2 да Карынфянаў 6 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І мы, як супрацоўнікі (Бога), молім (вас), каб Багадаць Бога была прынята вамі ня ма́рна,
 
Мы, як супрацоўнікі, заклікаем вас, каб вы не надарма прынялі ласку Божую,

бо Ён кажа: «у час прыдатны Я пачуў цябе і ў дзень збаўленьня дапамог табе». Вось цяпер час прыдатны, вось цяпер дзень збаўленьня.
 
бо Ён кажа: «У час прыдатны выслухаў Я цябе ды ў дзень збаўлення ўспамог табе». Вось цяпер час прыдатны, вось цяпер дзень збаўлення!

Мы нікому ні ў чым ня даём спатыканьня, каб ня было паглумленым служэньне,
 
Не даючы нікому магчымасці спатыкнення, каб не глуміліся са служэння,

але ва ўсім выяўляем сябе, як слугі Бога, у вялікай цярплівасьці, у бедах, у нястачах, ва ўцісках,
 
ва ўсім мы яўляем сябе паслугачамі Бога: у вялікай цярплівасці, у горы, у нястачы, ва ўцісках,

пад ударамі, у вастрогах, у бу́нтах, у спрацаванасьцях, у чуваньнях, у пастах,
 
пад ударамі, у вязніцах, у забурэннях, у спрацаванасці, у недаспаннях, у пастах,

у чысьціні, у мудрасьці, у доўгацярплівасьці, у дабрыні, у Духу Сьвятым, у любові някрывадушнай,
 
у чыстасці, у мудрасці, у вялікадушнасці, у дабрыні, у Духу Святым, у непадробнай любові,

у слове праўды, у сіле Бога, са зброяй праведнасьці ў правай і левай руцэ,
 
у слове праўды, у моцы Божай, са зброяй справядлівасці ў правай і левай руцэ,

у паша́не і ў га́ньбе, пад паклёпам і (у) добрай славе: як ашуканцы, але мы верныя,
 
у пашане і ў ганьбе, у знеслаўленні і ў добрай славе; нібы ашуканцы, ды праўдамоўныя,

як нявядомыя, але пазнава́ныя; як паміраючыя, але вось мы жывём; як караемыя, ды ня забіваныя;
 
быццам няведамыя, ды вядомыя, быццам паміраючыя, а вось жывём, быццам караныя, але не забітыя на смерць,

як засмучаныя, але (мы) заўсёды радуемся; як жабракі, але многіх абагача́ючыя; як нічога ня маючыя, але ўсім валодаючыя.
 
як бы сумныя, але заўжды вясёлыя, быццам убогія, а ўсё ж узбагачаючыя многіх, як тыя, што нічога не маюць, а ўсім валодаюць.

Вусны нашыя адкрытыя для вас, карыньцяне, сэрца нашае расшырана.
 
Вусны нашы адкрыліся да вас, карынцяне, наша сэрца пашырылася.

Вам ня цесна ў нас, але ў сэрцах вашых цесна.
 
Вам не цесна ў нас, але цесна ў вашых сэрцах.

Адплаціце тым жа, — кажу як дзецям, — расшырцеся і вы.
 
Адгадзіцеся нам тым самым спосабам, як да сваіх дзяцей кажу: адкрыйцеся і вы.

Ня ўпрагайцеся зь няверучымі пад чужое ярмо; бо якая лу́чнасьць праведнасьці зь бяззаконьнем? Якая ж лучнасьць сьвятла зь цемраю?
 
Не запрагайцеся з няверуючымі ў адно ярмо. Бо што мае агульнага справядлівасць з несправядлівасцю? Або якая супольнасць святла з цемраю?

Дык якая згода між Хрыстом і Бяліарам? Ці які саўдзел у вернага зь няверным?
 
Альбо якая згода Хрыста з Бэліярам, або якая лучнасць веруючага з няверуючым?

Дык якая супольнасьць Сьвятыні Бога з балвана́мі? Бо вы ёсьць Сьвятыня Бога Жывога, як сказаў Бог: «пасялюся ў іх і буду жыць; і буду іхным Богам, і яны будуць Маім народам».
 
Або якое суладдзе святыні Божай з ідаламі? Бо вы ёсць святыня Бога жывога, як кажа Бог: «Пасялюся ў іх і буду хадзіць, і буду іх Богам, а яны будуць Маім народам.

Таму: «выйдзіце зь асяродку іхнага і адлучыцеся, — кажа Госпад, — і ня дакранайцеся да нячыстага, і Я прыму вас».
 
Тамувыйдзіце з іх асяроддзя і адлучыцеся ад іх, — кажа Госпад, — і не дакранайцеся да нячыстага, і Я вас прыму,

«І буду вам Бацькам, і вы будзеце Мне сынамі і дочкамі, — кажа Госпад Уседзяржыцель (Усемагутны)».
 
і буду вам Айцом, а вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі, кажа Госпад Усемагутны».