2 да Карынфянаў 4 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Таму маючы гэткае служэньне, як памілаваныя, (мы) ня маркоцімся;
 
Дзеля таго, маючы гэтае паслугаванне, з міласэрнасці Божай мы не падаем духам,

але адкінуўшы тайныя ганебныя (учынкі), ня хітруючы і ня скажаючы Слова Бога, але выяўленьнем праўды прадстаўляем сябе сумленьню кожнага чалавека перад Богам.
 
але мы стрымліваемся ад скрытых [учынкаў] сораму, не кідаемся ў хітрыкі ды не фальшуем слова Божага, але адкрытым вяшчэннем праўды прадстаўляем сябе перад Богам сумленню кожнага чалавека.

Калі ж і скрытае Эвангельле нашае, то скрытае ад тых, хто гíне,
 
Калі наша Евангелле засланёна, дык засланёна для тых, што гінуць,

у няверучых, у якіх бог веку гэтага засьляпіў розумы, каб ім ня зазьзяла сьвятло Эвангельля славы Хрыста, Які ёсьць Абраз Бога.
 
для няверуючых, якім бог гэтага свету засляпіў розум, каб не заззяла [ім] святло дабравесця славы Хрыста, Які ёсць вобраз Бога.

Таму што мы ня сябе прапаведуем, але Хрыста Ісуса Госпада; мы ж — рабы вашыя дзеля Ісуса,
 
Бо мы не саміх сябе прапаведуем, але Хрыста Ісуса, Госпада; а мы — вашы паслугачы праз Ісуса.

таму што Бог, Які сказаў зь цемры зазьзяць сьвятлу, Ён зазьзяў у нашых сэрцах дзеля прасьвятленьня (нас) пазна́ньнем славы Бога ў Асобе Ісуса Хрыста.
 
Бо Сам Бог, Які загадаў: «Хайз цемры станецца святло», асвяціў нашыя сэрцы, каб асвяціць нас пазнаннем хвалы Божай у вобліку Ісуса Хрыста.

Маем жа (мы) скарб гэты ў гліняных пасудзінах, каб веліч сілы была (бачна) у Бога, а ня ў нас:
 
І мы гэты скарб захоўваем у гліняных пасудзінах, каб была велічнасць магутнасці Божай, ды не ад нас.

ва ўсім прыгнятаемых, але ня задушаных; у цяжкіх абставінах, але ня ўпаўшых у роспач;
 
Мы ва ўсім церпім прыцясненне, але не прыдушаны; жывём у нястачах, але не ў роспачы;

перасьледуемых, але ня пакінутых; пава́леных, але ня забітых;
 
церпім пераследаванні, але не пакінуты; мы павалены, але не гінем;

(што) заўсёды ў целе носім мёртвасьць Госпада Ісуса, каб і жыцьцё Ісуса ў целе нашым было зьяўлена.
 
заўсёды носім у целе нашым смерць Ісуса, каб і жыццё Ісуса выявілася ў целе нашым.

Бо мы жывыя заўсёды аддаваны на сьмерць дзеля Ісуса, каб і жыцьцё Ісуса было зьяўлена ў сьмяротным целе нашым,
 
Бо мы, якія жывём, заўсёды аддаёмся на смерць дзеля Ісуса, каб і жыццё Ісуса выявілася ў нашым смяротным целе.

так што сьмерць дзейнічае ў нас, а жыцьцё — у вас.
 
Так што смерць дзейнічае ў нас, а жыццё — у вас.

Маючы той жа дух веры, як напíсана: «паверыў я, таму і сказаў»; і мы верым, таму і гаворым,
 
А маючы такі самы дух веры, аб якім напісана: «Я паверыў, і таму прамовіў», і мы верым, і таму гаворым,

ведаючы, што Той, Хто ўваскрасіў Госпада Ісуса, і нас уваскрэсіць цераз Ісуса і паставіць перад (Сабой) разам з вамі.
 
ведаючы, што Той, Хто ўваскрасіў Госпада Ісуса, таксама і нас уваскрасіць з Ісусам ды паставіць разам з вамі.

Таму што ўсё дзеля вас, каб шчодрасьць Багадаці тым большую выклікала ў многіх удзячнасьць у славу Бога.
 
Бо ўсё гэта дзеля вас, каб шчодрасць ласкі тым большую выклікала ў многіх удзячнасць на славу Бога.

Таму (мы) ня маркоцімся; але, калі нават вонкавы наш чалавек тлее, дык унутраны абнаўляецца з дня на дзень.
 
Таму мы і не падаем духам, бо хоць наш чалавек, той, што звонку, знішчаецца, аднак той, што ўнутры, з дня на дзень аднаўляецца.

Таму што кароткачасовае лёгкае гора нашае творыць у нас звыш усякай меры вечную поўнасьць славы,
 
Бо тая лёгкасць, што цяпер пасля нашага гора, творыць нам важкую славу ў празмерным вечным узвышэнні.

у нас, што глядзім ня на бачнае, але на нябачнае, таму што бачнае часовае, а нябачнае — вечнае.
 
Бо мы не глядзім на тое, што бачнае, але на тое, што нябачнае, бо бачныя рэчы — часовыя, а нябачныя — вечныя.