Дзеі 11 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Апосталы ж і браты, што былí ў Юдэі, пачулі што пагане прынялі Слова Бога.
Апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, даведаліся, што і язычнікі прынялі слова Божае.
І калі Пётра ўзыйшоў да Ярузаліму, яго дакаралі тыя, што з абрэзаных,
Калі Пётр увайшоў у Ерузалем, абрэзаныя дакаралі яго, кажучы:
кажучы: да няабрэзаных мужчын хадзіў (ты) і еў зь імі.
«Ты хадзіў да неабрэзаных і еў з імі!»
І пачаўшы Пётра расказаў ім па парадку кажучы:
Пётр пачаў ім тлумачыць па парадку, кажучы:
Я быў у месту Іоппа молячыся, і ўбачыў у захапленьні зьяву: апускаўся нейкі посуд, як вялікі абрус, за чатыры бакі апуска́ямы зь неба, і (ён) апусьціўся да мяне;
«Я быў у горадзе Яфе і маліўся. У захапленні ўбачыў візію: нейкае начынне, нібы вялікае палатно, чатырма канцамі спускалася з неба і наблізілася аж да мяне.
угледзіўшыся ў яго (я) разглядаў і ўбачыў чацьвераногіх зямлі і дзікіх жывёлін, і паўзуноў, і птушак нябесных.
Я ўважліва прыгледзеўся да яго і ўбачыў чатырохногіх зямных звяроў, паўзуноў і птушак нябесных.
І пачуў (я) голас які гаворыць мне: Пётра ўстаўшы забівай і еш,
Затым пачуў голас, які казаў мне: “Уставай, Пётр, забівай ды еш!”
а я сказаў: ні ў якім разе, Госпадзе! бо нішто паганае альбо нячыстае ніколі ня ўвахо́дзіла ў вусны мае.
Але я сказаў: “Ні ў якім разе, Пане, бо ніколі нішто апаганенае ці нячыстае не ўваходзіла ў мае вусны!”
І адказаў мне голас зь неба ў другі раз: што Бог ачысьціў ты ня пага́нь.
Голас з неба другі раз сказаў мне:
І сталася гэта тройчы; і ізноў усё падняло́ся на неба.
“Што Бог ачысціў, таго не называй нячыстым”. Гэта было тройчы, і зноў усё было забрана ў неба.
І вось, у тую ж часіну трое мужчын падыйшлі да дому, дзе я быў, пасланыя да мяне з Кесары.
У тую самую хвіліну тры чалавекі, пасланыя да мяне з Цэзарэі, з’явіліся каля дому, у якім мы былі.
І сказаў мне Дух ісьці разам зь імі, ані ня сумняваючыся. Пайшлі ж са мною таксама шэсьць гэтых братоў, і мы прыйшлі ў дом таго мужчыны.
Дух сказаў мне ісці разам з імі без ваганняў. Пайшлі са мною і гэтыя шэсць братоў. Мы ўвайшлі ў дом таго чалавека.
Ён нам расказаў, як (ён) убачыў у сваім доме Ангела, які стаў і сказаў яму: пашлі ў Іоппу мужчын ды пакліч Сымона, называнага Пятром,
Ён нам расказаў, што ўбачыў у сваім доме анёла, які сказаў яму: “Пашлі ў Яфу і пакліч Сымона, якога завуць Пётр.
ён скажа табе словы, празь якія збаўлены будзеш ты і ўвесь дом твой.
Ён абвесціць табе словы, якімі збавішся ты і ўвесь твой дом”.
Калі ж я пача́ў гаварыць, зыйшоў Дух Сьвяты на іх як і на нас напачатку.
А калі я пачаў прамаўляць, сышоў на іх Дух Святы, як і на нас спачатку.
Я прыпомніў тады Слова Госпада, як Ён казаў: Яан хрысьціў вадою, а вы будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым.
Тады я ўспомніў слова Пана, як Ён казаў: “Ян хрысціў вадою, а вы будзеце ахрышчаныя Духам Святым”.
Калі ж Бог даў ім дар такі ж, як і нам паверыўшым у Госпада Ісуса Хрыста, дык хто я (такí), каб пярэчыць Богу?
Калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, якія паверылі ў Пана Езуса Хрыста, то хто я такі, каб пярэчыць Богу?»
Выслухаўшы ж гэта (яны) супакоіліся і славілі Бога, кажучы: Дык і паганам Бог даў пакаяньне на жыцьцё.
Калі пачулі гэта, супакоіліся і праславілі Бога, кажучы: «Вось жа і язычнікам даў Бог пакаянне дзеля жыцця».
А вось тыя, што расьцярушыліся цераз бяду, якая здарылася пры Сьцяпане прайшлі аж да Хвінікі і Кіпру, і Антыёхі нікому ня кажучы Слова адно толькі жыдом.
Тыя, хто рассеяўся з-за ганенняў, што сталіся пасля Стэфана, дайшлі аж да Феніцыі, Кіпра і Антыёхіі, і нікому, апроч юдэяў, не абвяшчалі слова.
Былі ж сярод іх нікато́рыя мужчыны кіпрыйцы і кірэнэйцы, якія ўвайшоўшы ў Антыёху, прамаўлялі да элліністаў дабравесьцячы (ім) Госпада Ісуса.
Некаторыя з іх былі з Кіпра і Кірэнэі. Яны прыйшлі ў Антыёхію і прамаўлялі таксама да грэкаў, абвяшчаючы Евангелле пра Пана Езуса.
І была́ Рука́ Госпада зь імі. І вялікая лічба, увераваўшы, навярнулася да Госпада.
А рука Пана была з імі, і вялікае мноства паверыла і навярнулася да Пана.
І дайшло слова пра іх да вушэй царквы, што ў Ярузаліме; і паслалі Барнабу пайсьці ажно ў Антыёху.
Вестка пра іх дайшла да Касцёла ў Ерузалеме. Тады ў Антыёхію паслалі Барнабу.
Які, прыйшоўшы і пабачыўшы ласку Бога, узрадаваўся ды ўгаво́рваў усіх каб (усёй) няпахіснасьцю сэрца трыма́ліся Госпада.
Калі ён прыйшоў і ўбачыў дзеянне Божай ласкі, узрадаваўся і заахвочваў усіх, каб шчырым сэрцам трывалі ў Пану.
Бо быў (ён) чалавек добры і поўны Духа Сьвятога, і веры. І многа народу навярнулася да Госпада.
Ён быў чалавек добры, поўны Духа Святога і веры, таму шмат людзей прыхілілася да Пана.
А Барнаба пайшоў у Тарс, каб адшука́ць Саўлу.
Потым Барнаба пайшоў у Тарс шукаць Саўла і,
І, знайшоўшы яго, прывёў у Антыёху. І сталася ім цэлы год зьбірацца ў гэтай царкве ды навучаць значную грамаду; і ўпяршыню вучні ў Антыёхі пача́лі называцца хрысьціянамі.
калі знайшоў яго, прывёў у Антыёхію. Увесь год яны працавалі разам у Касцёле і навучалі вялікую колькасць людзей. У Антыёхіі ўпершыню вучні былі названыя хрысціянамі.
У тыя ж дні зь Ярузаліму прыйшлі да Антыёхі прарокі.
У тыя дні прарокі прыбылі з Ерузалема ў Антыёхію.
І адзін ізь іх на імя Агаў устаўшы прадказаў праз Духа, што на ўсім сьвеце мае быць вялікі голад, і стаўся ён за кесара Кляўда.
Адзін з іх, па імені Агаў, устаў і, натхнёны Духам, прадказаў, што па ўсім свеце пачнецца вялікі голад. Ён і настаў пры імператары Клаўдзіі.
Дык вучні пастанавілі паслаць на дапамогу братом, што жывуць у Юдэі, кожын зь іх хто які меў дастатак.
Тады вучні вырашылі, што кожны паводле сваіх магчымасцяў пашле дапамогу братам, якія жылі ў Юдэі.
І ўчынілі гэта паслаўшы празьбітарам праз ру́кі Барнабы і Саўла.
І так зрабілі, паслаўшы сабранае старэйшынам праз Барнабу і Саўла.