Да Каласянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Бо я хачу, каб вы ведалі, якую барацьбу я маю за вас і за тых, што ў Ляодыкіі і за ўсіх, што ня бачылі аблічча майго ў целе,
 
Хачу вось, каб вы ведалі, якую руплівасць я маю дзеля вас і адносна тых, што ў Лаадыцэі, і тых, што не бачылі мяне асабіста ў целе,

каб сталіся ўсьцешанымі сэрцы іхныя, злу́чаныя ў любові, і дзеля ўсяго багацьця паўнаты разуменьня, дзеля пазнаньня тайны Бога і Ба́цькі і Хрыста,
 
каб парадаваліся сэрцы іх, злучаныя ў любові і для поўнага ўзбагачэння розуму, дзеля пазнання тайны Бога [, і Айца, і] Хрыста,

у Якім усе скарбы мудрасьці і разуменьня схаваны.
 
у Якім усе скарбы мудрасці і ведання схаваны.

А кажу вам гэтае, каб хто-небудзь ня зьвёў вас ілжэпераконваючымі словамі.
 
Гэта вам кажу, каб ніхто вас не падмануў падступствам слоў.

Бо хаця я целам і адсутнічаю, але духам я разам з вамі, радуючыся і бачучы ваш парадак і цьвёрдасьць веры вашай у Хрыста.
 
Бо хаця я адсутны целам, але духам я з вамі, радуючыся і бачачы парадак ваш і цвёрдасць веры вашай у Хрыста.

Таму, як вы прынялі Хрыста Ісуса, Госпада, гэтак і хадзіце ў Ім,
 
Дык як вы прынялі Хрыста Ісуса, Госпада, у Ім і жывіце,

будучы ўкарэненымі і будуемымі на Ім, і мацуемымі ў веры, як вы навучаны, збыткуючы ў ёй з удзячнасьцю.
 
укаранёныя і ўбудаваныя ў Ім, і ўзмоцненыя ў веры, як і былі навучаны, несупынна дзякуючы Яму.

Глядзіце, каб ніхто вас ня захапіў хвілязохвіяй і пустым ашуканствам паводля традыцыі людзей, паводля стыхіяў гэтага сьвету, а ня паводля Хрыста;
 
Глядзіце, каб не збаламуціў вас хто філасофіяй і пустым ашуканствам паводле звычаю людзей, паводле стыхій свету, а не паводле Хрыста.

таму што ў Ім прабывае ўся паўната Боства цялесна,
 
Бо ў Ім прабывае ўся паўната Боства цялесна,

і вы напоўнены ў Ім, Які ёсьць Галава ўсякага начальства і ўлады.
 
і вы напоўнены Ім, Які ёсць галава ўсякага начальства і ўлады.

У Ім і вы абрэзаны абразаньнем нярукатворным, зьмярцьвеньнем цела грахоў, плоці, абразаньнем Хрыстовым,
 
У Ім вы абрэзаны абразаннем, не рукой зробленым удасканаленнем цела грахоўнага, але абразаннем Хрыстовым,

быўшы пахаванымі зь Ім у хрышчэньні, у якім і ўваскрэсьлі зь Ім праз веру ў сілу Бога, Які ўваскрасіў Яго зь мёртвых.
 
пахаваныя з Ім у хросце, вы з Ім і ўваскрэслі праз веру ў магутнасць Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых.

І вас, якія былі мёртвымі ў грахах і ў няабразаньні плоці вашай, Ён ажывіў зь Ім, дараваўшы нам усе грахі,
 
І вас, мёртвых у злачынствах і неабрэзанасці цела вашага, ажывіў з Ім, дараваўшы нам усе грахі,

зьнішчыўшы ру́капіс пастаноў адносна нас і даўгоў нашых, што было супраць нас, Ён узяў яго з асяродку нашага і прыцьвікаваў яго да крыжу;
 
скасаваўшы напісаную рукою пастанову, якая асуджала нас і была супраць нас, і ўзяў Яго з асяроддзя нашага, і прыбіў Яго да крыжа,

абяззброіўшы начальствы і ўлады, выставіў іх на пасьмешышча, перамогшы іх ім (крыжам).
 
раззброіўшы начальствы і ўлады, выставіў адважна [на відовішча], трыумфуючы над імі ў Ім.

Дык вось, няхай ніхто ня асуджае вас за ежу ці пітво, ці за ўдзел у якім-небудзь сьвяце, ці (за сьвяткаваньне) маладзіка, ці за суботу,
 
Дык хай ніхто вас не асуджае за яду або пітво, або з прычыны дня святочнага, ці маладзіка, ці суботы,

усё гэтае зьяўляецца це́нем будучага, а цела — Хрыста.
 
якія з’яўляюцца ценем будучага, цела ж — Хрыстова.

Няхай ніхто ня зводзіць вас паказнымі ціхасьцю і мудрасьцю ды служэньнем Ангелаў, урываючыся ў тое, чаго ня бачыў, марна хванабэрачыся плацкім розумам сваім
 
Ніхто няхай не пазбавіць вас узнагароды, маючы ўпадабанне ў прыніжэнні сябе і кульце анёлаў, звяртаючы ўвагу на тое, што не бачыў, марна пышачыся розумам цела свайго

і ня трымаючыся Галавы ад Якой усё цела суставамі і зьвязкамі, злучанае і змацаванае, расьце ростам Божым.
 
і не трымаючыся Галавы, ад Якой усё цела, суставамі і вязямі злучанае і змацаванае, расце ўзрастаннем Божым.

Дык калі вы памерлі з Хрыстом для стыхіяў гэтага сьвету, то чаму вы падпарадкоўваецеся пастановам, быццам тыя, што жывуць па-сьвецку:
 
Дык калі вы памерлі з Хрыстом для стыхій свету, чаму ж, быццам жывучы яшчэ ў свеце, падпарадкоўваецеся пастановам:

«ня чапай, ня еш, і ня дакранайся» (да таго),
 
«Не чапай, не каштуй, не дакранайся»?

што ўсё ёсьць на тленьне ад ужываньня? (А вы падпарадкуецеся) адпаведна прыказаньням і навуцы чалавечым.
 
Гэта ўсё праз само карыстанне вынішчаецца, згодна з пастановамі і навукамі чалавечымі.

Гэта мае толькі выгляд ціхасьці і мудрасьці ў выдуманым служэньні са змардаваньнем цела і абясцэненьнем клопату аб правільным насычэньні цела.
 
Гэта мае толькі выгляд мудрасці ў самавольным служэнні, у пакорлівасці, у нядбанні пра цела, у поўнай непашане да насычанасці цела.