашу цябе, прабач мне”.
І другі сказаў: (я) купіў пяць пар валоў, і іду выпрабаваць іх; прашу цябе, прабач мне.
А другі сказаў: “Купіў я пяць пар валоў і іду іх праверыць; прашу цябе, прабач мне”.
І іншы сказаў: (я) ажаніўся, і таму ня магу прыйсьці.
А трэці сказаў: “Я ажаніўся, і з-за таго не магу прыйсці”.
І, вярнуўшыся, раб той пераказаў гэтае гаспадару свайму. Тады, разгневаўшыся, гаспадар дому сказаў рабу свайму: выйдзі хутчэй на вуліцы і завулкі места і прывядзі сюды ўбогіх і калекаў, і сьляпых, і кульгавых.
І, вярнуўшыся, паслугач расказаў гэта гаспадару свайму. Тады ўгнеўлены гаспадар дома сказаў слузе свайму: “Ідзі хутчэй на вуліцы і завулкі горада і прывядзі сюды ўбогіх, і калек, і кульгавых, і сляпых”.
І сказаў раб: гаспадар! сталася, як ты загадаў, і яшчэ ёсьць мейсца.
І гаворыць паслугач: “Гаспадару, усё зроблена, як загадаў ты, але яшчэ ёсць месца”.
І сказаў гаспадар рабу: выйдзі на дарогі і каля платоў і ўгавары прыйсьці, каб напоўніўся дом мой.
І гаворыць гаспадар слузе: “Выйдзі на дарогі і да заплоццяў і прымушай увайсці, каб дом мой напоўніўся.
Бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных мужчын ня пакаштуе маёй вячэры.
Кажу вам, што ніводзін з тых людзей, што былі пакліканы, не пакаштуе маёй вячэры”».
І вялікія грамады ішлі за Ім, і Ён, абярнуўшыся, сказаў ім:
І хадзілі з Ім вялікія натоўпы, і, павярнуўшыся да іх, Ён сказаў:
Калі хто прыходзіць да Мяне і ня зьнянавідзіць бацьку свайго і матку, і жонку і дзяцей, і братоў і сёстраў, а яшчэ і жыцьцё сваё, ня можа быць Маім вучнем;
«Калі хто прыходзіць да Мяне, і не мае ў нянавісці бацьку свайго, і маці, і жонку, і дзяцей, і братоў, і сясцёр, а пры тым і душу сваю, не можа быць вучнем Маім.
і хто ня нясе крыжа свайго і ідзе за Мною, ня можа быць вучнем Маім.
І хто ідзе за Мной і не нясе крыжа свайго, не можа быць вучнем Маім.
Бо хто з вас, жадаючы пабудаваць вежу, перш, сеўшы, ня палічыць выдаткі, ці мае (патрэбнае) для завяршэньня,
Бо хто з вас, жадаючы збудаваць вежу, не сядзе перш і не палічыць патрэбных выдаткаў, ці мае чым яе дакончыць?
Каб калі паложыць ён падмурак і ня здолее дакончыць, усе назіраючыя ня пачалí сьмяяцца зь яго,
Каб, калі закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, якія гэта бачаць, не сталі смяяцца з яго,
кажучы: гэты чалавек пачаў будаваць і ня здолеў дакончыць.
кажучы: “Гэты чалавек пачаў будаваць і не змог скончыць”.
Або які кароль ідучы на вайну супраць другога караля, сеўшы, перш, ня параіцца, ці здолее (ён) з дзесяцьцю тысячамі сустрэць ідучага на яго з дваццацьцю тысячамі?
Або які цар, збіраючыся ісці на вайну супраць другога цара, не сядзе перш і не абдумае, ці мог бы ён з дзесяццю тысячамі пайсці супраць таго, які ідзе на яго з дваццаццю тысячамі?
Бо калі не, дык пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасольства прасіць міру.
Інакш, калі той яшчэ далёка, адправіўшы пасланніка, просіць яго, каб былі ў міры.
Гэтак кожны з вас, хто ня адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць Маім вучнем.
Так вось кожны з вас, хто не зрачэцца ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем.
Соль — добрая (рэч), але калі соль страціць сілу, як вернеш ёй салёнасьць?
Соль добрая, але, калі яна страціць сілу, чым яе пасаліць?
Ні ў зямлю, ні на ўгнаеньне яна ня прыдатная; вон выкідаюць яе. Хто мае вушы, каб чуць, няхай слухае!
Не прыдатная яна ані ў зямлю, ані ў гной, але вон яе выкінуць. Хто мае вушы слухаць, няхай слухае».