Адкрыцьцё 14 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І глянуў (я), і вось Ягняк, Які стаіць на гары Сыёне, і зь Ім сто сорак чатыры тысячы, якія маюць Імя Бацькі Ягонага, напісанае на ілбах іхніх.
 
І глянуў я: і вось, Ягня стаіць на гары Сіён, і пры ім стаяць сто сорак чатыры тысячы, якія маюць на чолах сваіх напісанае імя Яго і імя Айца Яго.

І я пачуў голас зь неба, як шум водаў многіх, і як грымота грому моцнага; і я пачуў гучаньне гарпістаў граючы на гарпах сваіх.
 
І пачуў я голас з неба, быццам голас многіх водаў і быццам рэха магутных грымот; і голас, які чуў я, гучаў як голас гусляроў, што граюць на гуслях сваіх.

І яны пяюць быццам песьню новую перад Пасадам і перад чатырма жывёламі і старэйшынамі; і ніхто ня мог вывучыць гэтую песьню, акрамя ста сарака чатырох тысячаў адку́пленых ад зямлі.
 
І яны спяваюць быццам новую песню перад пасадам, і перад чатырмя жывёлінамі, і перад старымі. І ніхто не мог спяваць гэтай песні, апроч гэтых ста сарака чатырох тысяч, якія былі выкуплены з зямлі.

Гэта тыя, якія ня былі занячышчаны з жанчынамі, таму што яны нявіньнікі; яны ёсьць тыя, што ідуць усьлед за Ягняком, куды б Ён ні пайшоў. Яны адкуплены з людзей, пачатак (першакі) Богу і Ягняку.
 
Гэта тыя, што не спляміліся з жанчынамі і ёсць чыстыя. Гэта тыя, што ідуць за Ягнём, куды б Ён не ішоў. Гэта тыя, якія выкуплены з людзей як першынцы Богу і Ягняці,

І ў вуснах іхніх ня было знойдзена няшчырасьці, таму што яны бяздакорныя перад Пасадам Бога.
 
і ў вуснах іх не знойдзена хлусні; без заганы яны [перад пасадам Божым].

І ўбачыў я другога Ангела, які ляцеў пасярод неба, маючы Эвангельле вечнае, (каб) дабравесьціць жыхара́м зямлі і ўсякаму племяні і роду, і мове, і народу,
 
І бачыў я іншага анёла, які пралятаў праз сярэдзіну неба. Ён меў спрадвечнае Евангелле, каб абвяшчаць жыхарам зямлі, усякаму племю, і роду, і мове, і народу,

гаворачы голасам моцным: пабойцеся Бога і аддайце Яму славу, таму што наступіла гадзíна суду Ягонага, і пакланіцеся Стварыцелю неба і зямлі, і мора, і вытокаў водаў.
 
усклікваючы гучным голасам: «Бойцеся Бога і аддайце Яму славу, бо надыходзіць час суда Яго, і пакланіцеся Таму, Які стварыў неба і зямлю, мора і крыніцы водныя».

І іншы Ангел пайшоў (за ім), кажучы: упала, упала Бабілёнія, мясьціна (у сэнсе: места, горад) вялікая, таму што юрным віном блудадзеяньня свайго напаіла ўсе народы.
 
І другі анёл ляцеў за ім, кажучы: «Паў, паў Бабілон той вялікі, які паіў усе народы віном гневу распусты сваёй».

І трэйці Ангел пайшоў за імі, кажучы голасам моцным: калі хто пакланяецца зьверу і абразу ягонаму і прыймае кляймо на лоб свой ці на руку́ сваю,
 
І трэці анёл ляцеў за ім, гамонячы зычным голасам: «Калі хто паклоніцца зверу і абразу яго і атрымае меціну на чале сваім або на руцэ сваёй,

ён будзе піць віно гневу Бога прыгатаванае, няразбаўленае із чары гневу Ягонага, і будзе мучымы ў агні і серцы перад сьвятымі Ангеламі і перад Ягняком.
 
той будзе піць віно гневу Божага, якое змяшана без дадатку [вады] ў келіху гневу Яго. Агнём і серкай будзе мучаны той перад святымі анёламі і перад Ягнём.

І дым мукі іхнай будзе ўзыходзіць у вяках вякоў, і ня будуць мець спакою ні ўдзень, ні ўночы тыя, што пакланяюцца зьверу і абразу ягонаму, і калі хто прыймае кляймо ягонага імя.
 
І дым пакут іх узнімаецца на векі вечныя. Ані днём, ані ўночы не маюць супакою тыя, якія пакланяюцца зверу і абразу яго і калі хто будзе насіць меціну імя яго».

Тут стойкасьць сьвятых; тут тыя, хто выконвае прыказаньні Бога і веру Ісуса.
 
Тут вось цярплівасць святых, якія захоўваюць прыказанні Божыя і веру Ісуса.

І пачуў я голас зь неба, гаворачы мне: напішы: шчасьлівыя мёртвыя, што адгэтуль паміраюць у Госпадзе; так; — гаворыць Дух, — каб яны адпачылі ад цяжа́раў сваіх; а ўчынкі іхныя ідуць сьледам за імі.
 
І пачуў я голас з неба, які казаў мне: «Напішы: шчасныя памерлыя, якія ў Госпадзе паміраюць. Сапраўды, кажа Дух, яны супачынуць ад працы сваёй, бо ўчынкі іх ідуць за імі».

І глянуў я, і вось воблака сьветлае, а на воблаку Сядзяшчы, падобны Сыну Чалавечаму, маючы на Галаве Сваёй залаты вянок, і ў Руцэ Сваёй серп востры.
 
І ўбачыў я: і вось, воблака яснае, і на воблаку сядзеў Нехта, падобны да Сына Чалавечага, і на галаве меў Ён залаты вянец, а ў руцэ трымаў востры серп.

І другі Ангел выйшаў са Сьвятыні, гукнуўшы моцным голасам Сядзяшчаму на воблаку: пашлі серп Твой і пажні, таму што прыйшоў для Цябе час пажа́ць, таму што сасьпела жніво зямлі.
 
І іншы анёл выйшаў са святыні, усклікаючы гучным голасам да Таго, Хто сядзіць на воблаку: «Пашлі серп Твой і жні, бо прыйшоў час, каб жаць, бо даспела жніво зямлі».

І кінуў Сядзяшчы на воблаку серп Свой на зямлю, і была пажата зямля.
 
І Той, што сядзеў на воблаку, пусціў серп Свой на зямлю, і зжата была зямля.

І другі Ангел выйшаў са Сьвятыні, што на небе, сам маючы таксама серп востры.
 
І выйшаў іншы анёл са святыні нябеснай, трымаючы таксама серп востры.

І другі Ангел выйшаў ад ахвярніку, маючы ўладу над агнём, і ўсклікнуў крыкам моцным да маючага серп востры, кажучы: пашлі твой серп востры і зрэж вінаградныя гронкі зямлі, таму што сасьпелі вінаградныя гронкі яе.
 
І яшчэ іншы анёл, маючы ўладу над агнём, [выйшаў] ад ахвярніка і ўсклікнуў зычным голасам да таго, які трымаў востры серп, кажучы: «Пашлі серп твой востры і абрэж гронкі вінаграду зямлі, бо даспелі ягады яго».

І кінуў Ангел серп свой на зямлю, і зрэзаў вінаград зямлі, і кінуў (яго) у вялікую чавільню гневу Бога.
 
І кінуў анёл серп свой востры на зямлю, і абрэзаў вінаград зямлі, і ссыпаў гронкі ў вялікую ступу гневу Божага.

І патаптана была чавільня вонках места, і пацякла кроў із чавільні аж да аброцяў коняў на тысячу шасьцьсот стадыяў.
 
І выціснулі ў ступе вінаград за горадам, і пацякла кроў са ступы аж да цугляў коней на тысячу шэсцьсот стадый.