2 Пятра 2 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2012
Былі ж у народзе хвальшывыя прарокі, як і ў вас будуць хвальшывыя вучыцялі, якія ўвядуць згубныя гарэзіі і адкідаючы адкупіўшага іх Госпада і наклікаючы на сябе няўзабаўную пагібель.
Былі ж у народзе і фальшывыя прарокі, як і ў вас бываюць настаўнікі-ашуканцы, якія ўцягваюць у згубныя секты і, адцураўшыся Таго Валадара, Які іх адкупіў, рыхтуюць сабе скорую загубу.
І многія пойдуць за імі на пагібель, з-за каторых шлях праўды будзе зганьбаваны,
І многія пойдуць слядамі іх распусты, і дарога праўды з-за іх знеслаўляцца будзе.
і ў прагавітасьці будуць яны падкупляць вас прытворнымі словамі; суд іх ня марудзіць, і загуба іх ня дрэмле.
І яны ў хцівасці будуць лавіць вас ілжывымі словамі, але прысуд на іх даўно гатовы, і згуба іх не абміне.
Бо калі Бог ангелаў саграшыўшых ня пашкадаваў, але ў путах цемры кíнуўшы ў тартар аддаў захоўваць (іх) для суда,
Бо калі зграшыўшых анёлаў Бог не пашкадаваў, але, звязаўшы путамі пякельнай цемры, аддаў захаваць на суд;
і (калі) ня пашкадаваў старога сьвету, але ў васьмёх (ду́шах) захаваў Ноя, апавяда́льніка пра́веднасьці, навёўшы патоп на сьвет бязбожных;
і калі не пашкадаваў першага свету, а ўхаваў толькі васьмярых з Ноем, прапаведнікам справядлівасці, наводзячы патоп на бязбожны свет;
і калі месты Садома і Гаморры абярнуўшы ў попел засудзíў на зьнішчэньне, паказаўшы прыклад бу́дучым бязбожнікам;
таксама гарады Садом і Гамору, ператварыўшы ў попел, асудзіў на згубу, даючы прыклад кары для тых, што будуць бязбожнымі ў будучыні,
а праведнага Лота, прыгнятаемага бяззаконьнікамі цераз распутства (іхных) паводзінаў, выбавіў:
і выратаваў справядлівага Лота, што пакутаваў ад распусных паводзін нягоднікаў, —
бо гэты праведнік, жывучы сярод іх, дзень у дзень мучыўся праведнай душой, чуючы і бачучы (іхныя) бяззаконныя ўчынкі;
бо гэты справядлівы, пражываючы сярод іх, з дня на дзень сваю справядлівую душу крыжаваў іх бязбожнымі ўчынкамі, каторыя бачыў і аб каторых чуў, —
(дык) ведае Госпад, як збаўляць на́бажных ад спакушэньня, а бяззаконьнікаў — захоўваць на дзень суда дзеля пакараньня,
дык ведае Госпад, як пабожных выратаваць ад спакушэння, а несправядлівых захаваць на пакаранне ў дзень суда,
асабліва ж тых, якія ідуць усьлед за плоцьцю у пажа́длівасьці нячысьцінí ды пагарджаюць уладу, якія дзёрзкія, свавольныя, і ня баяцца ліхасловіць шаноўных (царкоўныя ўлады)
а перад усім тых, што ідуць за целам у нячыстай пажадлівасці і пагарджаюць начальствам; нахабнікаў, пыхліўцаў, што не баяцца блюзніць на вышэйшых,
тады (як і) Ангелы, зьяўляючыся большымі за іх паўнамоцтвамі і сілай, ня прыносяць супраць іх перад Госпадам дакараючага суда.
у той час як анёлы, большыя за іх сілай і магутнасцю, не выносяць перад Госпадам прысуд супраць іх блюзнення.
Яны ж як няразумныя прыродныя жывёлы, народжаныя на ўлоў і забой, ліхасловяць тое, чаго ня разумеюць, (і) у тленьні сваім зьнíшчаны будуць.
Яны, як неразумныя жывёлы, што прызначаны з натуры сваёй на злаўленне і знішчэнне, блюзняць на тое, чаго не разумеюць, ды ў нікчэмнасці сваёй будуць знішчаны,
Яны атрымаюць адплату за няправеднасьць, (бо) яны знаходзяць суцяшэньне ў штодзённай раскошы; сораматнікі і паскуднікі, (яны) асалоду знаходзяць у ашуканствах сваіх, застольнічаючы разам з вамі;
яны атрымаюць плату за несправядлівасць. За асалоду ўважаюць штодзённую раскошу; сараматнікі і агіднікі, асалоду знаходзяць у распуснасці сваёй, банкетуючы з вамі.
вочы маюць поўныя чужалоства і нясупыннага грэху; яны душы няцьвёрдыя ўлаўліваюць; яны маюць сэрца прывучанае да сква́пнасьці, гэта сыны праклёну.
Вочы іх поўныя чужаложства і няспыннага граху, зводзяць яны душы хісткія; сэрцы іх апанаваны хцівасцю, яны — сыны праклёну;
Пакінуўшы правільны шлях, яны зблудзíлі, пайшоўшы шляхам Балаама, (сына) Басора, які палюбіў адплату няправеднасьці.
сышоўшы з простага шляху, заблукалі ды пайшлі дарогай Балаама Басорава, які ўзлюбіў плату за несправядлівасць,
Дакор жа атрымаў у сваім бяззаконьні: бязмоўная асьліца, прагаварыўшы голасам чалавека, спыніла няразважлівасьць гэтага прарока.
але быў пакараны за сваё злачынства: пад’ярэмная жывёла, нямая, прамовіўшы чалавечым голасам, стрымала неразумнасць прарока.
Яны ёсьць крыніцы бязводныя, аблокі, бу́рай гнаныя, каторым цямнота цемры навек прыгатавана.
Яны — крыніцы без вады, воблакі, віхрам гнаныя, якія чакае туман цемры [на векі].
Бо, прамаўляючы надзьмутымі і пустымі словамі, яны ўлаўляюць пажаданьнямі цела і распустаю тых, хто сапраўды ўцёк ад (яшчэ) знаходзячыхся ў заблуджэньні:
Пыхліва і марна гаворачы, яны прывабліваюць да пажадлівасці цялеснай і распусты тых, што замала асцерагаюцца аблуд ды пражываюць у блудзе;
яны суляць ім свабоду, самі зьяўляючыся рабамі тлэньня. Бо хто кім пераможаны, той (таму) і раб.
абяцаюць ім свабоду, а самі — нявольнікі нікчэмнасці; бо хто кім пераможаны, той таго і нявольнік.
Бо калі, уцёкшы ад брыдотаў сьвету праз пазнаньне Госпада і Збаўцы (нашага) Ісуса Хрыста ізноў, заблытаўшыся, паддаюцца ім, дык апошняе такім сталася горш першага.
Бо калі хто ўцякае ад брыдот свету праз пазнанне Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста, а потым зноў, заблытаўшыся, захапляецца імі, дык апошнія яго справы горшыя за папярэднія.
Бо лепей было (бы) ім ня пазнаць шляху праведнасьці, чым, пазнаўшы, адвярнуцца ад пераданага ім сьвятога прыказаньня.
Лепш было б ім дарогі справядлівасці не ведаць, чым, пазнаўшы, адвярнуцца назад ад дадзенага ім святога прыказання.
Але зь імі сталася паводля справядлівай прыказкі: сабака вярнуўся да рыготаў сваіх, а вымытая сьвіньня — да валяньня ў гразі.
Споўнілася бо на іх тое, аб чым слушна кажа прыказка: «Сабака вярнуўся да сваіх рыготаў, а свіння памытая — да бруднай лужыны».