1 Яна 5 разьдзел

Першае пасланьне Яна
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Кожны, хто верыць, што Ісус ёсьць Хрыстос, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць Таго, Хто нарадзіў, любіць і Таго, Хто Народжаны ад Яго.
 
Кожны, хто верыць, што Езус ёсць Месія, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць таго, хто нарадзіў, любіць і народжанага ад Яго.

Па гэтым пазнаём, што любім дзяцей Бога, калі любім Бога і прыказаньні Ягоныя спаўняем.
 
Па тым пазнаём, што мы любім дзяцей Божых, калі любім Бога і захоўваем Яго запаведзі.

Бо ў гэтым ёсьць любоў да Бога, каб (мы) прыказаньні Ягоныя спаўнялі. А прыказаньні Ягоныя ня цяжкія.
 
Бо любоў да Бога ёсць у тым, каб мы захоўвалі Ягоныя запаведзі, а запаведзі Яго не з’яўляюцца цяжкімі.

Бо ўсё, што народжана ад Бога, перамагае гэты сьвет, і гэта ёсьць перамога, якая перамагла гэты сьвет — ёсьць вера нашая.
 
Бо ўсё, што народжана ад Бога, перамагае свет. І гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера.

Хто ёсьць той, хто перамагае сьвет гэты, як ня той, хто верыць, што Ісус ёсьць Сын Бога?
 
Хто ж перамагае свет, калі не той, хто верыць, што Езус ёсць Сынам Божым?

Той, Хто прыйшоў праз ваду і кроў, гэта ёсьць Ісус Хрыстос, ня праз ваду толькі, але праз ваду і кроў; і Дух сьведчыць, бо Дух ёсьць праўда.
 
Езус Хрыстус прыйшоў праз ваду і кроў. Не толькі праз ваду, але праз ваду і кроў; і Дух сведчыць пра Яго, бо Дух — гэта праўда.

Затым: Тры сьведчаць на Небе: Ба́цька, Слова і Сьвяты Дух; і Гэтыя Тры ёсьць Адзін.
 
Бо трое тых, хто сведчыць:

І ёсьць Тры сьведкі на зямлі: Дух, Вада і Кроў, і (гэтыя) тры ёсьць Адзінага.
 
Дух, вада і кроў, і гэтыя тры — адно.

Калі прымаем сьведчаньне людзей, (дык) сьведчаньне Бога ёсьць большае, таму што гэта ёсьць сьведчаньне Бога, якім (Ён) засьведчыў аб Сыне Сваім.
 
Калі мы прымаем сведчанне людзей, то Божае сведчанне большае, бо гэта ёсць сведчанне Бога, якое Ён даў пра свайго Сына.

Хто ў Сына Бога верыць, мае сьведчаньне ў сабе, хто ня верыць Богу, той зрабіў Яго ілгуном, таму што ня паверыў у сьведчаньне, якім засьведчыў Бог аб Сыне Сваім.
 
Хто верыць у Божага Сына, той мае сведчанне ў самім сабе; хто не верыць Богу, той робіць Яго ілгуном, бо не паверыў сведчанню, якое Бог даў пра свайго Сына.

І гэтае сьведчаньне ёсьць аб тым, што Бог даў нам жыцьцё вечнае, і гэтае жыцьцё ёсьць у Сыне Ягоным.
 
Гэтае сведчанне ў тым, што Бог даў нам жыццё вечнае, і гэтае жыццё — у Ягоным Сыне.

Хто мае Сына, (той) мае жыцьцё; хто ня мае Сына Бога, (той) ня мае жыцьця.
 
Хто мае Сына, мае жыццё, а хто не мае Сына Божага, не мае жыцця.

Гэта я напісаў вам, веручым у Імя Сына Бога, каб вы ведалі, што маеце жыцьцё вечнае, і каб (вы) верылі ў Імя Сына Бога;
 
Я напісаў гэта вам, якія верыце ў імя Сына Божага, каб вы ведалі, што маеце вечнае жыццё.

і гэта ёсьць адвага, якую (мы) маем перад Ім, што калі што-небудзь просім па волі Ягонай, (Ён) слухае нас.
 
Давер, які мы маем да Яго, ёсць у тым, што, калі мы просім аб нечым згодна з Ягонай воляй, Ён чуе нас.

І калі мы ведаем, што Ён слухае нас, чаго б мы ні папрасілі, (то) ведаем (і тое), што (мы ўжо) маем прошанае, якое папрасілі ў Яго.
 
А калі ведаем, што Ён чуе нас, аб чым бы мы ні папрасілі, дык ведаем, што мы ўжо атрымалі тое, аб чым прасілі Яго.

Калі хто ўбачыў брата свайго, які грашыць грахом ня на сьмерць: і папросіць (Бога за яго, і Бог) дасьць яму жыцьцё, (маю на ўвазе тых, што) саграшаюць (грахом) ня на сьмерць. Ёсьць грэх на сьмерць: кажу, каб ня за таго (ён) маліўся.
 
Калі хто ўбачыць, што брат яго чыніць грэх, які не вядзе да смерці, няхай моліцца, і Бог дасць жыццё таму, хто чыніць грэх, які не вядзе да смерці. Але ёсць грэх, яківядзе да смерці, таму не кажу, каб ты маліўсяза такога.

Усякая нясправядлівасьць ёсьць грэх, але грэх ня на сьмерць.
 
Усялякая несправядлівасць — гэта грэх, але ёсць грэх, які не вядзе да смерці.

Мы ведаем, што кожны народжаны ад Бога, ня грэшыць, але народжаны ад Бога беражэ сябе, і ліхі ня можа яму пашкодзіць.
 
Мы ведаем, што кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не грашыць, бо Народжаны ад Бога захоўваеяго, і злы яго не кранае.

Мы ведаем, што мы ад Бога, і што ўвесь гэты сьвет ляжыць у зьле.
 
Ведаем, што мы ад Бога і што ўвесь свет знаходзіцца ў злым.

І ведаем, што Сын Бога прыйшоў і даў нам розум, каб (нам) пазнаваць Праўдзівага, і мы ёсьць у Праўдзівым, у Сыне Ягоным Ісусе Хрысьце. Ён ёсьць Праўдзівы Бог і Жыцьцё вечнае.
 
Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і даў нам разуменне, каб мы пазналі Праўдзівага. І мы — у Праўдзівым, у Сыне Яго Езусе Хрысце. Ён — праўдзівы Бог і Жыццё вечнае.

Дзеці! Зьберагайце сябе ад ідалаў. Амін.
 
Дзеці, сцеражыцеся ідалаў!