Дзеі 18 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2012
Пасьля гэтага Паўла пакінуўшы Атэны прыйшоў у Карынт.
Пасля гэтага пакінуў ён Атэны ды прыбыў у Карынт.
І знайшоўшы нейкага жыда на імя Акілу родам з Понту, які нядаўна прыйшоў з Італіі, і Прыскіллу, жонку ягоную — бо Клаўдзі загадаў усім жыдам выбрацца з Рыму, — прыйшоў да іх.
Тут напаткаў ён нейкага юдэя, на імя Аквіла, родам з Понта, які прыбыў нядаўна з Італіі, і жонку яго Прысцылу, бо Клаўдзій загадаў выселіць з Рыма ўсіх юдэяў, і ён прыйшоў да іх.
І па прычыне аднолькавага рамяства жыў у іх і працаваў; бо па рамяству (яны) былі вытворцамі буданоў.
А займаўся ён тым жа рамяством, таму застаўся ў іх і працаваў; а рамяством іх было майстраванне палатак.
І кожную суботу гутарыў у сынагозе і пераконваў жыдоў ды грэкаў.
І ў кожную суботу дыспутаваў у сінагозе ды пераконваў юдэяў ды грэкаў.
Калі ж прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімахвей Павал быў панука́ямы Духам, сьведчучы жыдам пра Хрыста Ісуса.
Калі ж прыйшлі Сіла і Цімафей з Мацэдоніі, Паўла пануканы быў Духам, каб сведчыць юдэям, што Ісус ёсць Хрыстос.
А як яны працівіліся і ліхасловілі дык абтросшы вопратку сказаў да іх: кроў вашая на галаве вашай; чысты я. Ад цяпер пайду да паганаў.
А калі пярэчылі яму і блюзнілі, атрасаў сваё адзенне ды казаў ім: «Кроў ваша на вашу галаву! Я чысты. Ад гэтай гадзіны пайду да паганаў».
І выйшаўшы стуль пайшоў у дом аднаго багабойнага (чалавека) на імя Юста, дом якога быў побач з сынагогай.
І перайшоў адтуль, і ўвайшоў у дом аднаго богабаязнага чалавека, імем Ціт Юстус, дом якога быў побач з сінагогай.
А Крысп, начальнік сынагогі, паверыў у Госпада са ўсім домам сваім, ды многія карыньцяне слухаючы паверылі і былі ахрышчаны.
Начальнік жа сінагогі, Крысп, з усім сваім домам уверыў у Госпада, і многа карынцянаў, слухаючы, уверылі і прынялі хрост.
Госпад жа сказаў Паўлу ў зьяве ўначы: ня бойся, але прамаўляй ды ня змаўкай,
Уночы Госпад сказаў Паўлу ў з’яве: «Не бойся, але гавары і не маўчы,
бо Я з табою, і ніхто ня адва́жыцца ўчыніць табе зло, таму што народу Майго шмат у месту гэтым.
бо Я з табою, і ніхто не кране цябе, каб пашкодзіць табе, бо многа ў Мяне ў гэтым горадзе народа».
І пражыў (там Павал) год і шэсьць месяцаў навучаючы ў іх Слову Бога.
Дык ён застаўся, навучаючы іх слову Божаму год ды шэсць месяцаў.
І (калі) Гальліён быў праконсулам Ахаі, жыды аднадушна напа́лі на Паўлу і прывялі яго ў судзíлішча,
А калі Галіён стаўся праконсулам Ахаі, юдэі аднадушна паўсталі супраць Паўлы і прывялі яго на суд,
кажучы: Гэты падбухторвае людзей шанаваць Бога ня па Закону.
кажучы: «Ён падгаворвае людзей, каб славілі Бога не паводле закону».
Калі ж Паўла захацеў расчыніць вусны, Гальліён сказаў да жыдоў: жыды, я слушна выслухаў бы вас, калі было б якое-небудзь бяззаконьне ці ліхі ўчынак;
Калі ўжо Паўла пачынаў адкрываць вусны, Галіён сказаў юдэям: «Калі б быў які праступак або злачынства, о юдэі, дык я заняўся б вамі.
калі ж спрэчка ідзе аб Слова ды імёны ды Закон ваш, дык разьбірайцеся самі, бо судзьдзёй у гэтым я быць ня хачу.
Але калі вы спрачаецеся пра словы і назвы ды пра ваш закон, дык самі разбірайцеся. Я не хачу быць суддзёю ў гэтым».
І прагнаў іх із судзілішча.
І выгнаў іх з суда.
А ўсе грэкі схапіўшы Састэна, начальніка сынагогі, білі (яго) перад судзілішчам, а Гальліёна гэта зусім ня рупіла.
А ўсе [грэкі], схапіўшы начальніка сінагогі Састэна, білі яго перад судом, але Галіён не звяртаў на гэта ўвагі.
А Паўла, прабыўшы яшчэ даволі дзён, развітаўшыся з братамі, адплыў у Сірыю, а разам зь ім Прыскілла і Акіла, абстрыгшы галаву ў Кэнхрэях: бо меў абяцаньне.
А Паўла, яшчэ шмат дзён прабыўшы там, развітаўся з братамі ды разам з Прысцылай і Аквілам паплыў у Сірыю, а ў Кенхрах абстрыг галаву, бо такое зрабіў абяцанне.
А прыбыўшы ў Эхвес, (Павал) іх там пакінуў а сам ўвайшоўшы ў сынагогу гутарыў з жыдамі.
І дабраліся да Эфеса, і там ён іх пакінуў, а сам, увайшоўшы ў сінагогу, дыспутаваў з юдэямі.
А калі яны папрасілі застацца ў іх на доўгі час, ня згадзіўся,
Калі ж прасілі яго, каб заставаўся даўжэй, не згадзіўся,
але разьвітаўся зь імі, сказаўшы: мне абавязкова трэба справіць надыходзячае сьвята ў Ярузаліме; але ж, калі Бог захоча, (то) да вас прыйду ізноў. І вырушыў з Эхвесу.
але, развітваючыся з імі, сказаў: «Вярнуся да вас, калі Бог захоча», і паплыў з Эфеса.
І прыйшоўшы ў Кесару, узыйшоўшы (у Ярузалім) і павітаўшы царкву, пайшоў у Антыёху.
Прыбыўшы ў Цэзарэю, ён з’явіўся [у Ерузаліме], і прывітаў царкву, і накіраваўся ў Антыёхію.
І прабыўшы (там) нейкі час, выйшаў, праходзячы па чарзе Галятыйскі край і Прыгу ўмацоўваючы ўсіх вучняў.
Забавіўшыся нейкі час там, зноў падаўся ў дарогу, праходзячы па чарзе праз Галатыйскую краіну і Фрыгію, умацоўваючы ў веры ўсіх вучняў.
І нейкі жыд імем Апальлёс родам з Алякса́ндры, мужчына красамоўны і моцны ў Пісаньнях, прыйшоў у Эхвес.
Адзін жа юдэй, на імя Апалос, родам з Александрыі, чалавек красамоўны і моцны ў Пісанні, прыбыў у Эфес.
Ён быў навучаны шляху Госпада ды палаючы духам прамаўляў ды вучыў пра Госпада правільна, ведаючы толькі хрышчэньне Яанавае.
Ён быў настаўлены на шлях Госпада і, палаючы Духам, гаварыў ды навучаў рупліва пра Ісуса, ведаючы толькі Янаў хрост.
І ён пачаў адважна прамаўляць у сынагозе. Пачуўшы ж яго Акіла і Прыскілла прынялі яго і дакладней вылажылі яму шлях Бога.
Ён пачаў адважна прамаўляць у сінагогах. Калі пачулі яго Прысцыла і Аквіла, забралі яго з сабой ды выяснілі яму шлях Божы.
А як ён маніўся пайсьці ў Ахаю, каб абадзёрыць (тамтэйшых вучняў), (то) браты напісалі вучням, каб прынялі яго. (І) ён, прыйшоўшы, шмат дапамог тым, што паверылі праз Багадаць.
А калі задумаў ён ісці ў Ахаю, то браты, узрушаныя, напісалі ліст да вучняў, каб прынялі яго. Калі ж ён прыбыў, дапамагаў многа тым, што ўверылі праз ласку,
Бо (ён) пераканаўча прынародна абвяргаў жыдоў даказваючы праз Пісаньні, што Ісус ёсьць Хрыстос.
бо рашуча і прылюдна абвяргаў юдэяў, даводзячы з Пісання, што Ісус ёсць Хрыстос.