Адкрыцьцё 12 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2012
І знак вялікі быў зьяўлены на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад нагамі ў яе, і на галаве ейнай вянок з дванаццаці зорак.
І знак вялікі з’явіўся на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад яе ступнямі, і на галаве ў яе вянок з дванаццаці зорак,
І маючы ўва ўлоньні, яна крычыць, пераносячы болі дзетанараджэньня і пакутуючы ад родаў.
і была яна цяжарная, і крычала ад болю і мук радзільных.
І быў зьяўлены другі знак на небе: і вось дракон вялікі агніста-чырвоны, які мае сем галоў і дзесяць рагоў, і на галовах ягоных сем дыядэмаў.
І паказаўся іншы знак на небе: і вось, дракон вялізны, руды, з сямю галовамі і з дзесяццю рагамі, і на галовах яго сем дыядэм,
І хвост ягоны звалок трэйцюю частку зорак (зь) неба, і скінуў іх на зямлю. І дракон стаў перад жанчынай, якая мела нарадзіць, каб калі народзіць дзіця сваё, зжэрці (яго).
і хвост яго сцягнуў трэцюю частку зорак з неба і кінуў іх на зямлю. І дракон стаў перад жанчынаю, якая павінна нарадзіць, каб, як яна народзіць, зжэрці яе сына.
І нарадзіла яна сына, мужнага, якому належыць пасьвіць усе народы паліцай жалезнай. І ўзьнята было дзіця ейнае да Бога і да Пасаду Ягонага.
І нарадзіла сына, хлопчыка, які будзе валадарыць над усімі народамі жазлом жалезным. І ўзяты быў яе сын да Бога і да Яго пасада.
І жанчына ўцякла ў пустэльню, дзе яна мае мейсца, прыгатаванае ад Бога, каб кармілі яе там тысячу дзьвесьце шэсьцьдзясят дзён.
І жанчына ўцякла ў пустыню, дзе мела месца, прыгатаванае Богам, каб кармілі яе там тысячу дзвесце шэсцьдзесят дзён.
І адбылася вайна на небе: Міхаіл і Ангелы ягоныя ваявалі супраць дракона, і дракон і ангелы ягоныя ваявалі (супраць іх).
І пачалася вялікая вайна на небе; Міхал і анёлы яго змагаліся з драконам, а дракон і яго анёлы ваявалі [супраць іх],
Але (яны) ня выстаялі, і ня знайшлося ўжо мейсца для іх на небе.
і не асілілі, і не знайшлося ўжо больш месца для іх у небе.
І скінуты быў дракон вялікі, зьмей старадаўны, называны д’яблам і шата́нам, які ўводзіць у заблуджэньне ўсю зямлю, быў скінуты на зямлю, і ангелы ягоныя былі скінуты (разам) зь ім.
І скінуты быў дракон той магутны, змей старадаўні, які завецца д’ябал і шатан, які зводзіць цэлы свет, і скінуты быў на зямлю, і анёлы яго былі скінуты разам з ім.
І пачуў я голас моцны, які гаварыў на небе: цяпер настала збаўленьне і сіла, і Валадарства Бога нашага, і ўлада Хрыста Ягонага, таму што скінены абвінаваўца братоў нашых, які вінаваціў іх перад Богам нашым удзень і ўноч.
І пачуў я голас магутны на небе, які казаў: «Цяпер настала збаўленне і моц, і Валадарства Бога нашага і ўлада Хрыста Яго, бо скінуты абвінаваўца братоў нашых, які абвінавачваў іх перад Богам нашым днём і ўночы.
І яны перамаглі яго Крывёю Ягняка і словам сьведчаньня свайго, і ня пашкадавалі жыцьця свайго аж да сьмерці.
І тыя перамаглі яго дзякуючы Крыві Ягняці і словам свайго сведчання, і не шкадавалі душ сваіх нават да смерці.
Таму радуйцеся Нябёсы, і тыя, хто ў іх жыве! Гора жыхарам зямлі і мора, таму што зыйшоў д’ябал да вас, маючы лютасьць вялікую, ведаючы, што ня шмат мае часу.
Дзеля таго цешцеся, неба і жыхары яго. Гора [тым, што жывуць на] зямлі і ў моры, бо сышоў д’ябал да вас, поўны вялікай злосці, ведаючы, што мае мала часу!»
І калі дракон убачыў, што скінуты на зямлю, пачаў перасьледаваць жанчыну, каторая нарадзіла мужнага.
А калі дракон убачыў, што скінуты ён на зямлю, пачаў пераследаваць жанчыну, што нарадзіла сына.
І даны былі жанчыне два крылы арла вялікага, каб яна ляцела ў пустэльню ў мейсца сваё, (схавацца) ад аблічча зьмея, дзе б яна была харчаваная там пару́, і поры, і поўпары.
І былі дадзены жанчыне два крылы вялікага арла, каб ляцела ў пустыню на сваё месца, дзе будзе карміцца далёка ад змея праз пару, і поры, ды паўпары.
І пусьціў зьмей за жанчынай із роту свайго ваду, як раку, каб яна была зьнесена ракой.
І пусціў тады змей з пашчы сваёй за жанчынай струмень вады, каб яе вадою сцягнуць.
Але жанчыне памагла зямля, і адчыніла зямля рот свой і праглынула раку, якую пусьціў быў дракон із роту свайго.
І дапамагла жанчыне зямля, бо раскрыла зямля вусны свае і праглынула раку, якую выпусціў дракон са сваёй пашчы.
І раз'юшыўся дракон на жанчыну і пайшоў ваяваць з астатнімі з насеньня ейнага, якія выконваюць загады Бога і маюць сьведчаньне Ісуса Хрыста.
І ўзлаваўся дракон на жанчыну, і пайшоў ваяваць з астаткам яе нашчадкаў, якія трымаліся загадаў Божых і мелі сведчанне Ісуса [Хрыста].